Прысуджаны прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецпрэміі дзеячам культуры і мастацтва
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысудзіў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва. Кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведныя ўказы.
Па выніках 2020 года прысуджаны пяць прэмій "За духоўнае адраджэнне". Імі адзначаны працоўныя і аўтарскія калектывы, прадстаўнікі рэлігійнай і адукацыйнай арганізацый за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, якая садзейнічае захаванню і прымнажэнню нацыянальнага культурнага здыбытка, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, умацаванню духоўных каштоўнасцей і ідэй міласэрнасці.
За аднаўленне Тураўскага крыжа XII-XIII стагоддзяў прэмія прысуджана аўтарскаму калектыву ў складзе члена Беларускага саюза мастакоў Алены Андрушчанка, намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва - начальніка ўпраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры, старшыні Сінадальнага аддзела па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі Беларускай праваслаўнай царквы Марыі Нецвятаевай і дырэктара ТДА "Залаты платан" Алега Ермаловіча.
Высокай узнагароды за стварэнне мемарыяльнага комплексу на месцы спаленай вёскі Ала ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці ўдастоены аўтарскі калектыў у складзе галоўных архітэктараў праекта ААТ "Інстытут Гомельграмадзянпраект" Сяргея Пярвіцкага і Віктара Бельцюкова, а таксама члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Ізяслава Катлярова.
Прэмія "За духоўнае адраджэнне" прысуджана бацькам-выхавальнікам дзіцячага дома сямейнага тыпу ўпраўлення па адукацыі Салігорскага райвыканкама Таццяне і Андрэю Барытоль за значны ўклад у выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
За ўмацаванне ідэй гуманізму ў сучасным беларускім грамадстве, самаадданую працу па аказанні медыцынскай дапамогі насельніцтву ў перыяд эпідэміі COVID-19 узнагародай адзначаны калектыў Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Мінска.
Свяшчэннік Свята-Троіцкай царквы аграгарадка Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна Слуцкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Алег Абрамовіч удастоены прэміі за вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне духоўных каштоўнасцей сярод дзяцей і моладзі, арганізацыю дабрачыннай дзейнасці брацтва ў гонар Праабражэння Гасподняга.
За выдатныя дасягненні ў сферы музычнага мастацтва, музейнай і бібліятэчнай справы, журналістыкі, тэлебачання, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.
Аўтарскі калектыў у складзе галоўнага і вядучага бібліятэкараў аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна Юліі Касцюк і Івана Малініна ўдастоены спецпрэміі за значныя дасягненні ў справе выхавання любові да роднага краю, стварэнне інфармацыйных рэсурсаў, прысвечаных тэме малой радзімы.
Узнагародай адзначаны таксама аўтарскі калектыў у складзе дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдата гістарычных навук Вадзіма Лакізы, навуковага супрацоўніка Нацыянальнага парку "Белавежская пушча", магістра гістарычных навук Руслана Кнігі, галоўнага архітэктара праектаў філіяла "Брэстрэстаўрацыяпраект" ААТ "Белрэстаўрацыя" Вольгі Нічыпарчык за самаадданую працу па захаванні гістарычнай памяці беларускага народа, стварэнне археалагічнага музея пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы.
За вялікі ўклад у фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці грамадзян, стварэнне праекта "Гонар ЗА Беларусь" спецпрэмія прысуджана аўтарскаму калектыву ў складзе кіраўніка аналітычнага цэнтра "EcоoМ" ТАА "МЕДЫЯФАКТ-ЭКА" Сяргея Мусіенкі, аглядальніка рэдакцыі аддзела палітычнай інфармацыі выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Максіма Осіпава, начальніка аддзела падрыхтоўкі ілюстрацый упраўлення аб'яднанага сакратарыята выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Максіма Шніпа.
Калектыў Інстытута пагранічнай службы ўдастоены высокай узнагароды за значны ўклад у фарміраванне духоўных асноў падрастаючага пакалення, рэалізацыю маладзёжнага патрыятычнага праекта "Мужнасцю сваёй у бессмяротнасць крочыўшым".
Спецыяльнай прэміяй адзначаны таксама калектыў Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці - за выдатныя дасягненні ў справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, адраджэнне традыцыйнай тэхналогіі вырабу гліняных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння.
За значны ўклад у захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, рэалізацыю праекта Саюзнай дзяржавы па рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў Брэсцкай крэпасці прэміі ўдастоены калектыў мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой".
Калектыву Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прэмія прысуджана за адраджэнне і захаванне нацыянальных традыцый, развіццё сучасных напрамкаў мастацкай творчасці, значны ўклад у выхаванне дзяцей і моладзі.
Высокай узнагароды ўдастоены галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне міру і згоды ў грамадстве праз музыку, за рэалізацыю буйных рэспубліканскіх і міжнародных творчых праектаў.
Старшыня праўлення ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" Марат Маркаў адзначаны спецыяльнай прэміяй за стварэнне аўтарскіх тэлеперадач пра людзей, падзеі і дасягненні суверэннай Беларусі.
За значны асабісты ўклад у адраджэнне традыцый вырабу музычных інструментаў узнагарода прысуджана майстру народных інструментаў Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці - філіяла Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Мар'яну Скрамблевічу.


