Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 27 студзеня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў Малашку Валерыя Анатольевіча Міністрам аховы здароўя.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

  • Сенчука Уладзіміра Рыгоравіча - старшынёй Брэсцкага райвыканкама,
  • Дашкевіча Вячаслава Васільевіча - кіраўніком адміністрацыі Маскоўскага раёна г.Брэста,
  • Бурмістрава Уладзіміра Іванавіча - старшынёй Ельскага райвыканкама,
  • Казачка Сяргея Адамавіча - кіраўніком адміністрацыі Навабеліцкага раёна г.Гомеля,
  • Шалудзіна Ігара Яраслававіча - старшынёй Астравецкага райвыканкама,
  • Бялінскага Алега Генадзьевіча - кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г.Гродна,
  • Кунцэвіча Андрэя Міхайлавіча - намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама,
  • Найдзёна Паўла Іванавіча - старшынёй Бабруйскага райвыканкама,
  • Жыгуцкага Канстанціна Аляксандравіча - старшынёй Слаўгарадскага райвыканкама,
  • Віцюнова Васілія Уладзіміравіча - старшынёй Шклоўскага райвыканкама,
  • Пракопава Аляксандра Іванавіча - старшынёй Мсціслаўскага райвыканкама,
  • Ламакінай Алы Лявонаўны - намеснікам Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання,
  • Дурнова Вячаслава Віктаравіча - першым намеснікам Міністра спорту і турызму,
  • Крутога Дзмітрыя Мікалаевіча - першым намеснікам Міністра эканомікі,
  • Уцюпіна Паўла Уладзіміравіча - намеснікам Міністра эканомікі,
  • Чарвякова Аляксандра Віктаравіча  - намеснікам Міністра эканомікі,
  • Каранкевіча Віктара Міхайлавіча - першым намеснікам Міністра энергетыкі,
  • Пруднікавай Вольгі Піліпаўны - намеснікам Міністра энергетыкі,
  • Барташэвіча Дзмітрыя Пятровіча - намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі,
  • Дарожкі Анатолія Андрэевіча - старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці,
  • Забагонскага Сяргея Аляксандравіча - дырэктарам тапографа-геадэзічнага РУП "Белгеадэзія",
  • Жаромскага Станіслава Францішкавіча - генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства "Гомельбудматэрыялы",
  • Брышцелева Андрэя Сцяпанавіча - старшынёй праўлення адкрытага акцыянернага таварыства "Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі "Белінвестбанк",
  • Цумарава Уладзіміра Міхайлавіча - членам Магілёўскага аблвыканкама,
  • Ільюшчыца Юрыя Анатольевіча - членам Магілёўскага аблвыканкама.

Назначаючы Валерыя Малашку Міністрам аховы здароўя, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ён нядаўна атрымаў пасаду Міністра працы і сацыяльнай абароны. "Калі мы закранулі пытанне аб назначэнні Міністра аховы здароўя і мне прапанавалі дзясятка паўтара кандыдатур, самы высокі рэйтынг пры праверцы аказаўся ў вас. Усе давалі характарыстыкі, перш за ўсё ставячы вас на першае месца", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

"Не хачу сказаць, што пасада Міністра працы ў нас другарадная, але, згадзіцеся, пасада Міністра аховы здароўя - найважнейшая ў любой краіне, таму што гэта звязана са здароўем цэлай нацыі, нашага насельніцтва. Мне давялося выбіраць: згадзіцца з тым, што было, або прызнаць, што Малашка больш патрэбны ў якасці Міністра аховы здароўя, - сказаў Прэзідэнт. - Таму я прашу прабачэння, што так атрымалася, але грамадства лічыць, што Малашка павінен быць Міністрам аховы здароўя. І я з гэтым грамадствам згодны".

Таксама было адзначана, што Валерый Малашка доўгія гады прапрацаваў у сістэме аховы здароўя і заваяваў высокі аўтарытэт сярод прадстаўнікоў гэтай сферы.

Узгадняючы назначэнні сярод кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Кіраўнік дзяржавы звярнуў іх увагу на шэраг важных аспектаў.

"Сёння няпроста ўсім, але вам перш за ўсё, таму што вы твар у твар з людзьмі. Таму я вам вельмі ўдзячны. Я разумею, што людзі на вашых пасадах не самыя багатыя нават у нашай краіне. Таму мы сёння праводзім мерапрыемствы па аптымізацыі структур, у тым ліку скарачэнні. Гэтага вам баяцца не трэба. Паралельна мы павінны, вы перш за ўсё, узмацніць выканальніцкую дысцыпліну. Нават у рамках цяперашніх заканадаўчых актаў вы маеце вялікія правы і паўнамоцтвы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт лічыць, што ўладу кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў можна ўзмацніць. "Любы член выканкама, любая службовая асоба, якая пражывае на тэрыторыі раёна, павінна прыйсці ў выканкам і даць справаздачу. Не трэба дзяліць уладу. Вы галоўныя прадстаўнікі Прэзідэнта ў канкрэтным раёне на канкрэтнай пасадзе. Прыняў рашэнне выканкам - абавязкова для выканання ўсім у рамках закону. Не падабаецца начальніку раённага аддзела ўнутраных спраў, пракурору або начальніку ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі - яго права абскардзіць па інстанцыі. Але, калі гэта справядлівае і сумленнае рашэнне, ніхто яго не адменіць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Важным напрамкам у рабоце мясцовай улады павінна стаць узаемадзеянне з людзьмі. "Запушчана да немагчымасці. Мы вярнуліся да практыкі ўгавораў насельніцтва, што трэба прысядзібныя ўчасткі ў парадку ўтрымліваць, агароджы рамантаваць, дом пафарбаваць... Людзям трэба аддаваць распараджэнні, патрабаваць ад іх. Калі яны вас не чуюць, вы павінны прымаць радыкальныя меры. Мы можам захламіць краіну так, што потым ніколі не адчысцімся", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад асобныя пункты Дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. Адно з палажэнняў дакумента, у прыватнасці, дае права старшыням сельскага Савета вызваляць грамадзяніна ад выплаты падатку, калі чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. "Нават калі старшыня ў адным-двух выпадках памыліцца, краіна ад гэтага не пацерпіць. Вы выправіце, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Вы больш давайце магчымасцей (і адказнасці будзе больш) на месцах людзям: кіраўнікам прадпрыемстваў, старшыням сельскіх Саветаў".

З асаблівай адказнасцю выканаўчыя органы ўлады павінны падысці да пасяўной кампаніі, што набліжаецца. "Ужо сёння трэба думаць аб тым, як гэта рабіць. У кожным раёне дзве-тры цяжкія гаспадаркі. І вы ведаеце маё патрабаванне: гэта вашы гаспадаркі. Вы павінны бачыць гэтыя прадпрыемствы. Аж да таго каб перавесці на ручное кіраванне, але вы павінны ўсім паказаць, што і там можна працаваць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адной важнай задачай, якая стаіць перад органамі мясцовай улады, павінна стаць аднаўленне работы раённых прадпрыемстваў.

Асаблівая ўвага была звернута на недапушчальнасць учынення злачынстваў і правапарушэнняў. "Вы твар у твар з народам. Наш народ самы справядлівы. Нашы людзі ўбачаць усё, таму не падстаўляйцеся. Калі вы нават падумалі штосьці - гэта з часам будзе вядома: такое ў нас грамадства, з абвостраным пачуццём справядлівасці. Таму я вас прашу: не чапайце чужое, асабліва дзяржаўнае, - падкрэсліў беларускі лідар. - Гэта сур'ёзнае пытанне. Тут я ніколі не адступлю. Не трэба браць чужое".

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта было даручана ўстанавіць прамыя кантакты з кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, каб у выпадку неабходнасці абмеркаваць праблемы або пытанні, якія назбіраліся. "Трэба, каб яны са мной перагаварылі, вы мне скажыце - я ім пазваню, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Наталлі Качанавай. - Яны павінны мець пэўны доступ да Прэзідэнта: праз Кіраўніка Адміністрацыі, Прэм'ер-міністра - гэта трэба зрабіць".

Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў падтрымцы кіраўнікоў, якія праявілі сябе. "Іх трэба цаніць і падтрымліваць, асабліва нашых аксакалаў, якія працуюць на такіх пасадах, непасрэдна перад людзьмі па 7-10 гадоў", - перакананы Прэзідэнт.