Прывітанне ўдзельнікам і гасцям з'езда Саюза пісьменнікаў Беларусі

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям з'езда Саюза пісьменнікаў Беларусі.

    "Наша літаратура заўсёды была трывалым фундаментам нацыянальнай культуры, адной з невычэрпных крыніц мудрасці, духоўнасці і самасвядомасці народа, магутным сродкам фарміравання асобы грамадзяніна і патрыёта", - гаворыцца ў прывітанні.

    Прэзідэнт адзначыў, што лепшыя ўзоры класічных твораў, праўдзівае, натхнёнае слова сучаснага пісьменніка сталі здабыткам культурнай спадчыны Беларусі. "Ідучы ад праўды жыцця, вы сваім талентам і актыўнай пазіцыяй самааддана служыце Радзіме, замацоўваеце пазіцыі беларусаў як высокакультурнай нацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што з'езд СПБ вызначыць новыя магістральныя шляхі развіцця беларускай літаратуры, будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню высокіх маральных ідэалаў і традыцыйных каштоўнасцей, якія з'яўляюцца асновай духоўнай бяспекі грамадства.

    Прэзідэнт пажадаў удзельнікам і гасцям з'езда моцнага здароўя, творчага натхнення і плённай працы на карысць Айчыны.