Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь разгледзеў кадравыя пытанні
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 15 снежня разгледзеў кадравыя пытанні. Кіраўнік дзяржавы назначыў:
| Жылінскага Марата Генадзьевіча | - рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь; | |
| Галя Андрэя Вадзімавіча | - кіраўніком дзяржаўнай установы "Адміністрацыя Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка "Індустрыяльны парк "Вялікі камень"; | |
| Рэўта Вячаслава Генадзьевіча | - дырэктарам Дэпартамента фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржаўнага кантролю; | |
| Дземчука Мікалая Мікалаевіча | - Пастаянным паўнамоцным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры статутных і іншых органах Садружнасці Незалежных Дзяржаў. |
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
| Сташэўскага Сяргея Віктаравіча | - кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г.Віцебска; | |
| Алейнікава Дзмітрыя Вадзімавіча | - кіраўніком адміністрацыі Савецкага раёна г.Гомеля; | |
| Булака Аляксандра Іванавіча | - старшынёй Іўеўскага райвыканкама; | |
| Харужыка Генадзя Васільевіча | - старшынёй Смаргонскага райвыканкама; | |
| Галушкова Міхаіла Леанідавіча | - кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г.Магілёва; | |
| Лапцева Віктара Сяргеевіча | - намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама; | |
| Дземідзенкі Уладзіміра Уладзіміравіча | - генеральным дырэктарам ААТ "Магілёўскі завод | |
| Барадзіна Алега Ігаравіча | - генеральным дырэктарам дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання "Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах"; | |
| Луцкага Ігара Уладзіміравіча | - першым намеснікам Міністра інфармацыі; | |
| Ермаловіча Максіма Леанідавіча | - першым намеснікам Міністра фінансаў; | |
| Лапко Дзмітрыя Мікалаевіча | - намеснікам Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь; | |
| Даўгаполавай Вольгі Іванаўны | - Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Мілане (Італьянская Рэспубліка); | |
| Клімава Уладзіміра Васільевіча | - Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Даўгаўпілсе (Латвійская Рэспубліка); | |
| Захарчука Уладзіміра Андрэевіча | - членам Гомельскага аблвыканкама; | |
| Кухаўца Мікалая Мікалаевіча | - членам Мінскага аблвыканкама; | |
| Афанасьева Аляксея Віктаравіча | - членам Мінскага гарвыканкама. |
Звяртаючыся да прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады, Прэзідэнт даручыў аптымізаваць структуры падпарадкаваных ім арганізацый.
"Спецыяльна звяртаю на гэта ўвагу, каб мы нарэшце навялі парадак ва ўсіх сферах і галінах, а не чакалі нейкіх дадатковых указанняў. Усё павінна быць проста і зразумела", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы вельмі захапіліся ў свой час, яшчэ пры распадзе Савецкага Саюза, і пабеглі за нейкімі імпартнымі назвамі: холдынгі і іншае. У нас былі вытворчыя аб'яднанні, гэта тыя ж холдынгі я так разумею? Навошта іх было пераймяноўваць?! А цяпер з'явіліся холдынгі, вытворчыя аб'яднанні, яшчэ нешта там... Усё павінна быць проста і зразумела як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У нас таксама ў сельскай гаспадарцы было ўсё проста і зразумела: калгас, саўгас - усё. Цяпер там чорт нагу зломіць! Усё гэта трэба прыводзіць у нармальны, зразумелы стан да пачатку новай пяцігодкі. Я ўжо не кажу пра назвы. За назву таго ж калгаса, прадпрыемства барацьба ішла ў краіне. На вышэйшым палітычным узроўні прымаліся рашэнні. Цяпер старшыня таго ж калгаса захацеў абазваць яго мацерным словам - абзаве, і ўсё будзе нармальна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Займіцеся неадкладна з урадам гэтымі пытаннямі. Усё павінна быць проста і зразумела для людзей. І галоўнае - даходліва", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да ўзгодненага на пасаду намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама Віктара Лапцева, Кіраўнік дзяржавы ўзняў праблему даўгабудаў.
Паводле слоў Віктара Лапцева, у сталіцы будуецца 172 дамы, 4 дамы з'яўляюцца праблемнымі, яшчэ 15 таксама могуць быць праблемнымі.
"Чаму мы прынялі вычарпальныя меры, а праблемныя дамы зноў з'яўляюцца", - абурыўся Аляксандр Лукашэнка.
"У нас кіраўнікі адміністрацый нічым у Мінску не займаюцца. Я крытыкую старшынь райвыканкамаў за тое, што яны слаба варушацца, або ім улады не даюць, мы з гэтым разбіраемся, але кіраўнікі адміністрацый у Мінску наогул нічым не займаюцца!" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Яны сёння практычна стаяць убаку, - лічыць Прэзідэнт. - Іх трэба задзейнічаць па поўнай, і перш за ўсё для кантролю і дзейнасці па недапушчэнні праблем у адносінах да насельніцтва. Лічы: ЖКГ, адукацыя і, перш за ўсё, будаўніцтва. Я не разумею, як можна стварыць праблемную будоўлю цяпер?! Дакладна ўсё вызначылі: вось прадпрыемствы, якія маюць права будаваць, вось кантралёр, людзі даюць грошы, ёсць дагавор - выконвайце яго!"
"Не гледзячы ні на каго, вы гэту праблему павінны вырашаць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ёсць той, хто плаціць. Я ўпэўнены, што людзі плацяць сумленна, па дагаворы. Ёсць тыя, хто павінен будаваць. Баюся, што там праблемы ў будаўнікоў. Іменем рэвалюцыі вы павінны вырашыць гэтыя пытанні! У адваротным выпадку, я проста хачу паўтарыць, - усе сядуць!"
"Я не дапушчу больш, каб людзі звярталіся да вас, а ў галаве мелі на ўвазе заўсёды Прэзідэнта, чаму няма парадку, а так і бывае, і яны маюць рацыю. Таму я выкарыстоўваю і крайнія метады для навядзення парадку", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму вы са старшынёй гарвыканкама вызначыцеся і дамоўцеся, каб гэтых праблем не было. Гэта ваша найважнейшая задача. Вы ведаеце, як гэта рабіць. Вы прыйшлі з Камітэта дзяржкантролю. Чытай - сумленны чалавек, прынцыповы, таму дзейнічайце", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Віктара Лапцева.
Закраналася таксама сітуацыя на знешніх рынках.
"Год асаблівы, сітуацыя няпростая. Вы бачыце, як прасела Расія, а гэта наш асноўны рынак, вы бачыце, што адбываецца ва Украіне, адным з асноўных нашых рынкаў, вайна ідзе, ім сёння не да пакупак, тым больш складанабытавой тэхнікі і складанатэхнічнай прадукцыі: МАЗаў, БелАЗаў, трактароў і г.д., - адзначыў Прэзідэнт. - Але гэта не значыць, што мы з вамі складзём рукі і будзем чакаць лепшых часоў - не! Што толькі можна сёння, мы павінны зрабіць, каб уратаваць нашу вытворчасць і не выкінуць людзей на вуліцу".
Кіраўнік дзяржавы зноў акцэнтаваў увагу на неабходнасці дыверсіфікацыі экспарту.
"Мы не можам увесь час маліцца на адну Расію, хоць гэта і брацкая нам краіна. Таму што бачыце, адзін гэты рынак абваліўся, і мы следам паляцелі. Так, у нас некалі 85 працэнтаў прадавалася на расійскі рынак, сёння ўжо 40-45 працэнтаў. Так, мы зменшылі залежнасць ад аднаго рынку, але, як відаць, гэта яшчэ мала. Плюс дабавілася Украіна. Не думаю, што лепшая сітуацыя і ў Казахстане. Таму любой цаной мы павінны выходзіць на новыя рынкі. І гэта можна", - лічыць Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, аб гэтым сведчыць выхад шэрага беларускіх прадпрыемстваў на амерыканскія рынкі. "Зняты ўсялякія санкцыі, і мы з імі гандлюем. Значыць, можна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што кіраўнікі мясцовай вертыкалі ўлады павінны таксама ўнікаць у работу прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі, нягледзячы на іх ведамасную падпарадкаванасць. "Майце на ўвазе: чужых прадпрыемстваў на тэрыторыі вашых раёнаў няма. Яны ўсе вашы. Вы ў гэтых раёнах прэзідэнты, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму не саромейцеся туды заходзіць, патрабаваць ад іх: дайце вынік!"
"Сітуацыя, яшчэ раз падкрэсліваю, у свеце няпростая, а тым больш у нашым рэгіёне. Павінен сказаць, што такой сітуацыі наогул ніколі не было. І нам у гэтай сітуацыі трэба паказаць сваю жыццяздольнасць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Наступны год - гэта наш экзамен. Як бы ні было складана, нас людзі павінны зразумець, а каб яны нас зразумелі, трэба даць вынік, як бы цяжка ні было".
Узгадняючы назначэнне новага кіраўніка Магілёўскага завода "Строммашына" Уладзіміра Дземідзенкі, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў шукаць новыя рынкі збыту прадукцыі, прычым рабіць гэта трэба з улікам запатрабаванасці тавараў як на ўнутраных, так і на знешніх рынках. Прэзідэнт лічыць недапушчальнай сітуацыю, калі прадпрыемства працуе на склад. У сучасных умовах важна не проста вырабіць, але выгадна прадаць прадукцыю. І менавіта з гэтага трэба зыходзіць, выбудоўваючы стратэгію дзеянняў на перспектыву, перакананы Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запатрабаваў актыўнай работы і ад кіраўніка Адміністрацыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка Андрэя Галя.
"На тармазах працаваць не атрымаецца, нам трэба разгортваць парк, калі прынята такое рашэнне. Кітайцы - за гэта", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён удакладніў, што ў парку павінны быць прадпрыемствы з самымі найвышэйшымі сучаснымі тэхналогіямі.
"Мы там задумалі вялікую справу, і яе трэба рэалізаваць. Але галоўнае - гэта ісці роўна. Зрабіце вывады з няправільнай работы Мінгарвыканкама мінулых гадоў, калі былі ваганні - дагадзіць каму-небудзь. Дагадзіць можна толькі аднаму - справе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Назначая рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Марата Жылінскага, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў удасканалення работы па падрыхтоўцы кіраўнікоў. Гэта адзіная ВНУ, якая дзейнічае пры Прэзідэнце, адсюль - асабліва высокія патрабаванні, што прад'яўляюцца. Акадэміі кіравання належыць вядучая роля ў рэалізацыі кадравай палітыкі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта ключавая ВНУ, дзе фарміруецца кіраўніцкая эліта краіны, ад прафесіяналізму якой залежыць дынаміка развіцця Беларусі. Таму перад калектывам акадэміі стаіць задача навучання кіраўнікоў новай фармацыі. Менавіта тут павышаюць кваліфікацыю кіраўнікі розных звёнаў і спецыялісты сферы кіравання, якія ў далейшым будуць займаць кіруючыя пасады на прадпрыемствах, у рэгіёнах, а таксама ў органах улады.
"Вы рыхтуеце кадравы рэзерв. Мне хацелася б, каб, напрыклад, пры назначэнні я адкрыў папку і паглядзеў: вось гэты чалавек скончыў Акадэмію кіравання, значыць, у яго ўжо ёсць задаткі будучага кіраўніка, - адзначыў Прэзідэнт. - Трэба падумаць, куды яго можна назначыць, а пасля накіроўваць па ступеньках на іншыя кіруючыя пасады. Але ён павінен быць у нашым банку даных. Вось гэта для мяне важна".
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў звярнуць асаблівую ўвагу на фарміраванне банка даных адоранай моладзі і прапанаваў новаму рэктару Акадэміі кіравання ўнесці па ім свае прапановы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер краіна знаходзіцца ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, і ў гэтых умовах важна не проста выжыць, а вырвацца наперад. А рэалізаваць гэту задачу можна толькі пры наяўнасці добрых кадраў - кіраўнікоў і высокакваліфікаваных спецыялістаў. У гэтым плане вялікія надзеі ўскладаюцца на Акадэмію кіравання.
"У вас няпростая задача і часу на разварушванне няма, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Трэба ўзмоцнена працаваць, напружвацца. Патрабаванне за вынік будзе сур'ёзнае".