Сустрэча з прэм'ер-міністрам Азербайджана Артурам Таір аглы Расі-задэ
- 1
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 23 ліпеня ўручыў ордэн Дружбы народаў прэм'ер-міністру Азербайджана Артуру Таір аглы Расі-задэ.
Высокай узнагароды Артур Таір аглы Расі-задэ ўдастоены за значны асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Азербайджанам.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў яго склаліся дружалюбныя адносіны з кіраўніцтвам Азербайджана. "Я магу па пальцах адной рукі пералічыць такія адносіны з іншымі кіраўнікамі дзяржаў", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Паводле яго слоў, значны ўклад у дасягненне такога ўзроўню ўзаемаразумення ўнёс Артур Таір аглы Расі-задэ. "Усюды вы ўнеслі свой значны ўклад, пачынаючы ад нашых асабістых адносін з прэзідэнтам цяперашнім, мінулым, і ў адносінах паміж народамі і дзяржавамі".
Прэзідэнт Беларусі выказаў перакананасць, што прэм'ер-міністр Азербайджана з удзячнасцю прыме высокую ўзнагароду і заўсёды будзе ёю ганарыцца.
![]()
У сваю чаргу Артур Таір аглы Расі-задэ прызнаўся, што вельмі крануты ўвагай, з якой Прэзідэнт Беларусі ставіцца да Азербайджана. "Прыношу Вам вялікую, шчырую ўдзячнасць ад усяго сэрца за высокую ацэнку маёй сціплай працы. Я гэту ўзнагароду адношу да ўсіх тых, хто ўносіў і ўносіць уклад у развіццё нашых усебаковых адносін", - адзначыў Артур Таір аглы Расі-задэ. "Да таго часу, пакуль будзе біцца маё сэрца, незалежна ад займаемых пасад, я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб нашы адносіны развіваліся", - дадаў ён.
Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што ў Азербайджане ганарацца існуючымі з Беларуссю адносінамі. "Азербайджанскі народ заўсёды з пачуццем вялікай любові ставіўся і ставіцца да Беларусі, - сказаў Артур Таір аглы Расі-задэ. - Мы прыкладзём усе намаганні для таго, каб тая база, якая створана, дружалюбныя, брацкія адносіны паміж нашымі краінамі і народамі развіваліся".
У прыватнасці, у час сустрэчы абмяркоўваліся пытанні стварэння новых сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці ў Азербайджане беларускай тэхнікі, цэнтраў па яе абслугоўванні і іншыя перспектыўныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва.