Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2012 год
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2012 год. Адпаведны Указ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 17 лютага.
На рэалізацыю праграмы выдзяляецца Br3568,7 млрд., з іх Br3560,2 млрд. - з рэспубліканскага бюджэту (у тым ліку Br74,6 млрд. - з рэзервовага фонду Прэзідэнта Беларусі і Br706 млрд. - з дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця).
Праграмай прадугледжваецца будаўніцтва 303 сацыяльна значных аб'ектаў. Сродкі рэзервовага фонду Прэзідэнта будуць выкарыстаны на рэканструкцыю з частковай рэстаўрацыяй будынка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы, а сродкі дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця - на будаўніцтва (рэканструкцыю) аб'ектаў кінастудыі "Беларусьфільм", комплексу "Студэнцкая вёска", Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы" і атамнай электрастанцыі, а таксама на будаўніцтва аўтамабільных дарог вакол Мінска і Гродна, Нацыянальнага парку "Белавежская пушча" і іншых дарог.
У цэлым рэалізацыя праграмы дасць магчымасць у 2012 годзе забяспечыць увод у эксплуатацыю корпуса факультэта міжнародных адносін БДУ, інтэрнатаў у комплексе "Студэнцкая вёска", Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў г.Горкi, Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску, для спецыялістаў ААТ "Івацэвічдрэў", маласямейнага інтэрната ў Шклове для рабочых і спецыялістаў ААТ "Папяровая фабрыка "Спартак", а таксама рыбаводнага індустрыяльнага комплексу па вырошчванні рыбапасадачнага матэрыялу ласасёвых відаў рыб з выкарыстаннем сістэмы замкнёнага водазабеспячэння і вучэбна-навукова-вытворчай малочнатаварнай фермы Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, крытага манежа з канюшняй Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па конным спорце і конегадоўлі ў пасёлку Ратамка, Духоўна-адукацыйнага цэнтра Беларускай праваслаўнай царквы ў Мінску, агульнаадукацыйнай школы ў Мазыры, навучальна-педагагічнага комплексу ў вёсцы Бараўляны Мінскага раёна, лядовай арэны ў г.Горкi.
Акрамя таго, будзе завершана рэканструкцыя будынка хірургічнага корпуса Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра ў Мінску, басейна Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, аб'ектаў алімпійскага спартыўнага комплексу "Стайкі", збудаванняў Каралеўскага канала, адміністрацыйнага будынка НДЭІ Мінэканомікі, рэстаўрацыя з аднаўленнем храма Збавіцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна, хірургічнага корпуса раённай бальніцы ў г.Горкi, першая чарга рэстаўрацыі Косаўскага палацава-паркавага ансамбля, аб'ектаў Цэнтральнага батанічнага саду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і іншых аб'ектаў.
Будзе прадоўжана будаўніцтва вучэбна-жыллёвага комплексу на 800 месц на тэрыторыі Ваеннай акадэміі Беларусі для навучання замежных ваеннаслужачых, інтэрнатаў у "Студэнцкай вёсцы", лячэбнага корпуса для размяшчэння радзільнага дома і хірургічнага аддзялення, пешаходнага моста цераз р.Заходняя Дзвіна ў Полацку, палаца гульнявых відаў спорту ў Полацку, лядовага палаца КСУП "Хакейны клуб "Хімік" Наваполацка.
Будзе таксама прадоўжана рэканструкцыя замкавага комплексу ў г.п.Мір, РНПЦ "Маці і дзіця", аб'ектаў БНТУ, БДУ, БДСГА, БАТУ, рэспубліканскага піянерскага лагера "Зубраня", аб'ектаў Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы", рэканструкцыя з рэстаўрацыяй Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, сядзібы Агінскага ў вёсцы Залессе Смаргонскага раёна, касцёла Божага цела ў Нясвіжы, Свята-Васкрасенскага сабора ў Барысаве, іншых аб'ектаў.
Пачнецца будаўніцтва адміністрацыйнага будынка ў Мінску на тэрыторыі ў межах вул.Арлоўская - пр.Пераможцаў - р.Свіслач, адміністрацыйнага будынка раённых інспекцый МПЗ у Гродне, Заходняга абходу Брэста, спальнага корпуса з харчаблокам для Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі, рэканструкцыя будынка студэнцкага інтэрната БДАТУ і іншых аб'ектаў.