Прадстаўнікі сфер журналістыкі, культуры і мастацтва ўдастоены дзяржаўных узнагарод

    Прадстаўнікі сфер журналістыкі, культуры і мастацтва ўдастоены дзяржаўных узнагарод. Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны дырэктар Нацыянальнага філіяла (прадстаўніцтва) Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" у Беларусі Уладзімір Пярцоў, медаля Францыска Скарыны ўдастоена загадчыца аддзела палітычных аглядальнікаў галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Вольга Макей. Ганаровае званне "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь" прысвоена артысту эстрады Аляксандру Саладуху.

    Дзяржаўныя ўзнагароды прысуджаны за шматгадовую плённую працу, вялікі асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай журналістыкі, стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы, удасканаленне беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне тэлебачання і радыё, значныя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва.

    Кіраўнік дзяржавы таксама падпісаў Распараджэнне, якім Падзяка Прэзідэнта Беларусі аб'яўлена шэрагу работнікаў беларускіх сродкаў масавай інфармацыі за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у асвятленне важных падзей грамадска-палітычнага жыцця краіны.

    Падзякі Прэзідэнта ўдастоены намеснік начальніка аддзела Беларускага тэлеграфнага агенцтва Яўген Ваньшын, намеснік начальніка аддзела спецыяльных праектаў галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Наталля Ждановіч і намеснік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Сяргей Хамянтоўскі, а таксама галоўны рэдактар дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" Вольга Юруць.