Прадстаўнікі розных сфер дзейнасці ўдастоены дзяржаўных узнагарод

    Работнікі розных сфер удастоены дзяржаўных узнагарод за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, прафесіяналізм і самаадданасць у надзвычайнай сітуацыі, дасягненне высокіх паказчыкаў у нафтахімічнай вытворчасці і будаўніцтве, значны асабісты ўклад у развіццё ваенна-прамысловага комплексу рэспублікі, навуковай і педагагічнай дзейнасці, сферы аховы здароўя і медыцынскай дапамогі насельніцтву, адукацыі, мастацтва і культуры. Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    Намеснік старшыні Следчага камітэта Валерый Гайдучонак узнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме" III ступені.

    Работнік "Магілёўэнерга" Вадзім Герасімовіч удастоены ордэна "За асабістую мужнасць".

    Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны дырэктар прадпрыемства "Мінатор-Сэрвіс" Валерый Грабеншчыкоў і ўрач-гігіеніст (загадчык) аддзялення радыяцыйнай гігіены Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзімір Зіновіч. Гэтай жа ўзнагародай адзначаны заслугі намесніка старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Сукалы і галоўнага ўрача Гомельскага абласнога эндакрыналагічнага дыспансера Марыі Тулупавай.

    Шэраг работнікаў розных прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікоў сілавых структур узнагароджаны медалямі "За адзнаку ў воінскай службе", "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку", "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый", "За працоўныя заслугі", медалём Францыска Скарыны. Указам таксама прысвойваюцца ганаровыя званні "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь", "Заслужаны работнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь" і "Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь".