Віншаванне з 30-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і В'етнамам

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне Прэзідэнту Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам Нгуен Суан Фуку з 30-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі.

    "Беларусь і В'етнам маюць шмат агульнага: нашы народы абаранялі права на пабудову суверэнных і незалежных дзяржаў, змагаліся за сваё месца ў свеце. Беларуска-в'етнамскае ўзаемадзеянне праверана часам і прадаўжаецца больш як 30 гадоў. У цяжкія моманты мы ніколі не адмаўлялі адзін аднаму ў братэрскай дапамозе", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін бакі зрабілі значныя крокі наперад, наладзілі ўстойлівыя палітычныя кантакты, якія вызначаюцца высокім узроўнем павагі і даверу.

    Аляксандр Лукашэнка з цеплынёй успомніў аб сваіх візітах у Ханой, у час якіх адчуў сапраўдную в'етнамскую гасціннасць, асабіста пераканаўся ў мудрасці кіраўніцтва В'етнама, якое робіць усё неабходнае для паляпшэння дабрабыту грамадзян.

    "Разлічваю, што мы зможам надаць нашаму супрацоўніцтву новую дынаміку. Са свайго боку буду аказваць умацаванню сувязей у розных сферах усялякую падтрымку", - запэўніў беларускі лідар.

    Ён пажадаў Прэзідэнту В'етнама здароўя і далейшых поспехаў, а дружалюбнаму народу гэтай краіны - міру і працвітання.

    У сваю чаргу Нгуен Суан Фук таксама накіраваў у адрас Кіраўніка беларускай дзяржавы віншавальнае пасланне. "В'етнам лічыць Беларусь сваім блізкім сябрам і надзейным партнёрам і жадае ўмацоўваць шматпланавае супрацоўніцтва з Беларуссю. За апошнія 30 гадоў лідары і народы дзвюх краін прыклалі шмат намаганняў для ўмацавання в'етнама-беларускай дружбы і задавальнення спадзяванняў кожнай краіны. Супрацоўніцтва ў розных галінах дало значныя вынікі", - гаворыцца ў віншаванні.

    Нгуен Суан Фук выказаў упэўненасць, што дзякуючы велізарнаму патэнцыялу і рашучасці кіраўнікоў і народаў дзвюх краін узаемавыгаднае супрацоўніцтва паміж В'етнамам і Беларуссю будзе і далей пашырацца на карысць народаў дзвюх краін, у імя міру і стабільнасці. "Няхай традыцыйная дружба і шматграннае супрацоўніцтва паміж В'етнамам і Беларуссю пастаянна ўмацоўваюцца і развіваюцца!" - пажадаў в'етнамскі лідар.

    Беларускай дзяржаве ён пажадаў працвітання, а народу - шчасця. У сваю чаргу Аляксандру Лукашэнку Нгуен Суан Фук адрасаваў пажаданні моцнага здароўя, шчасця і поспехаў.