Віншаванне ветэранам камсамольскага руху і прадстаўнікам БРСМ

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў ветэранаў камсамольскага руху і прадстаўнікоў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі са 105-годдзем з дня ўтварэння Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі.

    "Гэта свята ўвасабляе ўласцівае маладосці імкненне ствараць, адкрываць новыя гарызонты, быць лепшым і ніколі не спыняцца на дасягнутым, - гаворыцца ў віншаванні. - Узнікнуўшы з нетраў рэвалюцыйных пераўтварэнняў пачатку ХХ стагоддзя, энергія маладзёжнага руху выступіла магутнай стваральнай сілай у станаўленні савецкай дзяржавы, супраціўленні ворагу ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, здзяйсненні працоўных подзвігаў у пасляваенныя гады, фарміраванні асноў будучага справядлівага светаўладкавання".

    Камсамол па праву быў і застаецца сапраўднай школай жыцця, дзе юнакі і дзяўчаты вучацца мужнасці, стойкасці, дабрыні, дружбе, пачуццю пляча, падкрэсліў беларускі лідар.

    Працягваючы лепшыя традыцыі УЛКСМ, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі развівае валанцёрства, рух навукова-тэхнічнай творчасці, фізкультурна-спартыўны комплекс ГПА, арганізуе атрады аховы правапарадку, адзначыў Прэзідэнт, дадаўшы, што ў бягучым годзе спаўняецца 60-годдзе студатрадаўскага руху.

    "Беларусь захоўвае пераемнасць у грамадска-палітычным развіцці, тым самым будуе сваю будучыню на трывалым фундаменце патрыятызму", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

    Кіраўнік дзяржавы пажадаў ветэранам камсамольскага руху і прадстаўнікам БРСМ здароўя, дабрабыту, невычэрпнага натхнення, поспехаў ва ўвасабленні ў жыццё намечаных у імя Радзімы планаў.