Віншаванне з Днём танкіста

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў ветэранаў-танкістаў, ваеннаслужачых механізаваных злучэнняў, танкавых воінскіх часцей і падраздзяленняў Узброеных Сіл і танкарамонтных прадпрыемстваў з Днём танкіста.

    "Воіны-танкісты заўсёды вызначаліся доблесцю, адвагай і мужнасцю. Менавіта танкавыя войскі адыгралі ключавую ролю пры вызваленні рэспублікі ў ходзе стратэгічнай наступальнай аперацыі "Баграціён" і канчатковым разгроме нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што маладое пакаленне абаронцаў Айчыны свята захоўвае і прымнажае традыцыі франтавікоў, настойліва ўдасканальвае баявое майстэрства, а танкавыя падраздзяленні Узброеных Сіл, аснашчаныя мадэрнізаванымі ўзорамі бранятанкавай тэхнікі і ўзбраення, з'яўляюцца надзейным звяном у сістэме забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы.

    "Перакананы, што воіны-танкісты і ў далейшым будуць надзейна стаяць на варце міру, ахоўваючы суверэнітэт і незалежнасць Айчыны, з'яўляючыся прыкладам адданага служэння сваёй краіне і народу", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў воінам-танкістам і іх сем'ям шчасця, дабрабыту і працвітання, а таксама новых ратных поспехаў на карысць роднай Беларусі.