Віншаванне народу Латвіі з нацыянальным святам

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускіх грамадзян і сябе асабіста павіншаваў народ Латвіі з нацыянальным святам - Днём абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што незалежнасць - гэта не толькі бясцэнная каштоўнасць, якая дазваляе здзейсніць мару народа аб светлай будучыні сваёй краіны, але і вялікая адказнасць за дасягненне пастаўленай мэты.

    "Імкненне жыхароў Латвіі да захавання нацыянальнай самабытнасці, жыцця ў міры і згоды з суседзямі дзесяцігоддзямі спрыяла ўмацаванню добразычлівых адносін паміж нашымі дзяржавамі. Мы разам працавалі, знаходзілі магчымасці для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Беларусы шануюць гэта і заўсёды рады новым сустрэчам", - гаворыцца ў віншаванні.

    Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што, нягледзячы на няўдалыя спробы асобных палітыкаў гвалтоўна абмежаваць беларуска-латвійскія гуманітарныя кантакты, удасца пераадолець любыя цяжкасці і захаваць адносіны добрасуседства, заснаваныя на ўзаемнай падтрымцы і павазе.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў народу Латвіі шчасця і дабрабыту, а таксама запрасіў у гасцінную Беларусь.