Віншаванне работнікам і ветэранам органаў дзяржаўнай статыстыкі

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў органаў дзяржаўнай статыстыкі з прафесійным святам - Днём работнікаў дзяржаўнай статыстыкі. 

    "Актуальная, аб'ектыўная і якасная інфармацыя, якую прадастаўляе ваша ведамства, з'яўляецца адным з важнейшых складнікаў сістэмы дзяржаўнага кіравання. Статыстыка не толькі адлюстроўвае эканамічнае і сацыяльнае развіццё краіны, але і дапамагае знайсці самыя перспектыўныя пункты росту для паляпшэння якасці жыцця яе грамадзян", - гаворыцца ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на працягу многіх гадоў айчынныя спецыялісты захоўваюць лепшыя традыцыі, прымнажаюць набыты вопыт, укараняюць найноўшыя тэхналогіі. "Іх прафесіяналізм і кампетэнтнасць па праву ацэнены і запатрабаваны сусветнай статыстычнай супольнасцю ў рамках інтэграцыйнага і міжнароднага супрацоўніцтва", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што і ў далейшым сумленнасць, скрупулёзнасць, адданасць любімай справе, цвёрдая грамадзянская пазіцыя дазволяць работнікам органаў дзяржаўнай статыстыкі спраўляцца з усімі пастаўленымі задачамі.