Віншаванне работнікам і ветэранам ААТ "Даламіт"

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў ААТ "Даламіт" з 90-годдзем з дня ўтварэння адкрытага акцыянернага таварыства.

    "Сёння гэта адна з самых сучасных і запатрабаваных вытворчасцей прадукцыі для будаўнічага, металургічнага, хімічнага і сельскагаспадарчага комплексаў Беларусі", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

    Беларускі лідар адзначыў, што доўгая і слаўная гісторыя прадпрыемства пачалася ў пасёлку Руба на Віцебшчыне ў 1931 годзе з пускам першай шахтавай печы. Калектыў працаваў з вялікім энтузіязмам. Усяго за дзесяцігоддзе прадпрыемства змагло павялічыць вытворчыя магутнасці ў дзясяткі разоў.

    "Нягледзячы на тое, што пасля Вялікай Айчыннай вайны пакаленню пераможцаў многае давялося пачынаць нанава, спецыялісты завода не страцілі сваёй высокай кваліфікацыі, даволі хутка ператварыўшы роднае прадпрыемства ў буйнейшае ў Еўропе па перапрацоўцы даламітавай сыравіны", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што і цяперашні калектыў, захоўваючы лепшыя традыцыі, прадоўжыць укараняць самыя перадавыя тэхналогіі, удасканальваць вытворчыя працэсы, пашыраць і падтрымліваць сацыяльную інфраструктуру роднага пасёлка.

    Прэзідэнт пажадаў работнікам і ветэранам ААТ "Даламіт" здароўя, шчасця, дабрабыту. "Няхай вашым стваральным пачынанням заўсёды спадарожнічае поспех", - дадаў беларускі лідар.