Віншаванне работнікам і ветэранам лясной гаспадаркі

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў лясной гаспадаркі са знамянальнай датай - 90-годдзем з моманту ўтварэння органа кіравання лясной гаспадаркай.

    "Роўна 90 гадоў таму пачаўся адлік вашай слаўнай гісторыі. За гэты час лясная галіна прайшла складаны, але плённы шлях. Сёння беларускі лес - нацыянальны брэнд, прыроднае багацце, якое збярог чалавек", - гаворыцца ў віншаванні.

    "Да свята вы прыйшлі з важкімі дасягненнямі. Мы з гонарам адзначаем, што лясістасць нашай краіны дасягнула рэкордных 40,5 працэнта. На кожнага жыхара Беларусі прыпадае больш за гектар лесу, што ўдвая вышэй за сярэднесусветны паказчык, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Гэта, безумоўна, вынік працы вялікай каманды прафесіяналаў - людзей, для якіх лес стаў сапраўдным прызваннем". Прэзідэнт адрасаваў словы шчырай удзячнасці ветэранам галіны, якія заклалі трывалы фундамент для яе развіцця, а таксама сённяшняму калектыву за адданасць выбранай справе і любоў да беларускага лесу.

    "Перакананы, і ў далейшым вы будзеце паспяхова выконваць пастаўленыя задачы па рацыянальным выкарыстанні, захаванні і прымнажэнні лясных рэсурсаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт пажадаў лесаводам Беларусі добрага здароўя, шчасця, дабрабыту і мірнага неба над галавой.