Віншаванне работнікам грамадзянскай авіяцыі з прафесійным святам

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў грамадзянскай авіяцыі з прафесійным святам і 90-годдзем грамадзянскай авіяцыі.

    "Беларуская авіяцыйная галіна сёння - выдатна арганізаваная структура, якая мае вялікі навукова-тэхнічны патэнцыял, пастаянна ўдасканальваецца і вырашае сур'ёзныя шматпланавыя задачы. Ажыццяўляецца перавозка пасажыраў і грузаў, працуюць паветраныя гавані. Створаны і паспяхова развіваюцца сучасныя вытворчыя пляцоўкі, дзе асвоены тэхнічнае абслугоўванне і рамонт любых савецкіх, расійскіх і замежных самалётаў", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ўсё гэта стала магчымым дзякуючы высокай кваліфікацыі працаўнікоў галіны - сапраўдных спецыялістаў, улюбёных у неба і сваю прафесію. Асаблівыя словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў ветэранам: "Вашы вопыт і імкненне да новага далі магчымасць рэалізаваць самыя смелыя праекты".

    "Перакананы, і ў далейшым будзе зроблена ўсё магчымае, каб амбіцыйныя планы па развіцці грамадзянскай авіяцыі ў рэспубліцы ажыццявіліся і самалёты беларускай вытворчасці як мага хутчэй узняліся ў неба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт пажадаў супрацоўнікам, ветэранам грамадзянскай авіяцыі і іх сем'ям моцнага здароўя, дабрабыту і бязвоблачнага шчасця.