Віншаванне народу Эстоніі з Днём Незалежнасці

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Эстоніі з Днём Незалежнасці.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што эстонцы, як і беларусы, імкнуцца беражліва захоўваць самабытную культуру і духоўную спадчыну продкаў, прымнажаць нацыянальнае багацце і забяспечваць дастойны ўзровень жыцця.

    "Мы аднолькава ставімся да каштоўнасцей дабра і справядлівасці, жадання захаваць традыцыі і прыроду, падтрымліваць чысціню і ўтульнасць, жыць у згодзе з суседзямі. Упэўнены, што жыццёвая мудрасць вашага народа ў выніку возьме верх над геапалітычнымі гульнямі адыёзных талінскіх палітыкаў і мы разам зможам захаваць мір і бяспеку ў нашым рэгіёне", - гаворыцца ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы будуць заўсёды рады прыветна сустракаць на сваёй зямлі эстонскіх сяброў, развіваць дзелавыя і культурныя сувязі. Прэзідэнт пажадаў усім жыхарам Эстоніі міру, працвітання і дабрабыту.