Віншаванне лётчыку-касманаўту Пятру Клімуку з 80-годдзем
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў лётчыка-касманаўта двойчы Героя Савецкага Саюза Пятра Клімука з 80-годдзем.
"Запаветная дзіцячая мара аб небе і велізарная праца прывялі Вас у кола легендарных асоб, якія праклалі чалавецтву дарогу да зорак. Ваша імя як першага беларускага касманаўта залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю нашай краіны", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Пётр Клімук паказаў сучаснікам яркі прыклад самаадданага служэння Айчыне і справе свайго жыцця. "Мужнасць і гераізм, праяўленыя Вамі ў пакарэнні бяскрайняга Сусвету ў час трох касмічных палётаў, выклікаюць шчырае захапленне некалькіх пакаленняў, - адзначыў беларускі лідар. - На роднай зямлі пра Вас заўсёды гавораць з вялікім гонарам і павагай як пра выдатнага суайчынніка - пакарыцеля Космасу".
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Пятру Клімуку моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, шчасця і дабрабыту.