Віншаванне лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Георгію Марчуку з 75-годдзем

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Георгія Марчука з 75-годдзем.

    "Усё сваё жыццё Вы прысвяцілі творчасці. Ваша шматгадовая пісьменніцкая праца адзначана на самых высокіх дзяржаўным і міжнародным узроўнях, а эпічны раман "Крык на хутары" - адзін з лепшых твораў нашай літаратуры, які ярка і праўдзіва паказвае барацьбу беларусаў за аб'яднанне Заходняй Беларусі з БССР, за права свабодна жыць з годнасцю і ў адзінстве", - гаворыцца ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што творы Георгія Марчука вывучаюць у школах і ўніверсітэтах, а героі яго раманаў, п'ес, казак нясуць ідэі дабра, высокага патрыятызму, заклікаюць да ўзаемнай павагі і з'яднанасці. Яны даюць чытачам тое, чаго так не хапае сучаснаму, прагматычнаму, мітусліваму свету.

    Кіраўнік дзяржавы пажадаў пісьменніку моцнага здароўя, плённай дзейнасці, далейшых поспехаў у захаванні і ўзбагачэнні духоўнай спадчыны Беларусі.