Віншаванне калектыву ААТ "Белкард" з 70-годдзем утварэння прадпрыемства

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў адкрытага акцыянернага таварыства "Белкард" з 70-годдзем з дня ўтварэння прадпрыемства.

    "За гэтыя гады невялікі цэх па аднаўленні адпрацаваных падшыпнікаў вырас у вядомага вытворцу кампанентаў для аўтамабільнай прамысловасці і сельскагаспадарчага машынабудавання, надзейнага пастаўшчыка для многіх айчынных і замежных кампаній, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Сёння ваша прадукцыя запатрабавана і паспяхова канкурыруе з вядучымі сусветнымі брэндамі. За ўсімі дасягненнямі стаіць карпатлівая праца тысяч завадчан - высокакваліфікаваных спецыялістаў, здольных вырашаць любыя задачы".

    Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што вялікі і дружны калектыў "Белкарда" будзе і ў далейшым развіваць традыцыі, закладзеныя ветэранамі працы, мадэрнізаваць роднае прадпрыемства, асвойваць новыя тэхналогіі, укараняць у вытворчасць самыя перспектыўныя ідэі і зможа заваяваць новыя рынкі.