Віншаванне кіраўніку Мальтыйскага Ордэна Джону Данлэпу

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Князя і Вялікага магістра Суверэннага Ваеннага Ордэна Гаспітальераў Святога Іаана Іерусалімскага, Родаса і Мальты Джона Данлэпа з Днём Святога Іаана Хрысціцеля.

    У гэтым годзе спаўняецца 975 гадоў з моманту стварэння Мальтыйскага Ордэна, члены якога на працягу амаль дзесяці стагоддзяў заставаліся вернымі сабе і сваім ідэалам, неслі ў свет ідэі дабра, справядлівасці і дапамогі. "Гэтыя каштоўнасці блізкія нашаму народу, адгукаюцца ў сэрцах людзей, - адзначыў беларускі лідар. - Нягледзячы на знешні націск і складаныя абставіны, беларусы прадаўжаюць верыць у лепшае ў чалавеку, робяць усё магчымае для ўстанаўлення міру і спакою, перамогі дыялогу і ўзаемаразумення".

    "Беларусь і Мальтыйскі Ордэн актыўна ўзаемадзейнічалі ў мінулым, паспяхова - цяпер і, упэўнены, будуць плённа супрацоўнічаць у будучым. Нязменнымі ў нашых адносінах застаюцца павага, настроенасць на падтрымку адзін аднаго і імкненне да хрысціянскага ўдасканалення", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка пажадаў Джону Данлэпу здароўя і даўгалецця, а Мальтыйскаму Ордэну - працвітання.