Пасланне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

  • 3

Паважаныя суайчыннікі!

Паважаныя члены беларускага Парламента!

Як ужо было сказана, у адпаведнсці з Канстытуцыяй Кіраўнік дзяржавы штогод звяртаецца з Пасланнем да беларускага народа і Парламента. Гэта адно з найбольш адказных прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Паколькі неабходна глыбока і ўсебакова ацаніць пройдзенае. Асэнсаваць цяперашняе. Намеціць бліжэйшыя перспектывы.

Я ўважліва назіраў за сродкамі масавай інфармацыі апошнія дні: яны ўсё больш і больш увагі канцэнтравалі на тым, што Прэзідэнт павінен выступіць, прапанаваўшы глабальныя ідэі грамадству і дзяржаве. Тых, хто так думаў, смею расчараваць. Гучных ідэй не будзе. Не будзе таму, што мы сёння знаходзімся на фінішы пяцігодкі. Таму ўсе вялікія і гучныя ідэі - трэцяму Усебеларускаму народнаму сходу, які адбудзецца ў пачатку будучага года. На фінішы, як звычайна, ідзе карпатлівая, велізарная, аб'ёмная, чарнавая, вельмі цяжкая праца для таго, каб дастойна закончыць 5 гадоў і закласці фундамент на будучую пяцігодку. Для таго, каб сканцэнтраваць намаганні на асноўных напрамках, якія былі абазначаны раней. Ну а ў народзе часта кажуць так: трэба ў гэты перыяд адсячы "хвасты", каб прыстойна, без запазычанасцей перад беларускім народам закончыць 5 гадоў і выйсці на новыя рубяжы.

Сёння краіна знаходзіцца на прынцыпова новым этапе развіцця. Дасягнуты поспехі ў многіх сферах, і яны даюць магчымасць забяспечыць упэўнены рух наперад.

Мінуў час, калі рэспубліка стаяла на каленях. Калі гіперінфляцыя з'ядала мізэрныя зарплаты, а грамадства трэсла ад дэфіцыту тавараў, недахвату лякарстваў, хранічных прастояў прадпрыемстваў і практычна поўнага беспрацоўя. Тады людзі ў поўнай меры здаволіліся гучнымі словамі і пустымі абяцаннямі, якія шчодра раздаваліся так званымі "ліберал-дэмакратамі".

У кароткі тэрмін мы змаглі ўзняцца і на поўны голас заявіць аб сабе як аб суверэннай цывілізаванай дзяржаве з самастойнай, моцнай і сапраўды народнай палітыкай. Гэта палітыка рэальна даказала сваю эфектыўнасць. Перш за ўсё, у адчувальным росце дабрабыту людзей.

Вядома, і мы гэта заўсёды адзначаем, мы жывём пакуль не багата, але нельга не прызнаць, што ўзровень жыцця паслядоўна расце.

Аб гэтым сведчыць і той факт, што істотна знізілася колькасць пісем на адрас Прэзідэнта, у якіх людзі скардзяцца на невялікую зарплату, што не дае магчымасці звесці "канцы з канцамі". Насельніцтва ўжо не столькі занепакоена нізкім узроўнем зарплаты, колькі чаканнем яе далейшага павышэння. Зусім нядаўна міжнародная арганізацыя, па-мойму, ААН, абнародавала прыемныя для ўсіх нас факты - усяго толькі каля 2 працэнтаў нашага насельніцтва жывуць за 2 долары ў дзень, гэта значыць за 60 долараў у месяц. Гэта вельмі добры паказчык, супастаўны з высокаразвітымі дзяржавамі. І гэта не нашы даныя, гэта даныя міжнародных арганізацый.

І праведзены восенню мінулага года рэспубліканскі рэферэндум наглядна прадэманстраваў: людзі усведамляюць, што ўлада абараняе іх інтарэсы, стараецца вырашаць самыя надзённыя праблемы чалавека. Грамадзяне Беларусі чарговы раз падтрымалі курс, які праводзіцца ў краіне.

Эканоміка для народа

Эканоміка дзяржавы развіваецца паступальна, упэўненымі тэмпамі. Стратэгічная перавага беларускай мадэлі ў тым, што мы ведаем як і куды ісці. У нас няма хістанняў з боку ў бок. Працуем сістэмна і маем пэўныя вынікі.

Два гады таму мы заявілі аб сваіх амбіцыйных планах выйсці ў мінулым годзе на 10-працэнтны рост валавога ўнутранага прадукту. Скептыкаў было дастаткова і ўнутры, і па-за краінай. Але сёння нават міжнародныя эксперты пацвярджаюць, што гэты рубеж Беларусь узяла.

Рэкордны рост валавога ўнутранага прадукту  забяспечаны павелічэннем аб'ёмаў вытворчасці ў такіх галінах эканомікі, як прамысловасць - амаль на 16 працэнтаў, будаўніцтва - 15 працэнтаў, сельская гаспадарка - 13 працэнтаў, гандаль і грамадскае харчаванне - больш як 12 працэнтаў.

Нашы тэмпы эканамічнага росту перасягаюць аналагічныя параметры не толькі сярод краін СНД, але і большасці еўрапейскіх дзяржаў. Пры гэтым калі нашы сродкі масавай інфармацыі даюць такое параўнанне, прашу мець на ўвазе, што мы сёння прырастаем да вельмі высокага ўзроўню - да таго ўзроўню савецкага перыяду, якога яшчэ не дасягнулі дзяржавы, што былі раней у складзе Савецкага Саюза. І гэтыя тэмпы, як адзначаюць міжнародныя наглядальнікі і эксперты, перавышаюць, паўтаруся, аналагічныя паказчыкі не толькі ў СНД, але і ў большасці еўрапейскіх дзяржаў.

У параўнанні з 1995 годам у 2004 годзе аб'ём валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі павялічыўся амаль на 80 працэнтаў.

Для параўнання адзначу, што сукупны ВУП краін Еўрапейскага саюза і зоны "еўра" ўзрос за аналагічны перыяд прыкладна на 20 працэнтаў.

Асабліва важна тое, што значнае павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці дасягнута ў галінах, якія забяспечваюць жыццядзейнасць людзей /тавары шырокага спажывання, жыллё, паслугі/.

У мінулым годзе мы паспяхова справіліся з задачай паскарэння і якасці. Фактычна ліквідаваны бартэр. Істотна пашырылася прысутнасць беларускіх тавараў на сусветным рынку.

Прыбытковымі сталі практычна ўсе галіны эканомікі. Больш як у два разы павялічылася плацежаздольнасць суб'ектаў гаспадарання. Амаль удвая скарацілася доля стратных арганізацый. А ў сельскай гаспадарцы іх колькасць зменшылася ў 4 разы.

У 2004 годзе аграпрамысловым комплексам выкананы практычна ўсе прагнозныя паказчыкі. Атрыманы самы высокі ўраджай збожжа за апошнія 10 гадоў - больш за 7 мільёнаў тон. Упершыню за апошнія гады галіна выйшла на станоўчую рэнтабельнасць.

Забяспечаны рост грашовых даходаў насельніцтва. Зарплата вырасла ў сярэднім па краіне да 200 долараў.

Па ўзроўню пенсій мы апярэджваем іншыя краіны СНД. У мінулым годзе памеры пенсій у рэальным вылічэнні выраслі амаль на трэць, стыпендый - у 1,6 раза.

У 2004 годзе тэрміновыя банкаўскія ўклады насельніцтва і прадпрыемстваў у беларускіх рублях павялічыліся ў 1,8 раза. Гэта паказчык не толькі ўзрастаючага ўзроўню дабрабыту людзей. Ён сведчыць аб даверы да нацыянальнай валюты.

Устойліва развіваецца грашова-крэдытная сфера. Мэтанакіравана зніжаецца інфляцыя. Стабільная сітуацыя на валютным рынку. І заўважце, паважаныя сябры, гэта мы з вамі зрабілі - без усялякай замежнай дапамогі і падтрымкі, без улівання з боку МВФ і іншых фінансавых арганізацый. Хутчэй насуперак усяму таму, што адбывалася вакол нашай краіны. Насуперак таму беспрэцэндэнтнаму націску, які ажыццяўляецца на нашу краіну да цяперашняга часу. Вы аб гэтым інфармаваны.

Сёння мы гаворым аб новай якасці жыцця, што намецілася ў Беларусі. Узровень даходаў насельніцтва прадугледжвае больш высокія магчымасці сацыяльнага развіцця чалавека. Ён здольны даць дзецям неабходную адукацыю, паправіць здароўе, наведаць добры канцэрт, спектакль, выстаўку. Палепшыць жыллё і быт. У рэшце рэшт, "пакласці грошы на кніжку".

Не хачу, каб склалася ўражанне, быццам усё гэта прыйшло само сабой. Або далося лёгка. Вынікі, пра якія мы сёння гаворым, дасягнуты напружанай паўсядзённай працай усіх беларускіх людзей. Праблемы ўзнікалі вельмі вострыя. Але мы сумесна знаходзілі аптымальныя шляхі выйсця.

Мы дастойна вытрымалі найскладанейшы экзамен і можам упэўнена рухацца далей. А наперадзе ў нас яшчэ больш маштабныя справы.

Гэты год, як я ужо гаварыў, завяршальны ў выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця  Беларусі на 5 гадоў.

Планка дасягненняў такая высокая, што для яе ўтрымання нам неабходны звышнамаганні. Таму што патрэбна не толькі захаваць узятыя высокія тэмпы, але і забяспечыць сусветны ўзровень якасці.

Мы абавязаны выканаць абяцанні, дадзеныя народу пяць гадоў таму.

Паводле папярэдніх ацэнак, вытворчасць валавога ўнутранага прадукту ўзрасце за пяцігодку на 44 працэнты, а не на 35, як мы планавалі, 5 гадоў таму.

Аб'ём прамысловай вытворчасці павялічыцца на 50 працэнтаў супраць 28 планаваных.

Рост аб'ёму прадукцыі вёскі плануецца ў 35 працэнтаў (згодна з планам - 22).

Інвестыцыі ў асноўны капітал вырастуць на 75 працэнтаў пры планавым паказчыку ў 60.

Усё гэта дасць магчымасць дасягнуць да канца 2005 года ўзроўню сярэдняй заработнай платы ў эквіваленце 250 долараў ЗША.

Першачарговая задача Урада, губернатараў - не толькі безумоўна выканаць усе заданні гэтага пяцігадовага плана, але і стварыць надзейную базу для наступнага пяцігоддзя.

Дынаміка павінна быць ва ўсіх сферах і галінах эканомікі. Прытым, дынаміка прыбытковасці і эфектыўнасці гаспадарання. Падкрэсліваю, не проста аб'ём - панчохі, шкарпэткі, трактары. Рэнтабельнасць і эфектыўнасць - гэта нам сёння трэба. Мы, паважаныя сябры, вырабляем вельмі шмат, значна больш, чым у савецкія часы. Але жывём, самі кажам, небагата. Чаму? Таму што пры вялізных аб'ёмах вытворчасці мы танна прадаём тавары і прыбытак маем яшчэ невялікі. Да гэтага мы неаднойчы вярталіся, у тым ліку і на прыкладзе Беларускага калійнага камбіната, і канстатавалі, сёння я ўжо абсалютна ўпэўнены ў гэтым, што мы кожны год страчваем 100 мільёнаў долараў. А гэта немалыя грошы. На чым страчваем? Не на вытворчасці, не на якасці прадукцыі - на продажах. Кормім пасрэднікаў. Гэта яркі прыклад таго, дзе можна яшчэ ўзяць грошы.

Нядаўна пры справаздачы Урада мы вызначылі новыя падыходы і асаблівасці работы ў гэтым годзе. Сутнасць іх у тым, каб, не аслабляючы кантроль за індустрыяльнымі гігантамі, якія паспяхова працуюць (тут у нас ужо склалася добрая практыка), пільную ўвагу звярнуць на адстаючыя прадпрыемствы. Заўважце, пры падвядзенні любых вынікаў, калі мы прыводзілі тыя або іншыя прыклады, мы гаварылі аб тым, што "прамысловасць вырасла ў сярэднім", "у цэлым краіна рухаецца" і так далей. А колькі за гэтымі аб'ёмнымі сярэднімі, усярэдненымі паказчыкамі сярэдніх і малых прадпрыемстваў, якія сёння не маюць такіх паказчыкаў. І гэта - ва ўсіх сферах нашага грамадскага і эканамічнага жыцця.

Таму ў гэтым годзе мы ўдзяляем першараднае значэнне прадпрыемствам, якія ў асноўным знаходзяцца на перыферыі, размешчаны ў раённых цэнтрах, невялікіх гарадках. Гэта ў асноўным горадаўтваральныя прадпрыемствы. Мы намецілі шляхі іх рэанімацыі і ўздыму. Аж да ўключэння ў карпаратыўныя сеткі буйных прадпрыемстваў. Як, дапусцім, наша прадпрыемства "МАЗ". Яно выдатна працуе. Сёння попыт на прадукцыю гэтага прадпрыемства, як і на трактары "МТЗ", на "БелАЗы", каласальны. Трэба "захопліваць" рынкі. Мы гэта робім, і робім паспяхова. Для гэтага трэба развіваць вытворчасць. За кошт чаго? І мы вырашылі, што будаваць новыя карпусы не трэба. Трэба ўключыць у арбіту гэтых "монстраў", вялікіх, буйных карпарацый, вось гэтыя невялікія прадпрыемствы, даўшы ім работу. На першапачатковым этапе няхай выконваюць другарадную работу. І гэта будзе зарплата для раёна, дапусцім, у 200 долараў - вельмі добрая зарплата. Вось гэтым шляхам мы пайшлі. Я прывёў прыклад "Белаўтамаза". Ён сёння паглынае не толькі невялікія, колькасцю 500 працуючых, прадпрыемствы, але ўжо і такія буйныя, як магілёўскі "Белтрансмаш", дзе да 3 тысяч працуючых. І я ўпэўнены, што  "МАЗ" выцягне і гэта прадпрыемства,  якое сёння знаходзіцца ў складанай сітуацыі. Вось адзін з ужо працуючых прыкладаў.

Я могу прывесці ў якасці прыкладу таксама жодзінскі "БелАЗ", які сёння завод імя Кірава ў Магілёве, цягне за сабой, адкрываючы там новыя вытворчасці. Зусім нядаўна, наведваючы гэта прадпрыемства разам з Героем Беларусі П.Марыевым, мы дамовіліся, што будзем вырабляць там вагоны і іншую прадукцыю, якая так сёння неабходна для нашай краіны. А гэта - перспектыва для развіцця прадпрыемства. Мы гаварылі аб развіцці там металургічнай вытворчасці, і яна будзе наладжана. Ужо наладжваецца. І я ўпэўнены, што гэта некалі буйнейшая прадпрыемства ў эканоміцы Беларусі будзе працаваць яшчэ лепш, чым у савецкія часы.

І вось такі шлях - гэта рэальны шлях рэанімацыі і ўздыму прадпрыемстваў, якія сёння знаходзяцца ў няпростым становішчы, у складаных умовах. І, як я ўжо сказаў, гэтыя прадпрыемствы часцей за ўсё знаходзяцца на перыферыі і ў камунальнай уласнасці.

Мы, вядома, будзем падтрымліваць іх. Мы будзем падтрымліваць прадпрыемствы, якія сёння маюць патрэбу ў гэтым. Але хачу яшчэ раз падкрэсліць, прадпрыемствы больш не будуць сядзець "на шыі" ў дзяржавы. Яны павінны канкурыраваць на рынку. Не забывайце, Беларусь рыхтуецца да ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Прытым, хочам мы гэтага ці не, нават калі і не ўступім у СГА - страху ў гэтым абсалютна ніякага няма - мы рэальна будзем уцягнуты ў той працэс, які адбываецца сёння ў сусветным гандлі.

І самае галоўнае, працэс сусветнага гандлю - гэта жорсткая канкурэнцыя. І ў гэтай самай жорсткай канкурэнцыі нам, беларусам, з нашай адкрытай эканомікай і вельмі залежнай ад паставак энергарэсурсаў трэба будзе выстаяць.

І яшчэ, гэта ўжо другі раз хачу падкрэсліць: гэтыя нашы сціплыя поспехі, якіх мы дасягнулі ў эканоміцы, яны дасягнуты не толькі ў вельмі жорсткай канкурэнцыі, але і на фоне сур'ёзнага павышэння цэн на энергарэсурсы, на сыравіну і матэрыялы, ад якіх мы амаль на сто працэнтаў залежым.

Калі б не было такой кан'юнктуры цэн, мы жылі б, вядома, значна лепш і прыбытковасць нашых прадпрыемстваў была б значна вышэйшая.

Вядома, гэтыя прадпрыемствы, як я ўжо сказаў, мы будзем падтрымліваць, але патрабаванне з кіраўнікоў і членаў урада, якія патрабуюць падтрымкі гэтых прадпрыемстваў (гэта, вядома ж, кіраўнікі ведамстваў), будзе жорсткае, аж да крымінальнай адказнасці.

Чаму крымінальнай адказнасці? Я вам прывяду прыклад. Мы сёння патрабуем аж да крымінальнай адказнасці, у турму "змяшчаем" людзей, якія ўкралі ў дзяржавы вялізныя сродкі. Тут жа мы аказваем падтрымку прадпрыемствам. А што такое падтрымка? Гэта мільярды рублёў, якія мы так ці іншак "укідваем" у развіццё гэтых прадпрыемстваў. Праходзіць два, тры гады, пяць гадоў - аказваецца, што гэтыя прадпрыемствы ні на што не здольныя. Так, а дзе грошы? Грошы зніклі. Чаму за гэта ніхто не павінен адказваць? Калі вы прыходзіце па дапамогу, калі члены ўрада падтрымліваюць такія тэндэнцыі, калі ласка, нясіце адказнасць. Я лічу, мы ў Законе аб бюджэце прадугледзім такую дапамогу прадпрыемствам, але - нясіце адказнасць.

Важна забяспечыць не проста функцыянаванне, а магутнае, інтэнсіўнае развіццё. Не выпадкова мы з вамі вызначылі гэты год як год эканоміі і эфектыўнасці. Гэта значыць, на першы план выходзіць патрабаванне зніжэння матэрыяльных і энергетычных затрат, рост рэнтабельнасці вытворчасці і рэальных даходаў насельніцтва. Менавіта па гэтых паказчыках мы будзем ацэньваць работу прадпрыемстваў, галін і іх кіраўнікоў.

Прыярытэтнае развіццё атрымаюць вытворчасці, якія выкарыстоўваюць мясцовыя сыравінныя рэсурсы.

Так склалася, як я ўжо сказаў, што Беларусь з'яўляецца імпартазалежнай у адносінах да энергарэсурсаў. Таму стратэгічная задача - эканомія і пераход на альтэрнатыўныя мясцовыя крыніцы сыравіны.

Актуальнасць праблемы энергетычнай бяспекі краіны абумоўлена агульнасусветнай тэндэнцыяй павелічэння кошту энерганосьбітаў, растучымі патрэбнасцямі нашай эканомікі.

Важнейшая задача - павялічыць долю мясцовых відаў паліва да 25 - 30 працэнтаў. Калі толькі мы забяспечым нашу незалежнасць у эканоміцы па энергарэсурсах у 25 працэнтаў, мы зможам сказаць, што мы суверэнныя і незалежныя. У адваротным выпадку - усё гэта не больш чым размовы. І самае галоўнае - паўсюднае ўкараненне рэжыму энергазберажэння. Гэта дасць магчымасць скараціць энергаёмістасць ВУП у бягучым годзе на 6 працэнтаў. Эканоміць павінны ўсе: і прадпрыемствы, і насельніцтва. Але гэта не азначае, што ў краіне ёсць якія-небудзь праблемы з энергарэсурсамі. Цяпло, электрычнасць, газ ёсць і будуць, будуць у любой колькасці. Толькі за гэта трэба плаціць. І цэны будуць пастаянна рухацца наперад, да сусветных. Такая тэндэнцыя ў той дзяржаве, дзе мы купляем энергарэсурсы. Дык не будзе ж Расійская Федэрацыя ў сябе на газ цэны трымаць на ўзроўні сусветных, а нам прадаваць напалавіну танней.

Так, мы дамовіліся, што ў будучым годзе газ у нас будзе па цэнах гэтага года. Але гэта ўсё не бясплатна. Гэта не значыць, што Расія нам, нашай эканоміцы падарыла 200 мільёнаў долараў на розніцы цэн. Не. Гэта адбываецца таму, што мы дамовіліся з "Газпрамам", што акажам ім тут пэўныя паслугі. Паслугі гэтыя залежаць ад таго і тлумачацца тым, што наша краіна, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, павінна штосьці мець ад такога месцазнаходжання. І вось гэты рэсурс выкарыстоўваецца. І за яго ўжо сёння буйныя транснацыянальныя кампаніі гатовы плаціць і плацяць.

Мы прадоўжым газіфікацыю населеных пунктаў. У мінулым годзе "блакітнае" паліва прыйшло ў Паставы і Глыбокае, Тураў і Любань. На спажыванне прыроднага газу пераведзены каля 50 тысяч кватэр і індывідуальных жылых дамоў. Людзі павінны жыць у цяпле, не адчуваючы бытавога дыскамфорту - гэта нацыянальны прыярытэт і важнейшая дзяржаўная задача.

Значнае павелічэнне даходаў грамадзян стымулявала павышэнне попыту на спажывецкім рынку. 

Аднак мы сутыкнуліся з іншай праблемай - да гэтага не гатовы айчынныя таваравытворцы. Аб'ём набытых тавараў і паслуг узрос за апошнія чатыры гады амаль у 1,7 раза, у тым ліку рознічны тавараабарот павялічыўся амаль у два разы, аб'ём платных паслуг насельніцтву - у паўтара раза. У той жа час вытворчасць спажывецкіх тавараў павялічылася за гэты перыяд толькі ў 1,4 раза.

Нельга здаваць пазіцыі на сваім уласным рынку. Вядома, што любая "брэш" будзе імгненна запоўнена. Толькі кім і чым - пытанне.

Узрослы пакупніцкі попыт, пакупніцкі патэнцыял беларускага насельніцтва трэба накіраваць на далейшае развіццё айчыннай спажывецкай індустрыі. І тут вялікае поле дзейнасці як для дзяржавы, так і для прадпрымальнікаў.

Гавораць, што ў краіне не створаны нармальныя ўмовы для бізнесу, такія, як, напрыклад, на Захадзе. Але пры гэтым замоўчваюць, якія месца і роля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў так званых развітых краінах. Смею вас запэўніць, што там гэта не проста "купі-прадай". У іх прыватны бізнес арганічна ўключаны ў вытворчы працэс. Калі так будзе ў нас - пярэчанняў няма і падтрымка будзе аказана неадкладна. Галоўнае правіла: дзяржава - прадпрымальнікам, прадпрымальнікі - народу. У рыначных пераўтварэннях мы прытрымліваемся прынцыпу разумнага прагматызму. І бяром для сябе толькі тое, што падыходзіць нам, не капіруючы слепа. 

Канкурэнцыя, гандаль за грошы, а не па бартэру, адыход ад практыкі бяздумнай дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў - гэта адпавядае духу нашых пераўтварэнняў у эканоміцы.

Цвярозы падыход захаваем і да прыватызацыі. Яна павінна эфектыўна садзейнічаць росту канкурэнтаздольнасці прадукцыі, мадэрнізацыі вытворчасці, у рэшце рэшт, дастойнай аплаце працы нашых грамадзян. Аднак часта новыя гаспадары, якія некалі за бясцэнак атрымалі прадпрыемствы, поўнасцю самаўстараняюцца ад удзелу ў развіцці вытворчасці. Так адбылося, напрыклад, на Светлагорскім цэлюлозна-папяровым камбінаце, Мінскім мотавелазаводзе, на трыкатажнай фабрыцы "Алеся" і шэрагу іншых. А цяпер бягуць за дзяржпадтрымкай - ратуйце, рэструктурызуйце даўгі, вызваліце ад падаткаў, дайце грошай.

Прабачце, уласнасць ваша - вы пра яе і клапаціцеся. І давайце вынік - плаціце калектыву грошы. Калі не можаце - прадпрыемства павінна быць вернута дзяржаве і народу, і тады дзяржава зоймецца гэтым прадпрыемствам.

Сучасныя тэхналогіі - залог прагрэсу

Сёння становіцца відавочным, што мадэрнізацыйны рывок немагчымы без рэзкага павышэння рэзультатыўнасці айчыннай навукі. Моцнай інавацыйнай палітыкі. Вельмі высокай якасці навуковых даследаванняў. Эфектыўнага ўкаранення перадавых дасягненняў.

У бягучым годзе фінансаванне навукі ў параўнанні з 2000 годам павялічана ў два разы. Упершыню ў рэспубліканскі бюджэт уключаны інавацыйныя фонды. Магутная дзяржаўная падтрымка прадугледжана менавіта для тых навуковых напрамкаў, якія прапануюць вытворчасці тэхналогіі заўтрашняга дня.

Усяго за некалькі гадоў рэфармавання навукі мы ператварылі яе з тэарэтычнай сферы дзейнасці ў практычную галіну гаспадарання. Яны нам тавар - навуковую распрацоўку прыкладнога характару, мы ім - грошы. Вучоныя працуюць на канкрэтныя мэты, якія стаяць перад краінай.

Нацыянальнай акадэміі навук у гэтым годзе трэба сканцэнтраваць намаганні на ўкараненні ў вытворчасць навуковых распрацовак, якія дадуць магчымасць заваяваць значныя сегменты сусветнага рынку для айчыннай прадукцыі. Гэта задача - і Урада, і кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Трэба пачаць практычную рэалізацыю перспектыўнай ідэі стварэння Парку высокіх тэхналогій. Ён дасць магчымасць максімальна выкарыстаць вялікі творчы патэнцыял нашых вучоных на карысць айчыннай эканомікі. Прычым на ўзаемавыгаднай аснове.

Асваенне найноўшай навукаёмістай прадукцыі, паскораная мадэрнізацыя вытворчасці немагчымы без прадуманай сістэмнай інвестыцыйнай палітыкі.

Нам, дарэчы, не патрэбны інвестыцыі дзеля  інвестыцый.

Заўсёды трэба памятаць: інвестыцыі - не падарунак, за іх разлічваюцца ўласнасцю або даходам.

Таму трэба дакладна ўяўляць, для якіх канкрэтных мэт яны неабходны і ў якіх аб'ёмах. Павінен быць сфарміраваны эканамічна абгрунтаваны попыт на інвестыцыйныя рэсурсы.

Не трэба будаваць новыя карпусы, амярцвляць капітал у голых сценах новых будынкаў. Нам патрэбна "начынка" з высокатэхналагічнага абсталявання і, пажадана, айчыннага.

Сёння ў краіне рэалізуецца каля сотні важнейшых інвестыцыйных праектаў. Самага разнастайнага прызначэння.

Інвестыцыі ў асноўны капітал за 2004 год у параўнанні з 2003 годам узраслі на 20 працэнтаў і дасягнулі больш за 10 трыльёнаў рублёў. Гэта значыць, аб чым мы марылі, не думалі нават тры гады таму, што мы на гэты ўзровень выйдзем - у 5 мільярдаў долараў, - мы гэтага дасягнулі. Такім чынам, мы ні ад каго ў гэтым плане не залежныя.

Наперадзе - аб'ёмы значна большыя.

У 2005 годзе тэмпы росту інвестыцый у асноўны капітал дасягнуць 117 працэнтаў. У наступным пяцігоддзі штогадовы аб'ём інвестыцый павінен скласці не менш як 20-25 працэнтаў ад ВУП.

Іх асноўнай крыніцай былі і пакуль застаюцца ўласныя сродкі прадпрыемстваў. Але трэба адкрыта прызнаць, што і яны ж не бясконцыя.

Настаў час актыўнага прыцягнення крэдытных банкаўскіх рэсурсаў, сфарміраваных за кошт зберажэнняў насельніцтва. У выйгрышы будуць усе.

Трэба больш смела ўкараняць новыя формы інвесціравання: лізінг, праектнае фінансаванне, канцэсіі і іншыя.

Асабліва гэта актуальна для рэалізацыі маштабных агульнадзяржаўных праектаў.

Зямля і людзі

2005 год увойдзе ў гісторыю як пачатак выканання Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі.

У яе аснове - чалавек. Умовы працы і жыцця, узровень дабрабыту сельскіх жыхароў.

Ключ да вырашэння праблемы - пераўтварэнне вёсак, стварэнне аграгарадкоў, вакол якіх павінны канцэнтравацца вытворчыя магутнасці і сацыяльна-бытавая інфраструктура. Іх будзе каля паўтары тысячы.

Цяпер наперадзе маштабнае тэхнічнае перааснашчэнне АПК на базе айчыннага машынабудавання і ўкаранення навуковых распрацовак.

Да патрэб вёскі павінны быць адаптаваны перадавыя тэхналогіі, што дасць магчымасць выйсці на самаакупнасць і забяспечыць фінансавымі рэсурсамі далейшае дынамічнае развіццё гэтай галіны.

Мы акуратна падышлі да прыватнай уласнасці на зямлі, у вёсцы. Без усялякіх лозунгаў, гучных заяў зрабілі так, што ў вёску прыйшоў уласнік новай фармацыі, які ўкладвае грошы, а не знішчае зямлю. Развівае сельскагаспадарчую вытворчасць, а не распрадае яе. Садзейнічае павышэнню дабрабыту сялян, паляпшэнню іх быту.

Гэта той наглядны прыклад, калі прыватнік і дзяржава працуюць у адзіным рэчышчы, дзеля агульных мэт, на свой народ.

Дасягнутая ў мінулым годзе дынаміка ў развіцці вёскі павінна быць захавана, а ўсе пазітыўныя працэсы - стаць неабарачальнымі.

Мы прадоўжым рэалізацыю праграмы будаўніцтва індывідуальных дамоў у сельскай мясцовасці. Патрабаванне за яе выкананне будзе вельмі строгім. Усё, што запланавана, павінна быць пабудавана. Ні адным домам менш! Якасна і ў тэрмін!

Пры гэтым, паважаныя сябры, я заўважаю асноўны недахоп гэтага працэсу. Нашы паважаныя будаўнікі, Сяргей Сяргеевіч (Сідорскі), пачалі спрашчацца: "труну" ў лужу паклалі, прабачце за грубасць, і гэта называецца дом. Павінны быць прыгожыя, танныя, архітэктурна знешне і ўнутрана прывабныя дамы і жыллё. Не проста 50-х гадоў дамы, якія мы, спрашчаючыся, пачалі хуценька будаваць. Яшчэ раз вярніцеся да гэтага пытання і разам з губернатарамі паглядзіце, што там адбываецца.

Беларускія сяляне павінны жыць свабодна, карыстацца дабротамі цывілізацыі. Яны кормяць увесь народ, у тым ліку і нас, гараджан. Гарантуюць харчовую бяспеку краіны. А гэта, пагадзіцеся, дарагога каштуе.

Мы знайшлі правільны падыход у вырашэнні вельмі значнай  праблемы - неабходнасці эфектыўнага ўдасканалення аграпрамысловага комплексу. Ён падтрыманы грамадствам і выклікаў вялікі інтарэс у краін-суседзяў, у першую чаргу ў Расіі. Адказнасць за выкананне лёсавызначальнай Праграмы адраджэння вёскі будзе персанальнай - ад Урада да кіраўнікоў рэгіёнаў - раёнаў, абласцей - і канкрэтных гаспадарак.

Я хачу, каб вы разумелі, калі мы з вамі за той перыяд, які нам будзе народам адведзены для знаходжання ва ўладзе, вырашым гэту праблему, рэалізуем Праграму адраджэння вёскі, нас народ будзе дзесяцігоддзямі, а можа, стагоддзямі ўспамінаць і дзякаваць за гэта. Вы паглядзіце: гарады мы неяк адрадзілі і "штурхнулі" іх у патрэбным напрамку. І ў прамысловасці - што датычыцца рабочых месц. Сёння вакансій рабочых месц у буйных гарадах больш, чым беспрацоўных. Сёння ў нас фактычнае беспрацоўе - 1,5 працэнта. Ужо, шчыра кажучы, яго менш і нельга трымаць, каб гультаі разумелі, што ёсць ім замена. Хоць, праўда, і там у рэзерве не вельмі працаздольнае насельніцтва, тыя, хто не вельмі хоча працаваць. Усе, хто ў горадзе сёння хоча працаваць, могуць працаваць і проста знайсці не адну, а дзве работы і зарабляць. Было б жаданне. Што датычыцца вёскі, ужо даўно, яшчэ ў савецкія часы, заяўлялі аб тым, што "вось вёску мы паднімем да ўзроўню горада", але ў гэтым плане нічога не зрабілі. Вядома ж, тады было больш рэсурсаў, больш магчымасцей, больш дысцыпліны. Можна было сканцэнтраваць нашы намаганні на пэўных напрамках, ды і не так душылі звонку, мы працавалі спакойна, не адхіляючыся, за намі была вялікая краіна, якая заўсёды магла нас абараніць.

Сёння час змяніўся, але тым не менш гэта праблема нам дасталася, і мы абавязаны яе вырашыць. Мы ўсе адтуль, з вёскі, і там засталіся нашы бацькі, нашы бабулі, дзядулі. І мы павінны для іх стварыць нармальныя ўмовы для жыцця. Вырашым гэту праблему - значыць, вырашым практычна ўсе праблемы сацыяльнага плана ў нашай краіне.

Беларусь - краіна турызму

Яшчэ адной маштабнай агульнадзяржаўнай задачай з'яўляецца развіццё турыстычнай галіны. У сучасным свеце даходы ў гэтай сферы складаюць 12 працэнтаў агульнасусветнага валавога прадукту. А ў нас - толькі 0,1 працэнта (параўнайце 12 і 0,1) ад ВУП. Па статыстыцы выязны турызм у 8 разоў перавышае ўязны.

Грошы, як кажуць, ляжаць пад нагамі. Беларусь - унікальная краіна з вельмі багатым прыродным патэнцыялам. Больш за 15 тысяч аб'ектаў маюць гістарычную, культурную і архітэктурную каштоўнасць. Я ўжо не кажу аб прыродных рэсурсах.

Але адна справа - мець такое багацце. Іншая - зацікавіць тысячы людзей пабачыць яго на свае вочы.

Патрэбна сістэма, пры якой грошы і беларускіх грамадзян, і замежных гасцей укладаліся б у нашу эканоміку.

На жаль, айчынныя турыстычныя агенцтвы (а іх каля 600) не спяшаюцца займацца ўнутраным турызмам. Яны заклапочаны толькі тым, як вывезці беларусаў за мяжу. Вядома, гэта прасцей і больш выгадна для іх. Таму трэба ўвесці ў якасці абавязковай умовы для рэгістрацыі турыстычных фірм ажыццяўленне імі не толькі выязнога, але і ўязнога турызму. І Міністэрству спорту і турызму, Ураду гэтым патрэбна заняцца неадкладна.

У краіне павінна быць створана сучасная і прывабная інфраструктура турызму.

За апошнія некалькі гадоў у турыстычную індустрыю ўкладзена каля 30 мільярдаў рублёў. І гэтыя вынікі неадкладна далі аб сабе знаць.

У мінулым годзе Белавежскую пушчу наведалі больш за 150 тысяч турыстаў. У нядаўна ўведзеным гарналыжным комплексе "Сілічы" за няпоўны сезон, толькі тры зімовыя месяцы, пабывала каля 50 тысяч чалавек. Гэта, безумоўна, добра. Праўда, трэба тут яшчэ раз паглядзець, каб нашым людзям быў па кішэні такі вольны час. 

У бліжэйшыя два гады трэба будзе на сучасным узроўні добраўпарадкаваць турыстычныя зоны паблізу перспектыўных месц адпачынку. У тым ліку музеяў-тэрыторый. Сярод іх: Мір, Нясвіж, Навагрудак, Полацк, Тураў.

У нас добрыя дарогі. Гэта адзначаюць усе, хто прыязджае ў нашу краіну. Мы ўкладаем у іх рэканструкцыю каласальныя сродкі, але прайграём у дробязях - ва ўзроўні прыдарожнага сэрвісу. Аб гэтым шмат гаворыцца, але пакуль мала робіцца. Трэба больш актыўна прыцягваць прыватны капітал. 

На працягу двух гадоў буйныя магістралі, якія злучаюць нашу краіну з суседнімі дзяржавамі, па аб'ёму аказаных паслуг не павінны ўступаць еўрапейскім аўтабанам.

Турызм - не толькі імідж краіны. Стварэнне аб'ектаў турыстычнай інфраструктуры дае другое жыццё размешчаным каля іх населеным пунктам. Гэта - рабочыя месцы, добраўпарадкаванне тэрыторый, павышэнне ўзроўню жыцця мясцовага насельніцтва.

Моцная сацыяльная палітыка - аснова стабільнасці

Наша дзяржаўная палітыка накіравана выключна на абарону чалавека. І мы ад яе не адступім.

Як паказваюць апытванні сацыёлагаў, людзей больш за ўсё непакояць такія праблемы, як беспрацоўе, рост цэн, даступнасць жылля, якасць медыцынскіх паслуг і адукацыі.

Што датычыцца беспрацоўя, то мы пастаянна зніжаем яго. 

Больш таго. Павелічэнне попыту на нашу прадукцыю, з'яўленне новых вытворчасцей прыводзяць да стварэння дадатковых рабочых месц.

Аднак праблема ў іншым: існуе дыспарытэт у структуры занятасці. У асобных раёнах беспрацоўе дасягае і 4 працэнтаў, у той час як у Мінску - менш за працэнт. А вакол стракацяць, як я ўжо гаварыў, аб'явы: "Патрабуюцца, патрабуюцца, патрабуюцца...".

Сітуацыю трэба рэгуляваць. З аднаго боку, за кошт пераразмеркавання працоўных рэсурсаў - рабочыя рукі і разумныя галовы патрэбны ўсюды. З другога боку - і прадпрыемствам трэба падумаць аб пашырэнні сваёй вытворчасці, як я ўжо гаварыў, у малых гарадах. Як, напрыклад, зрабіў "Гарызонт", адкрыўшы зусім нядаўна вытворчасць мікрахвалевых печаў у Паставах.

Асабліва важна своечасова вырашаць пытанні працаўладкавання работнікаў, якія звальняюцца ў сувязі з ліквідацыяй прадпрыемстваў або па скарачэнню штатаў.

Апошнім часам узрасла колькасць скаргаў на невыкананне сацыяльна-працоўных гарантый у арганізацыях прыватнай формы ўласнасці: затрымліваецца выдача зарплаты, ігнаруюцца патрабаванні па яе памеры і правілы аховы працы.

Я звяртаюся да Урада і нашых прафсаюзаў: неадкладна займіцеся гэтымі прыватнымі прадпрыемствамі. Там, сапраўды, трэба паглядзець, Леанід Пятровіч /Козік/, як абаронены правы нашых працоўных. Прыватная форма ўласнасці не дае права ўсталёўваць свае законы. Зарплата павінна выплачвацца своечасова. І не ніжэй за ўстаноўлены дзяржавай мінімальны ўзровень. Гэты датычыцца ўсіх!

Нельга выпускаць з-пад увагі і такую праблему, як узаемасувязь паміж даходамі людзей і цэнамі на тавары і паслугі.

Цэнавая палітыка арыентавана на стварэнне надзейных бар'ераў супраць неапраўданага завышэння цэн.

Хачу папярэдзіць Урад і мясцовыя ўлады: спыніце практыку павялічваць цэны адразу пасля павышэння заработнай платы, пенсій і стыпендый. Гэта нават не па-дзяржаўнаму - адной рукой даць грошы, а другой - іх забраць.

Пад маім асаблівым кантролем цэны на прадукты харчавання, спажывецкія тавары, тарыфы ў галінах ЖКГ і транспарту. Яны могуць змяняцца толькі паэтапна, з улікам даходаў насельніцтва. Людзі не павінны пакутаваць ад самавольства, якое чыноўнікі спрабуюць апраўдаць уяўнай мэтазгоднасцю і вузкаведамаснымі інтарэсамі.

Гэта непасрэдна датычыцца і цэн у будаўніцтве. 

Мы будуем шмат. Штогод уводзіцца тры мільёны квадратных метраў жылля. У гэтым годзе будзе чатыры. Але галоўнае - забяспечыць яго даступнасць для тых, хто ў ім мае патрэбу. Патанненне жылля - задача стратэгічная!

Адпаведныя даручэнні даваліся ўраду ўжо даўно. Але зрабілі так, як выгадна будаўнікам. Замест рэальнага зніжэння цэн сталі пагаршаць якасць жылля: змяншаць аб'ём выконваемых будаўнічых работ, выкарыстоўваць нізкаякасныя матэрыялы.

Так справа не пойдзе! Папярэджваю і прэм'ера, і віцэ-прэм'ера, і міністра архітэктуры і будаўніцтва  апошні раз: на працягу года ў будаўнічай індустрыі павінен быць наведзены парадак! Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Камітэту дзяржаўнага кантролю разам з праваахоўнымі органамі, пры неабходнасці, узяць пад самы жорсткі кантроль гэта пытанне, так, як зроблена ў ЖКГ.

Дзяржава будзе рабіць усё неабходнае, каб любы чалавек змог за некалькі гадоў зарабіць на кватэру. Нядаўна былі прыняты важнейшыя рашэнні па крэдытаванню жыллёвага будаўніцтва, забеспячэнню жыллём маладых і мнагадзетных сем'яў.

Як і ў іншых сферах, дзяржава будзе дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Інструментаў дастаткова - жыллёвыя субсідыі, матэрыяльная дапамога, іншыя механізмы.

Мы пераходзім ад льгот "агулам" да адраснай падтрымкі. Прынцып сацыяльнай справядлівасці непахісны.

Вышэйшая каштоўнасць - здароўе нацыі. Таму мы робім акцэнт не на будаўніцтве новых раскошных будынкаў бальніц, а на іх аснашчэнні самым сучасным абсталяваннем. Як, напрыклад, дзіцячага кардыяхірургічнага цэнтра ў Мінску, Гомельскага цэнтра радыелагічнай медыцыны і экалогіі чалавека і шэрага іншых лячэбных устаноў.

У нас кваліфікаваныя медыцынскія кадры. Трэба толькі стварыць матэрыяльна-тэхнічную базу, каб яны маглі правільна дыягнаставаць пацыентаў і больш эфектыўна іх лячыць.

За апошнія два гады смяротнасць у краіне знізілася на 3,5 працэнта. Тэндэнцыя вельмі абнадзейлівая. Мы павінны зрабіць яе ўстойлівай.

Дзяржава па-ранейшаму будзе забяспечваць даступнасць медыцынскага абслугоўвання. Медыцынскія паслугі ў Беларусі застануцца бясплатнымі, гэта значыць бюджэтнымі, у аб'ёме ўстаноўленых сацыяльных стандартаў. Гэта, калі хочаце, наш нацыянальны здабытак.

Такіх стандартаў у нас 44. І яны сёння ўкараняюцца ўсюды.

Кіраўнікі шэрага рэгіёнаў ужо далажылі аб выкананні гэтых паказчыкаў.

Але ў час маіх паездак па краіне і ў пісьмах людзі скардзяцца на дрэнныя мясцовыя дарогі, транспартныя зносіны, асвятленне вуліц, якасць пітной вады.

Шмат нараканняў на стан гарадскіх двароў, якія ператварыліся ў аўтастаянкі. Няма куды вывесці дзіця пагуляць. У хуткім часе дыхаць не будзе чым. А мясцовыя ўлады як быццам нічога не бачаць.

Таму Адміністрацыі Прэзідэнта, Камітэту дзяржаўнага кантролю сумесна з Пракуратурай у двухмесячны тэрмін неабходна правесці рэальнае расследаванне спраў з укараненнем сацыяльных стандартаў. Кіраўнікі, якія прадставілі неаб'ектыўную інфармацыю, а на самай справе нічога не зрабілі для паляпшэння ўмоў жыцця людзей, будуць неадкладна вызвалены ад сваіх пасад.

Але нават там, дзе сацыяльныя стандарты даведзены да ўстаноўленага ўзроўню, гэты працэс не павінен спыняцца. Важна зрабіць яго бесперапынным. Укаранёны сацыяльны мінімум трэба пашыраць і пераводзіць на больш высокі якасны ўзровень. Так мы зможам пастаянна паляпшаць жыццё людзей.

І яшчэ, што датычыцца здароўя людзей, аховы здароўя. Мы вызначылі першачарговыя меры, без якіх гаварыць аб нашай ахове здароўя як аб высокаразвітой, не можам. Для гэтага трэба каля 80 мільярдаў рублёў у бягучым годзе. Гэтыя грошы мною знойдзены і перададзены Міністэрству аховы здароўя. Гэта дасць нам магчымасць на працягу бягучага года аснасціць асноўныя клінікі, аж да абласных і буйных гарадскіх, самым сучасным абсталяваннем для правядзення аперацый і рэанімацыі пацыентаў. Гэта значыць аперацыйныя, рэанімацыйныя блокі ў кожнай буйной бальніцы будуць аснашчаны па самаму апошняму слову тэхнікі.

Будаўнікі пачалі рэканструкцыю нашых бальніц. Больш таго, тры буйныя цэнтры, звязаныя са здароўем жанчын і дзяцей, родамі ў гэтым годзе будуць перааснашчаны і даведзены да самага высокага ўзроўню. Спецыялісты ў нас ёсць. Там, дзе іх не хапала - яны сёння праходзяць навучанне за мяжой.

Але пры гэтым хачу яшчэ раз падкрэсліць: здароўе - гэта вельмі дарагая рэч. І за дарагія рэчы, калі так можна сказаць, трэба плаціць. Прынамсі, дарагія рэчы трэба берагчы. Таму ўсе мы павінны разумець: калі мы не хочам плаціць кожны год за дарагія рэчы, якім з'яўляецца здароўе, трэба яго берагчы.

Паглядзіце, каго мы лечым? Колькі працэнтаў у нас абмарожаных па п'янцы, напаўутопленых па п'янцы, пракураных так, што лёгкія разваліліся? Так чаму здаровы чалавек, які працуе дзень і ноч, павінен адлічаць са сваіх сродкаў на лячэнне п'яніц, курцоў і наркаманаў?

Такая сацыяльная палітыка павінна паступова зводзіцца да нуля. Кожны павінен плаціць за сябе сам. Трэба вучыцца ў нашых суседзяў - Захаду. Ёсць пэўная дапамога, якую дзяржава абавязана аказаць, ёсць людзі, якія сёння яшчэ беднавата жывуць, але хварэюць, ёсць жа і нармальныя людзі, добрыя людзі, якія хварэюць, - мы павінны іх падтрымліваць. Але людзі, якія самі не цэняць сваё здароўе і патрабуюць ад нас, каб мы іх здароўе цанілі, - напэўна, гэта няправільна.

Таму я хачу з гэтай высокай трыбуны яшчэ раз звярнуцца да людзей, да беларусаў нашых, усіх тых, хто пачуе: сваё здароўе трэба берагчы нам самім. Як гэта рабіць - мы не толькі расказалі, але і паказалі.

Здаровы і адукаваны чалавек - нацыянальны прыярытэт

Тэма здароўя ў большасці людзей асацыіруецца з медыцынай. Але гэта далёка не так: да ўрачоў звяртаюцца, калі ўзнікаюць праблемы. Здароўе трэба фарміраваць перш за ўсё самому чалавеку.

Прызнаюся, я вельмі задаволены тым, што масавая культура і спорт пастпова ўваходзяць у наша штодзённае жыццё. Лыжныя, лыжаролерныя трасы запоўнены дарослымі і дзецьмі. Прыемна на гэта глядзець. Да ночы распісаны распарадак работы футбольных і хакейных пляцовак. Папулярнасцю ў гараджан карыстаюцца адкрытыя лядовыя каткі. Нашым грамадзянам стаў даступны такі элітны від адпачынку, як гарналыжны.

Карысць ад масавага захаплення спортам адчулі ўсе. Ужо не чуваць смешак адносна пабудаваных лядовых палацаў, каткоў, беларускіх ганалыжных цэнтраў. Насуперак скептыкам гэта стала рэальнасцю.

Але так - у сталіцы і абласных цэнтрах. А што ў іншых гарадах? У кожным населеным пункце трэба ствараць умовы для масавых заняткаў спортам.

Асабліва юнае пакаленне трэба да гэтага далучаць. Яно - кадравы рэзерв для вялікага спорту.

Ведаеце, чаму так магутна выходзіць на лідзіруючыя пазіцыі Кітай? Таму што там кожны займаецца фізкультурай.

Я неаднаразова гаварыў аб неабходнасці перабудаваць работу спартыўных школ. Яны павінны ўяўляць сабой многаступеньчатую структуру - ад дзіцячых спартыўных секцый да падрыхтоўкі прафесійных спартсменаў.

Чэмпіёнамі не нараджаюцца - іх трэба рыхтаваць многія гады, доўга і карпатліва. А што ў нас часта адбываецца? Набіраючы ў секцыі дзяцей, трэнеры чакаюць, калі да іх прыйдуць новыя гатовыя Алена Бялова, Марына Лобач,  Алег Рыжанкоў, Юлія Несцярэнка. Не знайшоўшы такіх, апускаюць рукі і не звяртаюць увагі на сваіх, як яны лічаць, "неперспектыўных" падапечных.

Міністэрству спорту і турызму варта ўдзяліць самую пільную ўвагу пытанню работы спартыўных секцый, фарміраванню спартыўнага рэзерву. Прычым ва ўсіх ведамствах. Патрэбна высокая аддача ад дзіцячага і юнацкага спорту. Толькі так можна забяспечыць стабільна высокія вынікі выступленняў беларускіх спартсменаў на міжнароднай арэне.

Я ўжо не раз пытаўся: што патрэбна, каб нашы спартсмены выступалі  дастойна? Сродкі? Іх сёння дастаткова. Колькі ў нас прафесіяналаў у нацыянальных камандах? 650 спецыялістаў. А колькі чалавек занята іх абслугоўваннем? Не менш. Дык, можа, справа ў чым-небудзь іншым. Можа элементарнай адказнасці не хапае? У краіне 25 тысяч спецыялістаў працуюць у сферы фізкультуры і спорту - давайце вынік.

І да саміх спартсменаў у мяне вялікія прэтэнзіі. За гонар Радзімы трэба было б мацней змагацца. Ды  і пры выпадку дзякуй сказаць дзяржаве, працаўнікам вёскі і горада за тое, што вас добра кормяць і прыгожа апранаюць. А завяршыў кар'еру - папрацуй у сябе на радзіме, вучы дзяцей, як цябе самога некалі вучылі.

Неабходна ўсямерна прапагандаваць здаровы лад жыцця. Бо многія, на жаль, не толькі не ўмеюць, але і не хочуць быць здаровымі. У сувязі з гэтым вельмі непакоіць распаўсюджванне курэння. Становіцца амаль што нормай, калі кураць школьніцы! Няўжо мы, дарослыя - настаўнікі, урачы, а галоўнае, бацькі - не бачым гэтай вельмі сур'ёзнай небяспекі, якая страшнейшая за п'янства. І не толькі для здароўя нашых дзяцей, але і для наступных пакаленняў. Паглядзіце на яркую, прывабную рэкламу цыгарэт, якая прапануе небывалыя адчуванні". А ўнізе - сціплыя маленькія літары, якіх ніхто і не заўважае: "Міністэрства аховы здароўя папярэджвае...". Процідзейнічаць гэтаму павінны ўсе: урад, мясцовая ўлада, установы адукацыі, медыцыны, сродкі масавай інфармацыі. 

Гэта патрабаванне ў роўнай ступені адносіцца і да выкаранення п'янства, якое ўяўляе сабой вельмі сур'ёзную сацыяльную праблему. 

З-за п'янства, алкагалізму распадаюцца сем'і, людзі хварэюць, калечацца і гінуць на рабоце, за рулём, у агні пажараў, папаўняюць рады злачынцаў.

У апошнія гады  для нашай краіны становіцца актуальнай праблемай наркаманія. Вядома, яе няма ў такіх памерах, як у іншых дзяржавах. Але гэта зло трэба выкараніць ля вытокаў.

Міністэрствы ўнутраных спраў, аховы здароўя, адукацыі павінны аказваць жорсткае процідзеянне распаўсюджванню і спажыванню наркотыкаў. Нараўне з прафілактыкай, лячэннем, выхаваннем павінна выключна эфектыўна дзейнічаць сістэма прававых мер, у неабходных выпадках - самых суровых.

Яшчэ адна бяда - СНІД. Гэта не толькі пытанне медыцыны, але перш за ўсё вострая сацыяльная хвароба. Паспяхова змагацца з ёй немагчыма без выкаранення той жа наркаманіі, прастытуцыі, разбэшчанасці, усяго таго, што вынікае з бездухоўнасці і маральнай беднасці. Заганам не месца ў цывілізаваным грамадстве. Пераадолеем іх, калі возьмемся ўсёй грамадой за гэту праблему.

І царква дапаможа ўмацаваць маральную і духоўную стабільнасць, асабліва сярод моладзі.

Вялікая роля ў выхаваўчай рабоце адводзіцца сістэме адукацыі. Нам удалося захаваць і развіць тое лепшае, чым валодала савецкая школа. Мы не паддаліся на модныя новаўвядзенні, слепа пераймаючы вопыт іншых краін. Бо гэта іх традыцыі, якія складаліся дзесяцігоддзямі. Нашы ўстоі таксама выпрацаваны гадамі і трывала ўвайшлі ў менталітэт беларускіх грамадзян. Мы ад іх адмаўляцца не збіраемся. Усе дзеянні па рэфармаванню адукацыі павінны быць прадуманы і дасканала ўзважаны. Дарэчы, усё гэта мы зрабілі - і прадумалі, і дасканала узважылі, зыходзячы выключна з нацыянальных інтарэсаў.

І задача ўрада, адпаведных міністэрстваў, ведамстваў, устаноў - рэалізаваць тое, пра што мы дамовіліся  зусім нядаўна. Мы спакойна можам прыстасаваць  сваю цудоўную сістэму адукацыі да сусветных стандартаў і не мець ніякіх прэтэнзій і нараканняў з боку нашых суседзяў.

Вы, мусіць, заўважылі, што я вельмі часта да гэтай праблемы вяртаюся - штогод па два-тры разы. Вывучаючы яе, я заўважыў: дагаварыліся да таго нашы "вялікія свядомыя" і вучоныя, што, ці вы бачыце, наш дыплом, наш спецыяліст не будзе запатрабаваны за мяжой. Я ў іх пытаюся: "Дык вы для каго рыхтуеце спецыялістаў?" Ну не будзе запатрабаваны там  і не трэба.

Нам яны патрэбны тут, у Беларусі. Больш таго, якая б у нас ні была сістэма ў савецкія часы, я ўжо вам гаварыў, хто стварыў "Сіліконавую даліну": рускія, беларусы і яўрэі, таксама з Беларусі, Расіі, Украіны. Але тады ў нас сістэма адукацыі таксама не адпавядалі іх стандартам, аднак яны "выцягнулі" ў нас самых талковых людзей.

Калі будзе добры спецыяліст, ён заўсёды сябе знойдзе. А сістэма ў нас цудоўная. Дай Бог ім такую сістэму.

Таму мы дакладна дамовіліся, што трэба рабіць у адукацыі. Па-першае, трэба захаваць тое, што было створана за многія дзесяцігоддзі, пры наяўнасці вельмі вялікіх сродкаў у савецкія часы. Гэта нам трэба захаваць. Але час ідзе. З'явіліся новыя павевы. Давайце дашліфуем. З'явіліся камп'ютэры, Інтэрнэт. Мы што, не разумеем гэтага? Мы што, у гэтым адсталі ад іх? Не. Як толькі гэта ў парадак дня стала, мы адразу ж іх абышлі. Ну, можа, не ў вытворчасці розных тэлевізараў, камп'ютэраў, манітораў, але ў стварэнні самага галоўнага - праграмнага прадукту. Таму давайце не будзем ламаць тое, што яшчэ доўга ў нас будзе працаваць.

Вы ж разумееце, вам ужо не трэба даказваць, што ніхто не будзе для нас "добрым дзядзькам". Ідзе жорсткая канкурэнцыя ва ўсіх сферах. І нас, наадварот, будуць спіхваць "на абочыну", прапануючы нам рэформы, рэформы і рэформы. А мы будзем у іх уцягвацца і развальваць тое, што ёсць. Такім чынам, захопліваецца наша прастора, наш рынак. Што тут утойваць, хоць тут і дыпламаты сядзяць амаль з 50 краін. Гэта ж так.

Мы ўзялі свой курс, мы бачым, што мы за нешта разумнае зачапіліся, і давайце ў гэтым напрамку дзейнічаць акуратна, дашліфоўваючы, прыцягваючы ў тыя сферы, дзе мы адстаём, новыя перадавыя тэхналогіі, і не будзем саромецца, што яны прыйшлі са Злучаных Штатаў Амерыкі, што яны прыйшлі з Заходняй Еўропы, Германіі, Швецыі, Францыі, Расіі. Мы ў іх бяром лепшае, але і самі гатовы падзяліцца тым, што ў нас лепшага ёсць. Але будзем зыходзіць з уласных і нтарэсаў, з інтарэсаў уласнага народа.

Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што атрыманая ў нас вышэйшая адукацыя мае сусветны прэстыж. Гэта не азначае, што мы рыхтуем спецыялістаў "на экспарт". Субсідзіраваць замежную эканоміку ў нашы планы не ўваходзіць, а калі і ўваходзіць, то толькі - на ўзаемавыгаднай аснове.

Мы будзем самі гадаваць і развіваць здольную моладзь. Паколькі ўсякі талент павінен быць запатрабаваны. Своечасова і паўнацэнна. Для гэтага ў краіне створаны банк даных маладых талентаў. Сфарміраваны перспектыўны кадравы рэзерв будучых кіраўнікоў. Удасканальваецца сістэма дзяржаўнай падтрымкі таленавітай моладзі. Мы гэта самі стварылі і выпакутавалі.

Хачу звярнуцца да маладых людзей. Не думайце, што недзе за межамі Беларусі вас чакае зямны рай. Вы ніколі не атрымаеце там усё і адразу. Там не рыхтуюцца для вас прэстыжныя месцы. Гэта ў іх прадугледжана для "сваіх". Спытайце ў тых, хто адтуль вярнуўся.

Нядаўна, праводзячы "мазгавую атаку" па пытанню стварэння Парку высокіх тэхналогій, мы выявілі, што так, сапраўды, нашы людзі - грамадзяне Беларусі, Расіі, Украіны, іншых рэспублік - запатрабаваны ў Злучаных Штатах Амерыкі, на Захадзе. Але запатрабаваны як падручныя. На кіруючыя, вядучыя ролі, дзе можна ўбачыць у цэлым сістэму, ацаніць, асэнсаваць яе, увабраць у сябе, іх не дапускаюць - а раптам вернецца ў Беларусь з веданнем усёй сістэмы? Таму яго "закручваюць" у гэту машыну, як маленькі вінцік. Вось, давай, на гэтым участку, мы з цябе будзем высмоктваць усё. А ўся гэта цэласная сістэма належыць іх людзям. Што, гэта не так? Ну дык давайце падумаем, перш за ўсё моладзь, ці варта ехаць гэтым "вінцікам", і што ты там атрымаеш у сувязі з гэтым? Бо 99 працэнтаў зноў сюды вяртаюцца праз некалькі гадоў, а паміраць дык дакладна прыязджаюць на сваю зямлю.

Нашы людзі патрэбны тут, у сябе на Радзіме, як прафесіяналы, адаптаваныя да нашай эканомікі і нашага сацыяльнага асяроддзя.  

Іншыя скардзяцца: маўляў, з моладдзю цяжка знаходзіць агульную мову. Але так гавораць тыя, хто гэтага не спрабаваў рабіць і хто не ўмее гэта рабіць. З маладымі людзьмі трэба размаўляць на роўных, без павучанняў, фальшы, паддобрывання, даверліва. Паверце, яны ўсё разумеюць правільна, ведаю гэта па ўласнаму вопыту, таму што рэгулярна бываю ў ВНУ і ў Мінску, і на перыферыі.

Я неяк не звяртаў увагі на гэта раней, і ўпершыню, дзякуючы журналістам, звярнуў на гэта ўвагу пасля сустрэчы з брэсцкай моладдзю, дзе мне сказалі: "Ой, якія яны ўсе апазіцыйна настроеныя!" А гэта такія маладыя, разумныя, прыгожыя, адукаваныя людзі, што імі трэба проста ганарыцца, з імі проста трэба ўмець размаўляць, трэба захапляць іх тымі праблемамі, якія перад імі стаяць, і вырашаць гэтыя праблемы. У нас цудоўная студэнцкая моладзь, і я  зусім не паддобрываюся да яе. Гэта разумнае, талковае, дастойнае пакаленне. У нас вось гэтых, "не разумеючых" таго, што ў нас у краіне адбываецца,  адзінкі, іх нават працэнтам нельга абазначыць.

І, ведаеце, гэта вынік таго, што мы ўдзялілі асаблівую ўвагу паступленню ў ВНУ. Вось там мы заклалі аснову таго, што ў нас туды не з "растапытаранымі пальцамі" прыходзяць, а прыходзяць па ведах, патрыёты нашай краіны, якія любяць нашу краіну і паважаюць яе. Гэта скрупулёзная работа дала эфект. І мы поўныя рашучасці прадаўжаць работу і ў далейшым.

Зразумела, асноўныя праваднікі ідэй у студэнцкім асяроддзі - выкладчыкі. Іх больш як 25 тысяч. Дзяржава павінна паклапаціцца аб іх сацыяльным статусе, каб яны не разрываліся, працуючы ў розных месцах у пошуках дадатковага заработку. Аднак павінна быць і аддача. У першую чаргу, высокая якасць выкладання. І не толькі гэта. За гады вучобы ў маладых грамадзян неабходна сфарміраваць цэласны светапогляд, у аснове якога - патрыятызм.

Яшчэ адзін важны аспект - узгодненасць развіцця адукацыі з патрэбнасцямі нацыянальнай эканомікі. Тут не павінна быць ніякіх перакосаў. Гаворачы аб выкладчыках, вымушаны адкрыта сказаць, што калі і ёсць у нас праблемы ў ВНУ, дык толькі ад выкладчыкаў.

Я думаю, міністру адукацыі яшчэ больш цвёрда, як і Ураду, трэба падыходзіць да гэтых пытанняў. Прыйшоў у аўдыторыю, прыйшоў у школьны клас, прыйшоў у ВНУ, тэхнікум, вучылішча - запомні, ты пераступіў парог самой дзяржаўнай установы і павінен дзейнічаць па стандартах, а не прапіхваць свае нейкія асабістыя інтарэсы, погляды. Гэта не значыць, што іх не трэба абмярковаць - розныя пункты гледжання і погляды - але гэта дзяржаўныя ўстановы, дзе павінны вырастаць людзі дзяржаўныя з вялікай доляй патрыятызму, калі хочаце, так, як у Злучаных Штатах Амерыкі.

Я не хацеў прыводзіць гэты прыклад, але скажу аб ім. Вы ведаеце, што мы нядаўна запрасілі да сябе са Злучаных Штатаў Амерыкі трэнера па хакею. Ведаеце, што мяне здзівіла? Вось прыехаў чалавек /я з ім сустракаўся, я вельмі цікаўлюся, як ён працуе/, і мне нядаўна гавораць: "Вы ведаеце, гэты трэнер з чаго пачаў? Ён усюды ў раздзявалцы павывешваў лозунгі: "Разам змагаемся!..", "Разам абараняем!..". Ну вось такія, якія ў нас у савецкія часы былі. І ён свята ў гэта верыць. На гэтым пабудавана ўся сістэма.

І я назіраю, як жа нашы хакеісты на гэта рэагуюць? Яны пасмейваюцца. Яны ўжо "выраслі", аказваецца, з гэтага, яны ўжо забыліся. А я, з другога боку, думаю, дык гэта мы ўжо недзе бачылі, гэта ў нас было, у савецкія часы. І там, за мяжой, дзеці і дарослыя людзі прывыкаюць да гэтых лозунгаў: "Змагацца разам!", "Грызці зубамі". І вы бачыце, як яны гуляюць. А нашы - уразвалку, за секунды да канца гульні могуць прайграць матч самы прынцыповы. Таму што ўжо сталі такія "дэмакратычна развітыя". Мы яшчэ будзем пажынаць гэтыя плады. І я ўбачыў: вось тое, што мы страцілі - гэта засталося ў нашых сапернікаў. І прытым усюды, нават у самых дробязях.

Калі мы хочам выстаяць на спартыўнай пляцоўцы, у эканоміцы, у сацыяльнай сферы, у гэтай жорсткай канкурэнтнай барацьбе немагчыма без асабістага пераканання, адданасці і патрыятызму, немагчыма, якім бы ты ні быў спецыялістам.

У свой час з-за бяздумнасці кіраўнікоў асобных ВНУ, а таксама бескантрольнасці з боку Урада, іншых зацікаўленых ведамстваў прайшла хваля стварэння факультэтаў, што рыхтуюць спецыялістаў па "модных" спецыяльнасцях. "Напладзілі" "эканамістаў", "менеджэраў", "фінансістаў", "юрыстаў", якім стала праблематычна знайсці адпаведную работу.

Сёння юрыстаў рыхтуюць 20 вышэйшых навучальных устаноў. У мінулым годзе дыплом па гэтай спецыяльнасці атрымалі 4,5 тысячы чалавек. У пазамінулым - 6 тысяч. Куды такіх падзець гора-юрыстаў? І вы ведаеце, у якіх ВНУ яны і ў якіх умовах рыхтаваліся.

Зрэшты, цяжкасць заключаецца большай часткай не ў самой перавытворчасці. Юрыдычных кадраў, напрыклад, не хапае на вёсцы: у выканкамах, аграпрамах, непасрэдна ў гаспадарках. Таму будзе прадоўжана практыка дзяржаўнага размеркавання выпускнікоў і праходжання стажыроўкі.

Мінадукацыі павінна яшчэ раз прааналізаваць, наколькі запатрабаваны выпускнікі па тых або іншых спецыяльнасцях, і прыняць адпаведныя меры. Мы ж падманваем дзяцей і бацькоў, калі прыгожай шыльдай прыкрываем нізкаякасную адукацыю і адсутнасць рабочага месца ў будучым.

Хачу перасцерагчы і ад празмернай камерцыялізацыі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Адукацыя ў нашай краіне павінна заставацца даступнай.

Гэта не азначае, што трэба адмовіцца ад платнай формы навучання. Не. Яна дае магчымасць задаволіць усіх жадаючых атрымаць вышэйшую адукацыю. Аднак у шэрагу ВНУ, у тым ліку прыватных, цэны на навучанне яўна завышаныя. Многія бацькі проста не могуць аплаціць вучобу дзяцей. Дык зрабіце аплату дыферэнцыраванай, у залежнасці ад даходаў сем'яў. Стварыце ўмовы, каб разам з вучобай студэнты маглі падзарабляць. Пажадана, па спецыяльнасці. Няхай набываюць прафесійныя навыкі і адначасова зарабляюць грошы.

Вечны боль - сацыяльнае сіроцтва. Яно спароджана пераважна няўдалымі сем'ямі. У краіне больш за 30 тысяч дзяцей-сірот або дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Гэта супараўнальна з насельніцтвам цэлага раёна. Несумненна, дзяржава выгадуе і выхавае абяздоленых дзяцей. Дасць ім пуцёўку ў жыццё. Яны нам не чужыя. 

Але дзяржава мае права патрабаваць, як я ўжо гаварыў, найвышэйшай адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей. І мы запытаем  з нядбайных бацькоў. У бліжэйшы час па маім даручэнні ў Парламент будзе ўнесены праект Закона, згодна з якім бацькі, якія кінулі дзяцей, стануць сваёй працай аплачваць іх утрыманне. Паразітаваць нікому не будзе дазволена. Будуць не проста працаваць, а  многа працаваць кожны дзень і плаціць за ўтрыманне ўласных дзяцей столькі, колькі належыць.

Знойдуцца і сем'і, якія жадаюць усынавіць сірот - у нас, тут, у Беларусі,  дома. Усынаўленне за мяжу можа быць толькі, як ужо было сказана, у выключных выпадках. І лёс кожнага дзіцяці, якое выехала за мяжу, павінен быць узяты пад асаблівы кантроль, што мы, дарэчы, нядаўна і зрабілі.

Але ўпэўнены: нашых дзяцей мы можам і павінны гадаваць і выхоўваць самі. Нядаўна, вы ведаеце, сродкі масавай інфармацыі, асабліва Расійскай Федэрацыі, расказалі аб адным  з тысяч жудасных выпадкаў.  Тое, аб чым я вас папярэджваў год таму, калі на мяне націскалі: "Ну як гэта, Аляксандр Рыгоравіч, без усынаўлення за мяжой? Ну як гэта, калі там ім добра? Калі дзеці хочуць". Бачыце, у 5-6 гадоў, а тое і ў 3 гады "яны хочуць". Але да чаго гэта прыводзіць?

Каля 500 або 600 тысяч дзяцей, лічба называлася, былі аддадзены з Расіі на выхаванне за мяжу. У нас за гэтыя 10 гадоў таксама лічба называлася - недзе больш за тысячу, па-мойму, паўтары. І што? Вы ўпэўнены, што з нашымі дзецьмі нічога дрэннага не адбываецца? Гэта добра, што мы спахапіліся, цяпер бяром іх там поўнасцю на ўлік. Пачалі цікавіцца, што там адбываецца. І як толькі ўвялі жорсткую сістэму  - мы не забараняем, ні ў якім разе, мы проста за кожным дзіцём глядзім, трэба яго аддаваць на ўсынаўленне за мяжу або не - і калі мы ўважліва да гэтага падышлі, дык міністр адукацыі за апошні год, вось з таго Паслання /тады была ўзнята гэта праблема/ усяго пяць дазволаў даў на ўсынаўленне. Пяць дзяцей за мяжу мы ўсынавілі за гэты год, і то пад гарантыі самых адказных людзей.

Мы вельмі шмат гаварылі пра гандаль людзьмі. І я дыскусію ў гэтай зале глядзеў, калі тут ужо даходзілі да абсурду: маўляў, што рабіць, калі жанчына замужняя кахае некага там на баку, і навошта нам патрэбны такі Закон? Ды не ў гэтым жа сутнасць Дэкрэта і Закона, якія вы ўжо прынялі. Пытанне не ў гэтым. Мы павінны сказаць жанчынам: вы, калі ласка, распараджайцеся сабой, як вы лічыце неабходным, але гандляваць жанчынай у нашай дзяржаве забаронена. Вось гавораць: яна сама сабой няхай распараджаецца. Прабачце, а чаму мы забараняем наркотыкамі гандляваць? Мы ж забараняем гандляваць. І гэтага гандлю ў нас таксама не будзе.

Вы бачыце, у якім напрамку рухаецца свет. Жанчыны, дзяўчаты - яны самі павінны вызначаць, як ім дзейнічаць. Але, калі чалавек едзе зарабіць нейкія сродкі, а яго цягнуць у іншае месца, мы павінны прапанаваць яму дапамогу, за мяжой у тым ліку. Вось у чым сутнасць. Раней жа ніхто за гэта не адказваў. А калі мы паглядзелі, што ў гэтай сферы адбываецца - дык сёння ў следчым ізалятары месца няма: сядзяць за тое, што гандлявалі людзьмі, атрымлівалі вялікія грошы. У Арабскіх Эміратах плацілі, напрыклад, да 10 тысяч /долараў/ за адну паездку. І каму гэтыя грошы паступалі? Прыгажуням гэтым? Не. Яны асядалі ў пасрэднікаў. Больш таго, гэта ценявыя грошы, чорныя, цёмныя грошы. Мільёны долараў тут круціліся. Такім чынам, мы адсачылі тэндэнцыі, якія мелі месца. Адкрыта паглядзелі на гэта.

Вось у чым праблема, а не ў тым, што некаторыя дэпутаты ўжо задрыжалі: ай, што будзе - усё забаранілі. Ды нікому ніхто нічога не забараняе. Забараніць жа немагчыма. Мы жывём не ў замкнёным грамадстве. Праз Расію паедуць, яшчэ праз нейкія дзяржавы. Шарлатанаў хапае і ў пасольствах, якія знаходзяцца тут. Асабліва ў пасольствах краін Усходняй Еўропы, якія памагаюць вывозіць людзей. І ў пэўных прадстаўніцтвах буйных кампаній, перш за ўсё ў "Лукойле", я прама скажу аб гэтым. Прыехалі сюды нафту перапрацоўваць, а гандлявалі нашымі дзяўчатамі за мяжой. Прытым партыямі ішлі, сотнямі. А сёння сядзяць, паказанні даюць. Вось у чым праблема. Гэтак жа і па дзецях. Гэтак жа і па нашых грамадзянах, якія выязджаюць за мяжу па студэнцкаму абмену.

Затурбаваліся некаторыя заходнія дзяржавы: дыктатура! Лукашэнка не пускае грамадзян з краіны! Ратуй, Божа, наадварот, будзем падтрымліваць, калі студэнт у летнія канікулы едзе на Захад або яшчэ некуды зарабіць. Прытым мы іх не арыентуем, на якую работу. Але мы павінны падтрымаць нашых людзей. Узяць іх на кантроль, каб ім там не было дрэнна, каб не здзекваліся над імі. Гэта ж нашы грамадзяне, нашай краіны. Вось у чым праблема, а не ў нейкай забароне або яшчэ ў нечым.

Культура - аснова самабытнасці народа

Аб культуры. Выхаванне само па сабе немагчыма па-за культурнай традыцыяй. Яшчэ раз стаўлю пытанне аб прыярытэце народнай культуры. Яна - адвечная каштоўнасць і нацыянальны здабытак.

Роля дзяржавы - у аказанні ёй разумнай дапамогі і падтрымкі.

Некалькі слоў аб тым, што робіцца.

У хуткім часе адкрыецца унікальны будынак Нацыянальнай бібліятэкі. У дастойных умовах будуць размешчаны скарбы Нацыянальнага мастацкага музея. Добрымі тэмпамі ідзе рэстаўрацыя шэдэўраў архітэктуры - палацава-замкавых комплексаў у Міры і Нясвіжы.

На чарзе - рэканструкцыя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.

Але мы не толькі будуем. На прылаўках кніжных магазінаў - шырокі выбар добра выкананых, прыгожа ілюстраваных выданняў беларускіх аўтараў - і класікаў, і сучасных.

Другое нараджэнне атрымаў айчынны кінематограф. Створаныя ў апошнія гады кінастужкі не пакінулі гледача абыякавым. Але ён чакае новых знаходак ад "Беларусьфільма". Давайце зробім добрае дзіцячае кіно. Добрыя мультфільмы для малышоў. Каб падабаліся і выхоўвалі. 

Дзяржава падтрымлівала і будзе падтрымліваць дзеячаў культуры і мастацтва, але толькі тых, хто сапраўды стварае. Мы гатовы ўкладаць грошы ў канкрэтныя творы, а не ў "паветраныя замкі".

У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для плённай работы людзей творчых. Я нават пайшоў на "непапулярныя" меры і запатрабаваў, каб у эфіры гучала спачатку 50, а цяпер 75 працэнтаў беларускай музыкі. Колькі было шуму, колькі абурэння! Крычалі, што няма якасных дыскаў, добрых спевакоў і спявачак.

Паглядзіце на вынік! За апошні год большасць айчынных выканаўцаў запісалі свае новыя альбомы, прычым па сучасных тэхналогіях. Іх песні арганічна ўліваюцца ў эфір нараўне з расійскімі і замежнымі хітамі.

Гэта нармальная і агульнапрынятая практыка. Краіны Захаду на дзяржаўным узроўні абараняюць свае інтарэсы, у тым ліку і ў культурнай сферы. Чаму ж мы не павінны гэта рабіць?

Колькі ў нас за мінулы год было "імпартных" канцэртаў? Хто-небудзь ведае? Толькі ў Мінску каля 140!

А што нашы артысты? Чаму з імі не працуем? Чаму не "раскручваем" маладыя таленты? Дайце магчымасць па-сапраўднаму праявіць сябе студэнтам універсітэта культуры, акадэміі музыкі, акадэміі мастацтваў. Стварыце ўмовы, і творчы ўсплёск не прымусіць сябе чакаць.

Невялікі прыклад, вазьміце гэту дзяўчыну з Магілёва, якая будзе выступаць на "Еўрабачанні" за Расію - Наташу Падольскую. Яна ў нас аказалася незапатрабаванай. Не разгледзелі ў ёй таленавітага чалавека. Тое ж самае ў гэтым "Народным артысце" - хлопец з Бабруйска. Гэта ж наш! Аказваецца, у ім таксама нічога не разгледзелі! І людзі ж добрыя, я з імі сустракаўся,  нашы, беларускія людзі.

Дарэчы, гэта нядрэнна, што Падольская будзе выступаць за матухну-Расію. Дарэчы, у нас адбылася з ёю размова, і я сказаў: "Выступай, Наташа, нічога страшнага ў гэтым няма, гэта не чужая нам краіна, і гэта годнасць нашай краіны падкрэслівае". Але колькі такіх людзей у нас, і не толькі ў сферы эстраднага мастацтва! Гэта мы бачым, гэта ўсё на вачах. А класічная музыка? А выяўленчае мастацтва? А ў іншых сферах колькі моладзі мы страчваем, не бачым талентаў?

Мы штогод трацім каласальную колькасць сіл і сродкаў на правядзенне розных фестываляў. Паглядзіце, наша невялікая і небагатая рэспубліка ператварылася ў цэнтр фестывальнага руху на постсавецкай прасторы. 

У адным "Славянскім базары" ўдзельнічае паўсвету. Аналагаў яму сёння наогул няма. Багатае і разнастайнае свята нацыянальных культур, што праводзіцца ў Гродне. Па-свойму цікавы "Лістапад". Непаўторныя і унікальныя "Дажынкі". Гэтыя святы сталі ўжо нацыянальнай традыцыяй.

Культура - аснова духоўнасці нашага народа.

Блізкія да яе павінны быць нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі. Несці пазітыўны зарад. Быць бездакорна маральнымі. А гэта значыць, прафесіянальнымі.

Якасць работы сродкаў масавай інфармацыі, асабліва тэлебачання, павінна стаць вельмі высокай, інакш не вытрымаем канкурэнцыі. У тым ліку ў тэхнічным плане. Перспектыва - лічбавае тэлебачанне. Да гэтага ўзроўню трэба падцягваць і рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі.

Нас ужо глядзяць у дзесятках краін. А беларускае радыё можна пачуць у любым кутку планеты. Бясспрэчным прарывам стала з'яўленне спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь-ТБ". Стратэгія яго вяшчання, як і іншых нашых каналаў, павінна быць наступальнай. Накіраванай на заваяванне гледача, падтрымку нашай прадукцыі. Мы гэтым самым хочам проста паказаць і расказаць людзям праўду аб нашай краіне. У цэнтры ўвагі СМІ заўсёды будуць чалавек і чалавечнасць. Не трэба адыходзіць ад вострых тэм.

Аднак грамадства павінна быць надзейна абаронена ад дэструктыўных фактараў. Трэба засцерагчы людзей, асабліва моладзь, ад заганнага ўздзеяння культу насілля, жорсткасці, амаральнасці. Трэба паглядзець на ролю сродкаў масавай інфармацыі з іншага боку. Іх функцыя не толькі адлюстраванне, але і фарміраванне грамадскай думкі. Яны з'яўляюцца эфектыўным інструментам падтрымання пастаяннай узаемасувязі паміж грамадствам і ўладай.

Народ і ўлада

У Беларусі супрацоўніцтва ўлады і народа набывае новую якасць.

Да гэтага абавязваюць вынікі рэферэндуму і парламенцкіх выбараў 2004 года, той вельмі высокі давер грамадзян, які аказаны нам. Таму на нас ляжыць вялізная адказнасць перад краінай і людзьмі. Зробленыя апошнім часам крокі па выкараненню бюракратызму, валакіты, пустой паператворчасці  павінны стаць не аднаразовай кампаніяй, а нормай жыцця.

Хіба гэта дапушчальна, што асобныя чыноўнікі фармальна ставяцца да патрабаванняў Прэзідэнта па ўпарадкаванню работы дзяржапарату? Структуры ўлады, арганізацыі, што аказваюць паслугі насельніцтву, абавязаны падпарадкаваць сваю дзейнасць інтарэсам і штодзённым патрэбнасцям людзей. Размова ідзе аб паліклініках, аптэках, атэлье, рамонтных майстэрнях, натарыяльных, адвакацкіх канторах, землеўпарадкавальных, жыллёва-камунальных службах і многіх іншых. Словам, аб тых установах, паслугі якіх найбольш запатрабаваныя і, значыць, павінны быць максімальна даступныя. Быццам бы ўзяліся за аптымізацыю іх работы, але, як часта бывае, не давялі да ладу. Натарыяльныя канторы адкрыты да 20.00, а ашчадбанкі, у якіх аплачваецца дзяржпошліна, - да 19.00. Асобныя ЖЭСы змянілі свой графік так, што працуюць толькі па некалькі гадзін раніцай і вечарам.

Яшчэ раз папярэджваю Урад, Адміністрацыю Прэзідэнта і Камітэт дзяржаўнага кантролю, іншыя органы ўлады: вы абавязаны рэалізаваць маё патрабаванне і не пазней як на працягу гэтага года, у адваротным выпадку - не крыўдуйце! І хопіць разваг аб прынцыпе аднаго "акна". Да канца года ён павінен быць уведзены пры вырашэнні любых пытанняў, звязаных са зваротамі нашых грамадзян. Пара чыноўнікам павярнуцца тварам да людзей. Адсядзецца не ўдасца нікому, паверце - нікому. І вы ў гэтым хутка пераканаецеся.

Актуальнай задачай лічу спрашчэнне падатковай сістэмы. Яна ў нас празмерна забюракратызаваная, дзейнічаюць складаныя схемы вылічэння падаткаў. Далёка не дасканалы парадак іх спагнання. Падатковая сістэма павінна стаць зручнай для людзей, ліквідаваць усялякія ценявыя напрамкі. Хутка адаптавацца да сітуацыі, не ствараць сацыяльнага напружання, як гэта магло здарыцца пасля змянення механізму выплаты ПДВ індывідуальнымі прадпрымальнікамі, калі спатрэбілася ўмяшанне  ўсіх органаў улады. Трэба зрабіць так, каб людзям было выгадна плаціць падаткі, а не шукаць пралазы схавацца ад іх. У сваю чаргу адказнасць за нявыплату падаткаў павінна быць вельмі строгай. 

Па майму даручэнню праект адпаведнага закона распрацаваны і ў бліжэйшы час будзе ўнесены ў Нацыянальны сход. Мы нічога не прыдумвалі ад сябе. Зрабілі, як у Злучаных Штатах Амерыкі і еўрапейскіх дзяржавах. Але, разважаючы на гэту тэму, я ўсё больш пераконваюся, што гэты праект закона мы павінны ўвесці са спрошчанай, але новай падатковай сістэмай. Вось сістэма - плаці, не заплаціў - вось другі закон, жорсткі закон. Інакш пры такой сістэме, калі можна ногі пераламаць і да сярэдзіны не дайсці, такі закон можа занадта зламаць лёсы людзей.

Таму, Сяргей Сяргеевіч (Сідорскі), пачынайце спрашчэнне падатковай сістэмы.

Гэтак жа не з'яўляецца навізной увядзенне кнігі заўваг і прапаноў. Для чаго яна патрэбна? Каб да чалавека адносіліся па-чалавечы. І таксама, гляджу - дыскусія разгарнулася. Клічуць нейкіх юрыстаў, якім яшчэ без году тыдзень, учора ВНУ скончылі, і яны, разумніцы, разумныя, талковыя, умеюць чытаць, літары, коскі і кропкі, але яны дух не адчуваюць гэтага дакумента.

Бо сутнасць гэтага дэкрэта ў тым, каб наладзіць прамыя сувязі з людзьмі. Я думаў вось аб чым: ну няхай будзе для нас, чыноўнікаў, яшчэ адна "прамая лінія" размовы з народам. Так, будзе недахопаў шмат. Так, нешта нехта будзе пісаць, хваліць у гэтым кніжках, як у савецкія часы, кагосьці. Бо кніжка не для гэтага. Там павінны быць канкрэтныя заўвагі і канкрэтныя прапановы адносна недахопаў, дзе і што трэба дапрацаваць. І гэта трэба патрабаваць. Але, паверце, калі адказны чыноўнік любога рангу, асабліва тыя, каму гэта належыць, прыйдзе ва ўстанову, паліклініку, бальніцу, дзяржаўную ўстанову, у райвыканкам, гандлёвы пункт і паглядзіць гэту кніжку, ён ужо будзе, прачытаўшы ўсе гэтыя заўвагі, у цэлым мець уяўленне аб гэтай арганізацыі і аб тым, як адказныя людзі рэагуюць на крытыку.

Няхай гэта будзе нейкім каналам сацыялагічных даследаванняў у той ці іншай галіне. Што ў гэтым кепскага? Не, пачынаюць адводзіць размову: а што, калі штосьці непрыстойны, нядобрасумленны напіша? Ну напіша.  Гэта ж форма сувязі з людзьмі. І людзі гэта ўспрымаюць нармальна. Проста мы ўжо такія "разумныя" сталі, што адарваліся ад людзей і не разумеем, што добра для чалавека,  а што дрэнна. Мы жывём у іншым свеце. Нам добра быццам бы. "Ну навошта гэта кніжка?" Ці адзін з дэпутатаў гаворыць: "Добрая форма барацьбы канкурэнтаў". Ну, дык адрозніце гэту форму барацьбы канкурэнтаў ад звычайных заяў і прапаноў людзей. Я лічу, мы "зярняты ад пустазелля" ўжо навучыліся адрозніваць. Таму не перажывайце за гэта. Давайце папрацуем і паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

Я ўпэўнены, што гэта не лішняя будзе форма работы з людзьмі. Будзе неяк  і падганяць людзей, асабліва калі яшчэ будуць жорсткія патрабаванні за захаванне парадку.

Бо ўсе "разумныя". І мы "разумнымі" становімся калі? Калі трэба выбірацца. Усё абяцаем. Ну дык давайце гэта рабіць да выбараў. Каб потым прыйсці і сказаць: няхай мы не дапрацавалі, але мы, вось глядзіце, і гэта, і гэта, і гэта для вас зрабілі - і платы адрамантавалі, і вуліцы падмялі, і вас навучылі месці вуліцы і прыбіраць каля свайго дома.

Яшчэ раз падкрэсліваю: мы прэтэндуем на званне народнай улады, дык давайце будзем працаваць у інтарэсах народа. А народ жыве вось гэтымі "дробязямі". Яны сталі для нас быццам дробяззю, а гэта - людскія праблемы і клопаты, якімі чалавек жыве.

Пакуль, на жаль, не ўсё добра ў гэтай сферы. Бюракратыя і фанабэрыя - у дзяржаўных установах. Хамства - у прыватным сектары, дзе, здаецца, кліента павінны "насіць на руках".

У чым мы, можа, пайшлі далей за ўсіх - увялі гэту кнігу ўсюды, не абмежаваліся толькі магазінам, сталовай або аптэкай, а ўкаранілі на ўсіх узроўнях, аж да вышэйшых дзяржаўных органаў. І прытым, я патрабую ад усіх прадстаўнікоў улады, каб самым жорсткім чынам спыняліся факты, калі людзям не прадастаўляюць гэту кнігу.

Яшчэ раз хачу падкрэсліць: у нашай краіне мы павінны дабіцца такога ўзроўню, каб нікому не было дазволена прыніжаць чалавечую годнасць самага простага чалавека!

Падыходы да кіраўніцкай дзейнасці мяняць давядзецца.

Задача заключаецца ў стварэнні дакладнай і празрыстай сістэмы работы ўсіх органаў улады. 

Грамадзяне павінны шырока і актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх дзяржаўных справах.

За апошнія дзесяць гадоў ні адно лёсавызначальнае рашэнне ў Беларусі не было прынята без усенароднага абмеркавання. У гэтым і заключаецца сутнасць сапраўднага народаўладдзя.

Наперадзе - трэці Усебеларускі народны сход.

Яго важнейшая мэта - прыняцце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2010 года. Гэты асноватворны дакумент будзе накіраваны на дынамічнае развіццё нашай эканомікі і павышэнне якасці жыцця народа.

Агульнадзяржаўнымі прыярытэтамі ў наступныя пяць гадоў павінны стаць:

па-першае, усебаковае гарманічнае развіццё чалавека /здароўе, адукацыя, рост дабрабыту/ і забеспячэнне прынцыпу сацыяльнай справядлівасці.

Па-другое, інавацыйнае развіццё нацыянальнай эканомікі.

Па-трэцяе, нарошчванне экспартнага патэнцыялу на аснове павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі і паслуг.

Па-чацвёртае, энерга- і рэсурсазберажэнне.

Па-пятае, развіццё аграпрамысловага комплексу і сацыяльнае адраджэнне вёскі.

Пры гэтым да 2010 года стаіць задача павялічыць ВУП у паўтара раза, сярэднюю заработную плату давесці да 500 долараў, узровень малазабяспечанасці скараціць у два разы. Да 2009 года павінен быць збалансаваны знешні гандаль і забяспечаны выхад на ўстойлівае дадатнае гандлёвае сальда.

Структуру эканомікі неабходна наблізіць да еўрапейскай. У гэтых мэтах Ураду трэба актыўна развіваць сектар паслуг, у тым ліку транзітных, банкаўскіх, турыстычных.

Перад вамі, паважаныя парламентарыі, стаяць задачы выключнай важнасці. Неабходна ўзняць на якасна новую ступень праватворчую работу. Устараніць прабелы ў нацыянальным заканадаўстве. Новыя законы павінны зыходзіць з рэалій жыцця, адпавядаць чаканням людзей, улічваць грамадскую думку на аснове сістэмы прававога маніторынгу.

Ужо ў бліжэйшы час неабходна пачаць удасканаленне ўсяго масіву эканамічных законаў з улікам стандартаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Прадоўжыць уніфікацыю заканадаўства з Расійскай Федэрацыяй. Павінна быць актывізавана работа па кадыфікацыі нацыянальных законаў. Час, нарэшце, зрушыць з "мёртвай" кропкі праекты Закона аб карупцыі і Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Галоўная мэта вашай дзейнасці - зрабіць айчыннае заканадўства простым і даступным. Гэта першае.

Другое. Ніколі не забывайце свой абавязак перад выбаршчыкамі і ўладай, якая падтрымала вас. Трэба ісці ў людзі, жыць клопатамі народа, які выбраў вас. У гэтым, калі хочаце, заключаецца ваша ідэалагічная работа.

І яшчэ, я адчуваю вялікі прабел і вялікі недахоп у тым, што дэпутаты аказаліся адхілены ад кантролю за працэсамі ва ўласных акругах. Бязладдзя больш, чым патрэба. Нядаўна ў Бласлаўскім раёне, а дарэчы, былая старшыня райвыканкама, я так разумею, стала членам Парламента, нядаўна былі выяўлены абуральныя факты. Зноў жа, на лаўку падсудных пойдзе нямала чыноўнікаў. Браслаўскія азёры, ці бачыце, "вабяць", ездзілі, стралялі летам, зімой, восенню, у тым ліку і калі забаронена паляванне, пляваць ім было на людзей, якія там адпачываюць. Людзей выганялі з работы, хто адкрыта, сумленна аб парушэннях гаварыў. Што, улады гэтага не бачылі? Што, губернатара там няма? Няма пракуратуры, МУС?

І калі толькі ў выніку работы камісіі мне на стол лягуць матэрыялы па любога рангу чыноўніках - за самую дробную правіннасць пойдзеце з пасады або пойдзеце туды, куды належыць па закону. Зноў жа, як бы там ні было, дэпутат павінен гэта бачыць. Вы, дэпутаты,  паверце, нікому не абавязаны і ні ад каго не залежыце на месцах. Вы павінны дзейнічаць так, каб людзі на вас пальцам не паказалі, што, маўляў, вы не займаецеся праблемамі сваіх выбаршчыкаў.

Трэба вярнуцца нам, Віктар Уладзіміравіч (Шэйман), да гэтай нармальнай практыкі, калі дэпутат павінен удзельнічаць у кантролі, асабліва ў тым, што датычыцца негатыўных тэндэнцый на месцах. Абавязкова трэба, аж да таго, што на заканадаўчым узроўні гэта замацаваць. Тады будзе і карысці больш. Усё ж такі 110 чалавек. Вы прыйшлі адтуль, з месц, вы ведаеце гэту сферу. Дык хоць прааналізуйце і падкажыце, што там не так штосьці робіцца.

"Князькі" з'яўляюцца новыя, але гэтыя "княствы" мы хутка ліквідуем. Такім чынам Парламент павінен і зможа больш дзейсна рэалізаваць свае ўладныя функцыі вышэйшага прадстаўнічага органа краіны ў цеснай каардынацыі з дзейнасцю іншых галін улады.

Аб стабільнасці і бяспецы

Усё, што створана, павінна быць надзейна абаронена. Народ і ўлада ў Беларусі ў аднолькавай ступені нясуць адказнасць за парадак і стабільнасць у краіне. Таму сумесныя дзеянні дзяржавы і грамадства супраць любых спроб расхіствання сітуацыі будуць жорсткімі і адэкватнымі.

Мы не фігуры ў чыёйсьці гульні. І не пешкі на "шахматнай дошцы". Нават на "вялікай".

Мы катэгарычна не прымаем сцэнарыі "дэмакратычнай змены" палітычных эліт, непажаданых Захаду. Усе гэтыя "каляровыя рэвалюцыі" - ніякія не рэвалюцыі на самай справе. Гэта адкрыты бандытызм пад выглядам дэмакратыі. Ліміт такіх "рэвалюцый" беларускі народ поўнасцю вычарпаў у мінулым стагоддзі. З гэтага прашу вас зыходзіць.

І ўсё, аб чым я гавару, заглядваючы ў 2010 год і далей, гэта не дарэмна. Мы з вамі будзем рэалізоўваць гэтыя задачы і праграмы, нягледзячы на любы націск з боку. Толькі беларускі народ можа нас адхіліць ад рэалізацыі гэтых задач. Больш ніхто. Ніякія бандыты, ніякія рэвалюцыянеры, у тым ліку і на імпартны манер.

Ніякія грошы не змогуць працаваць у Беларусі, каб звергнуць дзеючую ўладу. Ніякія! Запомніце. І няхай гэта чуюць тыя, хто сёння гэтыя грошы мяхамі, у чамаданах, праз пасольствы ўвозяць у Рэспубліку Беларусь. Мы ведаем практычна ўсё. І калі маўчым, то гэта не азначае, што мы не ведаем. Усялякіх шарлатанаў мы будзем выкрываць у вачах беларускага народа. Гэта ж трэба, дажыліся, адзін дзеяч з Пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі, нядаўна зусім, прадае легкавую машыну і ў гэты ж дзень аб'яўляе, што яе выкралі, а сам збягае ў Амерыку - скончыў сваю нібыта місію. Гэта ж маральны ўзровень работніка Пасольства. Вось чысціня дэмакратаў, якія да нас сюды спрабуюць прыехаць і навязаць гэту "дэмакратыю". Я ўжо не гавару аб тых, якіх паказвалі раней па тэлебачанню, не то "блакітных", не то "зялёных". І ўсе хочуць, каб мы маўчалі. Маўчаць не будзем!

Яшчэ хачу папярэдзіць, ужо не палічыце за пагрозу, Пасольства Польшчы. Не думайце, што палякі ў Беларусі - гэта не грамадзяне Беларусі. Гэта  нашы грамадзяне. Мы іх у крыўду нікому не дадзім, і мазгі "запудрываць" вы ім таксама не будзеце.

Ці бачыце, сёння выпрацоўваюць, што ж будзем рабіць у 2006 годзе. Украіна фарміруе лагеры: мы, маўляў,  адтуль вам падкінем рэвалюцыянераў. Палякі працуюць у заходняй частцы, у тым ліку і праз царкву каталіцкую, але не вельмі ж атрымліваецца. Католікі - гэта нашы католікі. Мы іх не ўшчамляем. Мы даўно ведалі, што вы будзеце падціскаць гэту частку насельніцтва, каб дэстабілізаваць сітуацыю. На Палессі таксама спрабуюць працаваць. Яны не разумеюць, што беларусы жывуць зусім у іншым свеце, што гэтыя палешукі - гэта самая надзейная апора наша, што палякі даўно ўжо сталі нашымі палякамі, яны не бачаць іншай зямлі для жыцця, чым у Беларусі. Ім не трэба ні Польшча, ні Літва, ні іншыя дзяржавы. А "яны" спрабуюць туды ўлезці.

Мы ж гэта бачым. Да нас жа гэтыя людзі самі прыходзяць і расказваюць. Бо яны мне ніколі не здрадзяць. Першая мая сустрэча ў 1994 годзе была ў Гродне, на мяжы з Польшчай, выступаў перад палякамі. І ўсё, аб чым яны прасілі мяне, я для іх зрабіў. І яны за гэта мяне паважалі і будуць паважаць.

Проста вы будзеце выглядаць у вачах сусветнага супольніцтва непрыгожа. Таму супакойцеся. Паглядзіце, чым жыве краіна, і лепш зрабіце што-небудзь добрае для гэтай краіны і для гэтага народа. Ну ёсць жа з каго браць прыклад. Паслы Туркменістана, Арменіі, Расіі, іншыя - мора людзей, якія адданы Беларусі, якія тут не проста сябе адчуваюць як паслы іншых дзяржаў, а якія любяць гэту краіну.

Гісторыя вучыць: нічога акрамя развалу дзяржаўных устояў, разбурэння эканомікі, працяглых грамадзянскіх канфліктаў, крыві і пакут людзей такія спробы не прыносяць.

Іншага і не можа быць. Таму што бандытызм навязаны і праплачаны звонку. Здзейснены па заяўцы і ва ўгоду тым, каму няма справы да краіны і народа, каго цікавіць толькі задаволенне ўласных імперскіх амбіцый, захоп новых рынкаў.

Трэба разумець: укладзеныя ў "рэвалюцыю" грошы некаму давядзецца адпрацоўваць. Не тым, хто іх атрымліваў, а народу. Ці трэба гэта гэтаму народу? Пытанне залішняе. 

Магчыма, некаму не падабаецца наша самастойнасць. Але адмаўляцца ад яе, тым больш прадаваць яе мы ніколі не будзем. І прытым як бы ні націскалі і на мяне, і на маю сям'ю, і на маіх калег - гэта бесперспектыўна. Не займайцеся "манілаўшчынай", не шукайце нейкія рахункі, не ўкідвайце ў "скрыні для смецця", у гэты Інтэрнэт, што Лукашэнка штосьці там украў. Я гэта публічна перад народам гавару. Вы ўжо тры гады шукаеце тое, што я "ўкраў". Ну пара паказаць ужо і беларускаму народу, і ўсяму свету, што "ўкраў" гэты Лукашэнка. Знайсці не можаце? Да Ірака дабраліся, разбамбілі краіну, а знайсці рахункі не могуць. Дык гэта ж "11 мільярдаў долараў", гэта ж не жарт!

"Мышкаванне" нейкае. Нават цяжка ўявіць, што на гэта здольна гіганцкая краіна, якая прэтэндуе на адзіную імперыю ў свеце, на адзіны пункт апоры. Але мяне гэтым цяжка збіць. І чым больш вы ў мяне кідаеце гэтыя камяні, тым больш народ у гэта не верыць.

Але добра, што і новыя тэндэнцыі з'явіліся. Паехалі ў Вільнюс - атрымліваю стэнаграму гэтага закрытага сакрэтнага зборышча. Адно: "Дайце грошы, дайце грошы, няма грошаў, дайце грошы, не будзе рэвалюцыі, заўтра дадзіце, будзе позна, давайце сёння". Еўрапейцы гавораць: "Не-не, пачакайце, пачакайце, грошы дадзім толькі афіцыйна праз праграму "Тасіс" і гэта далей, а ў чамаданах, у мяхах - небяспечна". Таму што мы нядаўна паказалі спецыяльна для прыкладу, што мы ведаем, хто вязе і куды вязе грошы. Да абсурду даходзяць. З Марынічам вазіліся, паказалі ўжо, што гэта за чалавек, што ўсё - памірае ў турме. А ён у гэты вечар ажаніўся. Дык вы ж хоць паглядзіце, што ён за чалавек.

Так вы рэвалюцыю ў Беларусі не зробіце з такім падыходам. (Апладысменты). Ужо лепш нам заплаціце, мы вам дапаможам што-небудзь зрабіць, каб было хоць як-небудзь даць справаздачу за грошы на радзіме.

Яшчэ раз хачу звярнуць увагу і народа, і парламентарыяў. Не трэба вас вучыць, вы толькі паглядзіце, хто спрабуе вас вучыць дэмакратыі. У такіх "настаўнікаў" праблем з дэмакратыяй у сябе дома больш, чым патрэбна. Аб гэтым сведчаць сістэмныя парушэнні правоў грамадзян і на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША, ператвораныя ў фарс рэферэндумы па ўступленню новых членаў у ЕС. Ну няўжо мы гэта не бачым? Гэта ж каля нашых граніц адбываецца.

Не сакрэт, што Захад выдзеліў значныя сродкі для інфармацыйнага націску на нашу краіну. Зразумела, для чаго гэта робіцца. Усё ідзе па адпрацаванай схеме і вядомаму сцэнарыю. Але яшчэ раз падкрэсліваю, з'явіліся новыя тэндэнцыі. І мы гэта вітаем. І не толькі ў Еўропе - я вам аб Вільнюсе расказаў. Калі нашы некалькі дзесяткаў ездзілі "адзінага кандыдата" выбіраць у Вашынгтон. Пры ўсёй зацікаўленасці там таксама сказалі: хлопцы, вы яшчэ не дараслі да таго, каб мы вам мільёны адразу так увальвалі, давайце падцягвайцеся, а мы паглядзім. А падцягвацца ж няма да каго. Яны ж усё былыя. Яны ж усе выйшлі з вось гэтых каманд, партфелі не атрымалі, якія хацелі, - пайшлі змагацца ў апазіцыю.

Мы гэтаму можам процістаяць толькі адным - праўдай. Праўдай! Мы павінны паказваць і расказваць аб нашым жыцці і даводзіць да людзей праўду.

Мы жывём на сваёй зямлі. І народу Беларусі вызначаць свой лёс, а не знешнім цэнтрам сілы, якімі б магутнымі яны ні былі. 

Сёння даводзіцца прызнаць, што надзеі на мірнае развіццё цывілізацыі, якія з'явіліся ў канцы мінулага стагоддзя, не апраўдваюцца. Эскалацыя напружанасці ў крытычных рэгіёнах сведчыць аб няздольнасці сусветнага супольніцтва гарантаваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць асобных дзяржаў. У некаторых краін ужо ўваходзіць у прывычку "устанаўліваць мір і дэмакратыю" на планеце з дапамогай зброі.

Таму ўмацаванне абараназдольнасці Беларусі застаецца адной з ключавых задач. У нас выпрацавана Канцэпцыя ваенна-тэхнічнай палітыкі да 2015 года, сфарміраваны неабходныя ўмовы для якаснага пераўтварэння Узброеных Сіл. Яны становяцца больш арганізаванымі і мабільнымі. Я сказаў да 2015, але гэта не трэба ўспрымаць як тое, што я яе буду рэалізоўваць, а то зноў ужо задрыжаць у пасольствах, што тут да 2015 года будзе Лукашэнка.

Гэта пацвярджаюць штогадовыя комплексныя і аператыўна-тактычныя вучэнні.

Нядаўна мы правялі беспрэцэдэнтныя нават для Савецкай Арміі вучэнні - калі нечакана для ўсіх была інсцэніравана сітуацыя, блізкая да баявой, і ўзняты па трывозе шэраг воінскіх падраздзяленняў, выведзена баявая тэхніка, якая даўно ўжо на захоўванні, з савецкіх часоў, прызваны ваеннаабавязаныя з запасу. Мы пераканаліся: нават пры асобных недахопах нашы Узброеныя Сілы здольны абараніць народ і адстаяць незалежнасць нашай дзяржавы.

Свой вельмі магутны рэсурс прадэманстраваў айчынны ваенна-прамысловы комплекс.

Мы будзем і ў далейшым ісці ў гэтым напрамку - узмацняць патэнцыял абароннага сектара эканомікі. Калі ёсць армія, яна павінна быць баяздольная.

У нашай краіне законапаслухмяны грамадзянін павінен жыць і працаваць спакойна. Не баяцца за ўласнае жыццё, бяспеку сям'і, захаванасць маёмасці. Усё гэта павінна яму гарантаваць дзяржава.

На гэта накіравана адпаведная Дырэктыва Прэзідэнта. 

Аднак самазаспакоенасці быць не павінна. На жаль, у нас па-ранейшаму шмат няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Асабліва ў Брэсцкай, Віцебскай і Мінскай абласцях.

Непакоіць сітуацыя са злачыннасцю. Проціпраўныя дзеянні як фактар, які дэстабілізуе грамадства, павінны быць зведзены да мінімуму. Барацьбу са злачыннасцю трэба зрабіць больш эфектыўнай. 

Беларусь і свет

Галоўным прынцыпам знешняй палітыкі застаецца шматвектарнасць з улікам нашых прыярытэтаў, што склаліся гістарычна.

Рэспубліка Беларусь знаходзіцца паміж двума велізарнымі і багатымі рынкамі - Расіяй і Еўрасаюзам. Не выкарыстаць гэта было б найвялікшай памылкай.

Нашы дасягненні даюць магчымасць перайсці да стратэгіі эканамічнай экспансіі і дыверсіфікацыі знешняга гандлю, замацаваўшы перш за ўсё традыцыйныя экспартныя пазіцыі - па велікагрузных аўтамабілях, трактарах, станках, нафтахімічнай прадукцыі, адначасова нарошчваючы збыт айчынных тавараў, створаных на аснове высокіх тэхналогій, развіваючы новыя формы гандлю.

Бо мала ўмець вырабіць, аб чым я вам гаварыў, трэба ўмець прадаць. Важна не толькі шукаць новыя нішы на сусветных рынках, але і ствараць іх самім.

Усё гэта будзе ў многім садзейнічаць вырашэнню праблемы адмоўнага сальда ў знешнім гандлі. А яно ў нас па выніках мінулага года склалася вельмі вялікае - 2,6 мільярда долараў. Тут ёсць над чым папрацаваць і Ураду, і суб'ектам гаспадарання. За іх ніхто гандляваць не будзе.

Я вельмі рады, вось нядаўна з'явілася інфармацыя па першаму кварталу, у цяжкіх умовах мы  маем дадатнае сальда,  плюс 500 мільёнаў долараў. Вось гэту тэндэнцыю трэба захаваць. І больш нічога не трэба. Я больш нічога не патрабую. У трэцім, другім і чацвёртым кварталах захавайце плюс 500. Гэта яшчэ адзін фактар суверэнітэту, яшчэ адзін фактар нашай незалежнасці.

Стратэгічны напрамак - усебаковае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне з брацкай Расіяй. Нашы адносіны з ёй застаюцца нязменнымі: яны стабільныя і даверныя. Яны і надалей будуць развівацца паслядоўна, на аснове прынцыпаў, закладзеных у фундамент нашага саюзнага дагавора. Агульныя інтарэсы забяспечваюць дакладнае ўзаемадзеянне абедзвюх краін у знешнепалітычнай галіне. Мы не толькі партнёры ў дыпламатыі, але і ваенныя саюзнікі. І ў гэтым адзінстве мы гатовы да любых выклікаў.

Напэўна, вы заўважылі, што як бы некаторыя там, у Расіі - Расія розная: ёсць і тыя, якія нас не прымаюць, ненавідзяць, не любяць - як бы яны нас ні падціскалі, як бы ні травілі, сёння ў Расіі ёсць поўнае разуменне кіраўніцтва, Прэзідэнта, практычна ўсяго расійскага народа ў тым, што Беларусь была і застаецца, на жаль, можа быць, адзіным надзейным партнёрам і саюзнікам Расійскай Федэрацыі. Мы гэта не ўтойваем. Мы не спрабуем перад Захадам паказаць, глядзіце, вось якія мы незалежныя і, як звычайна гэта рабілі былыя рэспублікі Саюза, даказаць сваю незалежнасць тым, што мы супраць Расіі. Мы ніколі не былі супраць Расіі, дзесяць гадоў мы аб гэтым гаворым: ніколі не будзем супраць Расіі.

Многія пачалі пагаворваць аб тым, што замарудзіўся працэс работы ў рамках дагавора аб Саюзе. Так, у некаторай ступені замарудзіўся. Але не таму, што ў нас астылі, сталі халоднымі адносіны, не. Я не магу сёння аб гэтым у поўным аб'ёме гаварыць, але ўсё гэта ў свой час  было звязана ў асноўным з Украінай, надта вялікія былі адцягненні на гэта.

Але ніколі, ні я з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі, ні кіраўніцтва Расіі і Беларусі, не спынялі гэты працэс. Мы ведалі, што ўсё залежыць ад эканомікі. І, нягледзячы на гэты "раздрай", які адбываецца ў СНД, мы павінны захаваць аснову - эканоміку, нашы добрыя адносіны ў галіне дыпламатыі, палітыкі і ў іншых сферах.

Скажыце, дзе мы адступілі? Нідзе. Так, ёсць пэўныя неразуменні, тармажэнні, можа быць па прынцыповых пытаннях, там, дзе датычыцца перадачы нейкіх функцый будучым саюзным органам. Мы да гэтага вельмі карэктна, вельмі беражліва адносімся. Вы бачыце, што няма ніякага націску ні з нашага боку, ні з боку Расійскай Федэрацыі. Аб гэтым Уладзімір Уладзіміравіч (Пуцін) нядаўна сказаў у Сочы.

Бо мы сёння можам зрабіць неабдуманыя крокі, а потым самі пажынаць плады сваіх памылак. Навошта гэта сёння рабіць? Навошта нам сёння даваць повад заяўляць аб тым, што мы больш не дзяржава і здаём свой суверэнітэт? Я ж цудоўна разумею, што некаторыя ў Беларусі гэтага чакаюць і рукі паціраюць: хутчэй бы, каб выступіць узброеным чынам на абарону "суверэнітэту" і тэрытарыяльнай цэласнасці. Я ж гэта ведаю. І "падарункаў" такіх мы нікому падносіць не збіраемся.

Больш за тое, мы не збіраемся знішчаць нашу дзяржаўнасць. Я, як Прэзідэнт (гэта даўно гаварыў) перш за ўсё ў гэтым зацікаўлены. Таму мы нікому  не дадзім ніякіх сцягоў у рукі, каб нас дрэўкамі гэтых сцягоў заўтра "дубасілі".

Але мы супрацоўнічалі і будзем супрацоўнічаць з Расійскай Федэрацыяй па канкрэтных напрамках, усё бліжэй і бліжэй падыходзячы адзін да аднаго, уніфікуючы нашы заканадаўствы і нашы адносіны ў сферы эканомікі.

У 2004 годзе тавараабарот паміж нашымі краінамі дасягнуў рэкорднага ўзроўню - больш як 17 мільярдаў долараў. Але патэнцыял тут яшчэ высокі. Беларуская прадукцыя запатрабавана на расійскім рынку. Таму мы будзем пашыраць кола партнёраў ва ўсіх рэгіёнах Расіі. Вельмі перспектыўным бачыцца шырокае эканамічнае супрацоўніцтва з Украінай. У 2004 годзе ва ўзаемным тавараабароце ўдалося дасягнуць мільярда долараў. Але і гэта далёка не мяжа. Цяпер мы назіраем прырост тавараабароту і з Расіяй, і з Украінай. У бліжэйшы час будзе павялічвацца экспарт складанай тэхнічнай прадукцыі.

Таксама распрацоўваюцца новыя напрамкі: энергетыка, транзіт і іншыя. Беларусь будзе мэтанакіравана ўдзельнічаць у інтэграцыйных праектах. У свой час менавіта мы выступілі з ідэяй рознага ўзроўню інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Таму было б недаравальна страціць станоўчы вопыт, накоплены ў рамках СНД, ЕўрАзЭС, Адзінай эканамічнай прасторы.

У прагматычным ключы будуюцца нашы ўзаемаадносіны з аб'яднанай Еўропай. Многія еўрапейскія краіны з'яўляюцца нашымі даўнімі эканамічнымі партнёрамі. За мінулы год беларускі экспарт у Еўрасаюз узрос больш як на 40 працэнтаў. Пры гэтым забяспечана дадатнае сальда ў гандлі. І мы будзем рабіць усё для таго, каб пашыраць эканамічнае супрацоўніцтва з вялікай аб'яднанай Еўропай. І самі гатовы ахвяраваць і рабіць усё для таго, каб Еўропе было зручна ў Беларусі.

У палітычных адносінах з Еўрасаюзам пакуль многа праблем. Не ўсім еўрапейцам імпануюць палітычная стабільнасць Беларусі, сацыяльная накіраванасць эканамічных пераўтварэнняў. Хачу яшчэ раз заявіць: мы гатовы да любога канструктыўнага супрацоўніцтва на аснове раўнапраўя і ўзаемнай павагі. І пацвярджаем гэта сваімі дзеяннямі.

Беларусь зацікаўлена ў аднаўленні поўнамаштабнага дыялога са Злучанымі Штатамі Амерыкі, але без панукванняў, асабліва з улікам станоўчай дынамікі гандлёва-эканамічных сувязей. У той жа час мы не прымаем спроб палітычнага націску, пагроз, якіх-небудзь санкцый. Спадзяёмся, што ў нашых адносінах заўсёды будзе пераважаць разумны сэнс. Шматвектарнасць знешняй палітыкі Беларусі прадугледжвае ўмацаванне ўсебаковых кантактаў з партнёрамі ва ўсіх рэгіёнах свету. Выгада будзе ўзаемная.

Напрыклад, у 2004 годзе тавараабарот Беларусі з краінамі Азіі і Афрыкі павялічыўся ў 1,5 раза і ўпершыню перасягнуў 1 мільярд долараў.

Выйшлі на якасна новы ўзровень адносіны з Кітаем, Індыяй, Іранам, краінамі Персідскага заліва, шэрагам іншых дзяржаў.

Апраўдваюць сябе намаганні на лацінаамерыканскім напрамку.

У гэтай сітуацыі я асабліва хачу падзякаваць кіраўніцтву Кітая, Індыі, Расіі, Ірана, іншых дзяржаў за тую каласальную падтрымку, якую яны нам аказваюць у міжнародных органах. Больш за тое, яны не толькі аказваюць нам падтрымку, яны фактычна ўзялі нас пад абарону. Мы адкажам дабром.

Наша краіна будзе і ў далейшым выступаць за ўзмацненне ролі ААН у вырашэнні сусветных праблем. Але мы супраць палітызацыі гэтай аўтарытэтнай арганізацыі і яе структур, у прыватнасці Камісіі па правах чалавека, супраць спроб злоўжывання яе аўтарытэтам у інтарэсах уладароў свету.

У яшчэ большай ступені негатыўная тэндэнцыя палітызацыі выяўляецца ў дзейнасці АБСЕ. Сумесна з Расіяй, Казахстанам, іншымі дзяржавамі мы выступаем за рэфармаванне гэтай міжнароднай структуры.

У цэлым нашу знешнюю палітыку можна ахарактарызаваць як дастойную і паслядоўную. Гэта - нязменная пазіцыя дзяржавы, якая ведае сабе цану, паважае і сябе, і іншых. Яна не выпадковая. Яна выпакутавана беларускім народам. Яе карані - у нашай гераічнай гісторыі.

Вернасць Вялікай Перамозе

9 мая краіна адзначае вялікае свята - 60-годдзе нашай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Мы схіляем галовы перад подзвігам салдат - свята захоўваем памяць пра тых, хто загінуў і не дажыў да сённяшняга дня. Нястомна клапоцімся аб жывых.

У мінулым годзе да 60-годдзя вызвалення Беларусі мы здолелі нямала зрабіць для ветэранаў. Гэту работу нельга спыняць. Але кожны з 90 тысяч ветэранаў адчуў асаблівы клопат дзяржавы ўжо сёння. У гэтым годзе для іх падтрымкі выдзяляецца ў паўтара раза больш сродкаў. 

Ад дзяржаўных органаў усіх узроўняў - ад Урада да сельскага Савета - я патрабую: помніце аб ветэранах заўсёды, не толькі ў святы. Гэтыя людзі - самыя паважаныя ў грамадстве. Яны павінны пастаянна адчуваць нашы беражлівыя адносіны. Усе ветэраны!

Вопыт падтрымкі ветэранаў вайны мы перанясём на стварэнне дастойных умоў жыцця для адзінокіх старых. Гэта права яны сумленна зарабілі.

Тэма вайны - вечная. Перамога ў ёй - агульны здабытак беларусаў, рускіх, украінцаў, іншых народаў Савецкага Саюза, Заходняй Еўропы, Злучаных Штатаў Амерыкі, якія знішчылі гэту "гідру", хоць і не ў зародышы.

Праўда, сёння з'явілася нямала жадаючых гэту Перамогу  ў нас адабраць. Ідэя, што ў вайне перамаглі не мы, упарта навязваецца ўсемагчымымі спосабамі. А я аб гэтым гаварыў яшчэ сем гадоў таму, калі толькі-толькі гэтыя тэндэнцыі зараджаліся. Праз тэлебачанне, кінематограф, літаратуру і прэсу вядзецца сапраўдная інфармацыйная агрэсія, цынічная і жорсткая.

У некаторых краінах, мы іх добра ведаем, адкрываюцца помнікі эсэсаўцам, выплачваюцца вялікія дзяржаўныя дапамогі фашысцкім прыхвасням. А тыя, хто ваяваў супраць "карычневай чумы", ледзь трымаюцца. Яны сёння там не пераможцы - яны "акупанты", "мігранты", "не грамадзяне".

Затое ўзнімаюць галаву рэваншысты розных масцей. Адзін разумны чалавек сказаў так: "Тады пасля вайны кіраўнікі гэтых дзяржаў і народы не гаварылі, што яны будуць эсэсаўцам помнікі ставіць, яны заўлялі сябе ў ліку пераможцаў фашызму, фашысцкай Германіі. Мінуў час - сёння яны ўжо па другі бок барыкад". І вось гэты чалавек, па-мойму, былы ваенны, дадае: "Што  было б з гэтымі дзяржавамі, калі б яны тады заявілі такую пазіцыю? Яны  не былі б у ліку пераможцаў. Яны  былі б у ліку пераможаных з усімі вынікаючымі вывадамі".

Вельмі правільна сказана. І на гэта мы павінны звяртаць увагу.

Але нам ёсць што проціпаставіць. Беларускае грамадства маналітнае: стойкія ветэраны, працавітыя рабочыя і сяляне, высокаадукаваная інтэлігенцыя, мэтанакіраваная моладзь. Мы беражліва захоўваем свае найвялікшыя, сфарміраваныя стагоддзямі каштоўнасці: свабодалюбства, самапавагу, узаемадапамогу, духоўнасць - як вечныя катэгорыі, што не падлягаюць пераацэнцы.

Гісторыя вайны застанецца адной з галоўных састаўных частак нацыянальнага светапогляду. Яна павінна вывучацца па самых праўдзівых крыніцах. Менавіта таму ў краіне выдадзены новыя падручнікі па гісторыі, у тым ліку Вялікай Айчыннай вайны. Яны напісаны аб'ектыўна, а не кан'юнктурна. Гісторыя не павінна судзіць - гісторыя павінна тлумачыць. У адваротным выпадку яна ніколі не зможа адыграць павучальнай ролі для будучых пакаленняў.

Ідэалогія патрыятызму

Паступова вызначаецца змест нашай ідэалогіі. Яна, бясспрэчна, ёсць, як і ў любой дзяржавы. Мы не падганялі і не падганяем падзеі. Мы не  спрабуем стварыць нешта штучнае, ведаючы, што ідэалогія павінна натуральным чынам выспець у нетрах народнай свядомасці. Яна трымаецца на любові да сваёй зямлі, павазе да людзей і гордасці за сваю дзяржаву. Гэта - ідэалогія патрыятызму. Яна канструктыўная, таму што накіравана на стварэнне, мае вельмі магутны мабілізуючы пачатак.

Пасля вайны ў краіне не хапала абсталявання, тэхналогій, спецыялістаў, ды і проста рабочых рук. Але затое былі масавы энтузіязм і вера ў свае сілы, вялікае імкненне зрабіць краіну лепшай у свеце, а людзей - шчаслівымі. 

Гэта было вялікае пакаленне пераможцаў. І цяпер менавіта высокі патрыятызм - краевугольны камень у фундаменце нашага агульнага дома, імя якому - Беларусь.

Многія палітолагі шукаюць прычыны і сакрэты нашай стабільнасці. Мы іх не ўтойваем. Гэта моцная і эфектыўная ўлада, якая не дапускае анархіі і не дапусціць палітычных канфліктаў, і якая працуе на карысць чалавека. Па крайняй меры, стараемся гэта рабіць.

Гэта стабільная эканоміка, якая дае магчымасць пастаянна паляпшаць дабрабыт людзей. Гэта сфарміраваная дзяржаўная ідэалогія, якая кансалідуе грамадства і мабілізуе яго на пабудову квітнеючай дзяржавы.

Гэта трывалыя асновы грамадзянскай супольнасці - Саветы дэпутатаў, масавыя грамадскія маладзёжныя, прафсаюзныя, ветэранскія арганізацыі, якія аб'ядноўваюць шырокія слаі нашага насельніцтва. Вось вытокі нашай сілы і ўпэўненасці ў будучым.

Сёння Беларусь ужо зусім не тая, якой яна была ўчора. Паглядзіце, як мы выраслі, узняліся, як імкліва выходзім на перадавыя рубяжы, захоўваючы пераемнасць пакаленняў і правільна ацэньваючы мінулае, прагназуючы і прадбачачы будучае.

Звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і нашых парламентарыяў, я з упэўненасцю гляджу ў дзень заўтрашні, у будучыню, якая ўжо ствараецца сёння. І веру: яна будзе светлай, таму што мы паступова і мэтанакіравана робім  усё для таго, каб Беларусь развівалася і квітнела, каб нашы дзеці і ўнукі жылі лепш.

Дзякуй вам за ўвагу!