У Беларусі зменены правілы рэалізацыі драўніны

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 294, якім у новай рэдакцыі выкладаюцца правілы рэалізацыі драўніны.

    Дакумент прыняты ў мэтах удасканалення парадку рэалізацыі драўніны фізічным і юрыдычным асобам, а таксама задавальнення попыту на яе на ўнутраным рынку.

    Указам спрашчаецца парадак рэалізацыі дзелавой драўніны для фізічных асоб, якія змогуць звяртацца непасрэдна ў лясгасы для яе набыцця. Удакладняецца пералік юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якім магчымы продаж драўніны па-за біржавымі таргамі з фонду аблвыканкама. Аптымізуюцца біржавыя механізмы правядзення гандлёвых сесій па продажы драўніны на ўнутраны рынак.

    Змяненні ўступаюць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання ўказа.