Перагаворы з Прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам
- 1
Малдова і ў далейшым можа разлічваць на Беларусь як на надзейнага і адкрытага да супрацоўніцтва па ўсіх напрамках партнёра. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 чэрвеня на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі рады сустракаць гасцей з брацкай Малдовы. Аляксандр Лукашэнка не раз бываў у гэтай краіне: "Гэта цёплы край, і не толькі таму, што цёплы клімат, а таму што там добрыя людзі, нечым падобныя да працавітых беларусаў".
Асаблівая ўвага ў час сустрэчы была ўдзелена эканамічнай тэме. "У час нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам Малдовы я гаварыў аб тым, што ў самыя цяжкія часы, як бы ні было нам складана, мы ніколі ад вас не закрываліся. Рабілі ўсё для таго, каб вы маглі працаваць на беларускім рынку, а з яго - хочаце на еўразійскі рынак, хочаце на ўсход", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт запэўніў, што і ў далейшым Беларусь будзе прытрымлівацца такой палітыкі адносна Малдовы. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў за тую дапамогу і садзейнічанне, якія малдаўскі бок аказвае нам на заходнім напрамку: "Малдаване сапраўды па-братэрску ставяцца да нашых праблем і нас падтрымліваюць, спрабуюць растлумачыць некаторым заўзятым палітыкам у Еўропе, што такое Беларусь і якая ў нас палітыка".
![]()
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь гатова дзяліцца з Малдовай сваімі напрацоўкамі і вопытам, як і ў былыя савецкія часы. "Мы пачыналі разам развівацца, стваралі сумесныя прадпрыемствы, не бачылі ніякіх перашкод. Гэта садзейнічала нармальнаму функцыянаванню, нават выжыванню нашай дзяржавы. Я думаю, нам ні ў якім разе нельга гэта страціць", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Малдова можа разлічваць на Беларусь: "Мы заўсёды былі і будзем надзейнымі для вас партнёрамі. Тым больш што ў нас няма той прадукцыі, якая ў вас выпускаецца". Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што калі малдаўскія кампаніі і ў далейшым будуць прытрымлівацца лініі на якасць, то будуць прысутнічаць на беларускім рынку.
Прэзідэнт лічыць магчымым пашыраць стварэнне ў нашай краіне СП, напрыклад, па выпуску дзіцячага харчавання, сокаў, якія можна затым пастаўляць і на іншыя рынкі. Беларускі бок будзе вітаць пашырэнне малдаўскай прысутнасці на сваім рынку.
![]()
У сваю чаргу Павел Філіп сказаў, што адносіны паміж дзвюма дзяржавамі дасягнулі высокага ўзроўню. "У тыя моманты, калі нам было цяжка, Беларусь вельмі адкрыта, шчыра і па-сяброўску падала руку дапамогі, напрыклад, некалькі гадоў таму, калі ў нас узнікалі пэўныя праблемы з некаторымі рынкамі ў краінах СНД. Мы гэта не забудзем і будзем рабіць усё магчымае, каб гэтыя добрыя адносіны прадаўжаліся", - заявіў ён.
Кіраўнік урада звярнуў увагу на пастаянны абмен візітамі на розных узроўнях і правядзенне перагавораў. Напрыклад, у Мінску напярэдадні адбылося пасяджэнне міжурадавай камісіі, дзе абмяркоўваліся перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва. Ён канстатаваў, што пасля невялікага спаду ў гандлёва-эканамічных адносінах у мінулым годзе, у першым квартале 2017-га намецілася дынаміка іх уздыму. Павел Філіп лічыць важным і інвестыцыйнае супрацоўніцтва - у Малдове больш як 87 прадпрыемстваў з беларускім капіталам.
Прэм'ер-міністр нагадаў, што ў Малдове пачалася зборка беларускіх тралейбусаў, дзейнічае зборачная вытворчасць трактароў. Пры гэтым кіраўнік урада адзначыў, што ў краіне высока цэняць беларускую тэхніку, суадносіны "цана-якасць" якой аптымальныя.
Прэзідэнт Беларусі і Прэм'ер-міністр Малдовы ў ходзе перагавораў пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым развіцці двухбаковага супрацоўніцтва.