Пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД пройдуць 24 і 25 кастрычніка

    Пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД пройдуць 24 і 25 кастрычніка ў Мінску ў Палацы Незалежнасці.

    У якасці асноўнага пытання на пасяджэнні 24 кастрычніка будуць абмяркоўвацца развіццё інтэграцыі і ход работы над праектам дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

    Акрамя таго, плануецца разгледзець пытанні, якія датычацца мадэльнага закона "Аб канкурэнцыі", парадку перамяшчэння наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у Мытным саюзе, выканання бюджэту Еўразійскай эканамічнай камісіі, і шэраг іншых тэм.

    Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое пройдзе 25 кастрычніка, стане ключавым мерапрыемствам у рамках старшынства Рэспублікі Беларусь у Садружнасці ў 2013 годзе.

    Беларускае старшынства праходзіць пад дэвізам "Інтэграцыя на карысць чалавека: умацаванне добрасуседства, развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, садзейнічанне павышэнню даступнасці экалагічных "зялёных" тэхналогій, пашырэнне дыялогу культур". У плане па рэалізацыі беларускага старшынства ў СНД больш як 70 мерапрыемстваў эканамічнага, экалагічнага, гуманітарнага і міжрэгіянальнага характару.

    Парадак дня саміту ўключае 14 пунктаў, якія ахопліваюць розныя сферы дзейнасці ад гуманітарнага супрацоўніцтва да ўзаемадзеяння па пытаннях бяспекі і эканамічных адносін.

    Плануецца зацвердзіць праграмы аб супрацоўніцтве ў барацьбе з тэрарызмам і іншымі насільнымі праявамі экстрэмізму на 2014-2016 гады, аб супрацоўніцтве ў барацьбе з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і процідзеянні наркаманіі на 2014-2018 гады.

    Прадугледжваецца таксама абмеркаваць Міждзяржаўную праграму сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на 2014-2018 гады, Праграму аб супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД у барацьбе з гандлем людзьмі на той жа перыяд.

    Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў зацвердзяць Пагадненне аб утварэнні Міждзяржаўнага савета па процідзеянню карупцыі і Канцэпцыю супрацоўніцтва ў барацьбе са злачынствамі, якія ўчыняюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.

    У галіне гуманітарнага супрацоўніцтва прапануецца разгледзець пытанні падрыхтоўкі да святкавання 70-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў, прыняць рашэнне аб аб'яўленні 2014 года Годам турызму ў СНД і рашэнне аб рэалізацыі ў 2014 годзе Міждзяржаўнай праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці".