Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

  • 20

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка старшынстваваў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, які прайшоў у пасёлку Бурабай Акмалінскай вобласці Казахстана.

Падводзячы вынікі саміту, Прэзідэнт адзначыў, што на пасяджэнні ў вузкім складзе было прынята рашэнне, што Расія і Казахстан вельмі сур'ёзна папрацуюць на граніцы з Кыргызстанам і зробяць максімум, каб народ гэтай краіны адчуў, якую карысць ён мае ад ЕАЭС.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што гэта прынясе вялікую карысць Кыргызстану, у тым ліку па пастаўках на агульны рынак мясной прадукцыі і іншых тавараў. "У бліжэйшы час, я думаю, да новага года, гэтыя пытанні будуць не проста вывучаны, а пашыраны, і Кыргызстан не пашкадуе, што ён уступіў у наш адзіны эканамічны саюз", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Парадак дня Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ўключаў 15 пытанняў, і ўсе яны былі разгледжаны на пасяджэнні ў вузкім складзе. Так, было прынята рашэнне, што з 1 лютага 2016 года ў Еўразійскай эканамічнай камісіі будзе старшынстваваць Арменія, а яе былы прэм'ер-міністр Тыгран Саркісян узначаліць ЕЭК.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ўдзельнікі пасяджэння выйшлі за межы парадку дня, звярнуўшыся да надзённых тэм развіцця ЕАЭС.

Па выніках саміту кіраўнікі дзяржаў - членаў савета падпісалі шэраг дакументаў, якія вызначаюць парадак узаемадзеяння ЕАЭС і ЕЭК з трэцімі краінамі. Гэта, у прыватнасці, асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці ЕАЭС на 2015-2016 гады і падыходы да развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з асноўнымі партнёрамі Саюза на сярэднетэрміновую перспектыву. Акрамя таго, у Бурабаі быў прыняты пакет дакументаў па імплементацыі ў нормы ЕАЭС абавязацельстваў, прынятых Казахстанам пры ўступленні ў СГА, было вырашана пачаць афіцыйныя перагаворы па пагадненні аб свабодным гандлі з Ізраілем, запусціць работу з Кітайскай Народнай Рэспублікай па фарміраванні гандлёва-эканамічнага пагаднення.

Наступнае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета адбудзецца ў снежні ў Маскве.