Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД
- 20
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў заклікаў СНД пачаць вырашэнне сур'ёзных праблем постсавецкай прасторы.
"У СНД трэба брацца за абмеркаванне сур'ёзных праблем на постсавецкай прасторы і, наколькі гэта магчыма, стымуляваць тых, ад каго сёння залежыць іх вырашэнне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Не будзе гэтага - мы будзем ісці па нахіленай да затухання нашага супрацоўніцтва".
Садружнасць стане аўтарытэтай і запатрабаванай, калі будзе вырашаць галоўныя, актуальныя пытанні, прадоўжыў Прэзідэнт і ў якасці прыкладу прывёў канфлікты ў Нагорным Карабаху, Прыднястроўі, Украіне. "Мы неяк нават сарамліва адыходзім ад гэтых пытанняў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы нібыта прывыклі, чакаем, што амерыканцы, Еўрасаюз, яшчэ хто-небудзь прыедзе і гэты "моцны дзядзька" нам скажа, у якім напрамку вырашаць гэту праблему або вырашыць яе за нас".
З'явіліся новыя ўтварэнні на постсавецкай прасторы, дзе ёсць магчымасць больш глыбока абмяркоўваць існуючыя праблемы, лічыць Прэзідэнт. Гэта і Еўразійскі эканамічны саюз, і Саюзная дзяржава, найбольш прагрэсіўная форма інтэграцыі, і АДКБ, і іншыя арганізацыі. "Асабліва мы апошнім часам зрабілі крэн на двухбаковыя адносіны, аддалі фактычна ім прыярытэт. Інакш кажучы, з'явілася вельмі шмат відавочных тэндэнцый на постсавецкай прасторы, якія штурхаюць нас да таго, што СНД трэба неадкладна прыстасаваць да рэалій сённяшняга дня", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнікі дэлегацый у ходзе пасяджэння ў вузкім фармаце павіншавалі Аляксандра Лукашэнку з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах і пажадалі яму поспехаў у адказнай дзейнасці. Прэзідэнт канстатаваў, што праведзеныя прэзідэнцкія выбары былі цяжкай кампаніяй для Беларусі. Паводле яго слоў, было вельмі важна, як прагаласуюць беларусы пры такім моцным уплыве звонку. "Мы спрабавалі аднавіць адносіны з Еўрапейскім саюзам, адным з нашых асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў. Я гэтага не ўтойваў, мы зрабілі ўсё, што папрасілі нашы партнёры. Пасля выбараў было пастаўлена пытанне, што далей, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Давялося прызнаць, што ў Беларусі выбары прайшлі ў адпаведнасці нават з тымі стандартамі, якіх у нас няма, але якія ад нас патрабуюць пастаянна ў ААН, АБСЕ, ПАСЕ і іншых структурах".
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што падрабязна спыняецца на гэтым пытанні, паколькі нешта падобнае чакае потым усе краіны СНД - "давядзецца вельмі карэктна даказваць сваю магчымасць кіраваць дзяржавай". У сувязі з гэтым Прэзідэнт адзначыў ролю Садружнасці. Пасля агульнага заключэння па выбарах усіх прадстаўнікоў краін СНД заходнім дзяржавам ужо складана фармуляваць свае загадзя падрыхтаваныя парадкі дня, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і пажадаў, каб і па іншых пытаннях СНД адыгрывала больш істотную ролю.
На сённяшнім пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД было разгледжана 17 пытанняў. Лідары краін Садружнасці прынялі заявы з нагоды 70-годдзя стварэння ААН, аб барацьбе з міжнародным тэрарызмам, адобрылі зварот у сувязі з 30-й гадавінай аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Акрамя таго, быў зацверджаны пакет дакументаў, накіраваных на далейшае ўмацаванне ваеннага і прыгранічнага супрацоўніцтва, разгледжаны кадравыя пытанні. У час пасяджэння Аляксандр Лукашэнка ўручыў Прэзідэнту Казахстана Нурсултану Назарбаеву ордэн Дружбы народаў. Вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Рэспублікі Беларусь казахстанскі лідар быў удастоены за значны асабісты ўклад ва ўстанаўленне і развіццё дружалюбных адносін і стратэгічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам.