Пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі АДКБ

  • 14

Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы патрабуе ўмацавання ваеннай магутнасці і механізмаў крызіснага рэагавання. Аб гэтым заявіў 15 верасня Прэзідэнт Рэспублікі  Беларусь Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў бліжэйшы час трэба нарасціць некаторыя элементы ваеннага складніка, а менавіта, вызначыцца з рэгіянальнымі сістэмамі ППА, міратворчымі сіламі.

"Сёння пры планаванні далейшай работы арганізацыі трэба зыходзіць з існуючых рэсурсаў, ставіць максімальна канкрэтныя задачы, якія вынікаюць з рэальнай ацэнкі знешніх і ўнутраных пагроз", - падкрэсліў беларускі лідар.

На думку Прэзідэнта Беларусі, паскорыўшы работу над Стратэгіяй калектыўнай бяспекі, АДКБ зможа забяспечыць фарміраванне адзіных поглядаў на абарону сваіх інтарэсаў. "Укараненне агульных стандартаў абароннай прадукцыі, аснашчэнне воінскіх кантынгентаў АДКБ уніфікаваным узбраеннем і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем дадуць магчымасць значна ўмацаваць ваенны патэнцыял арганізацыі", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён са шкадаваннем заўважыў, што па гэтых пытаннях апошнім часам "мы шмат гаворым, але мала чаго зрабілі". Аляксандр Лукашэнка лічыць, што кіраўнікі дзяржаў павінны няўхільна і бездакорна выканаць абавязацельствы, узятыя на сябе ў гэтай частцы, асабліва наконт аснашчэння.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што патрэбны і прадуманыя дыпламатычныя меры. Паводле яго слоў, пашырэнне ўзаемадзеяння з вядучымі рэгіянальнымі і міжнароднымі структурамі па бяспецы павінна быць адным з асноўных сродкаў у нарошчванні патэнцыялу АДКБ як аўтарытэтнай арганізацыі, у павышэнні ўзроўню даверу і зніжэнні напружанасці ў рэгіёне і цэлым свеце.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў бягучым годзе даволі эфектыўна прадоўжана каардынацыя знешнепалітычнай дзейнасці арганізацыі, што ў асноўным датычыцца работы Савета міністраў замежных спраў. Акрамя таго, адпрацаваны пытанні прымянення Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання, аказана ваенная падтрымка саюзнікам матэрыяльнымі і іншымі сродкамі, атрымліваюць дадатковую прапрацоўку на міждзяржаўным узроўні механізмы сумеснага процідзеяння новым выклікам і пагрозам.

У час сустрэчы ў вузкім складзе прэзідэнты комплексна разгледзелі найбольш важныя напрамкі развіцця АДКБ і скарэкціравалі планы работы на будучыню.

"Мы дамовіліся, што, калі трэба, падкарэкціруем у бліжэйшы час нашы статутныя дакументы і аптымізуем нашу арганізацыю. Прычына таго - сітуацыя, што абвастраецца, на граніцах вакол дзяржаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Значыць, гэта арганізацыя становіцца самай запатрабаванай арганізацыяй на постсавецкай прасторы", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, агульнымі для ўсіх краін-саюзніц застаюцца знешнія рызыкі і пагрозы. "Выклікаюць апасенні ўзрастаючы  ўзровень экстрэмізму, уплыў міжнародных тэрарыстычных груповак. Сёння мы сутыкаемся з эскалацыяй напружанасці ў зонах тлеючых канфліктаў, адкрытымі ваеннымі дзеяннямі і з'яўленнем новых ачагоў нестабільнасці, у тым ліку паблізу нашых граніц. Як вынік - гібель людзей, разбурэнне дзяржаў, збядненне народаў і беспрэцэдэнтныя патокі бежанцаў і нелегальных мігрантаў", - канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі пажадаў поспехаў Арменіі, якая прымае эстафету старшынства ў арганізацыі, і пацвердзіў прыхільнасць Беларусі да мэт і прынцыпаў Дагавора аб калектыўнай бяспецы. "Мы гатовы і далей да супрацоўніцтва з дзяржавамі-членамі ў развіцці саюзніцкіх адносін ва ўсіх сферах забеспячэння міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Парадак дня пасяджэння налічваў больш за паўтара дзясятка пытанняў. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі пытанне праверкі гатоўнасці воінскіх кантынгентаў Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ да выканання задач па прызначэнні, разгледзелі прыярытэтныя напрамкі ў перыяд старшынства ў Арганізацыі Арменіі. Размова ішла таксама аб арганізацыі кіравання войскамі (Калектыўнымі сіламі) АДКБ, аб складзе і базіраванні Калектыўных авіяцыйных сіл. Кіраўнікі дзяржаў разгледзелі таксама некаторыя арганізацыйныя пытанні, падпісаўшы па выніках саміту шэраг дакументаў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў удзел у афіцыйным прыёме ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан Эмамалі Рахмона ў гонар удзельнікаў сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.