Пашыраны паўнамоцтвы памочнікаў Прэзідэнта - інспектараў па абласцях і Мінску

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пашырыў паўнамоцтвы сваіх памочнікаў - інспектараў па абласцях і Мінску. Адпаведны Указ № 503 Кіраўнік дзяржавы падпісаў 29 снежня.

    У дакуменце выкладаецца ў новай рэдакцыі палажэнне аб памочніку Прэзідэнта Беларусі, зацверджанае Указам № 40 ад 13 лютага 2017 года. У прыватнасці, яны надзяляюцца правамі прыцягваць да выканання даручэнняў Прэзідэнта дзяржаўныя органы і арганізацыі, у тым ліку сістэмы забеспячэння бяспекі, пры прад'яўленні службовага пасведчання бесперашкодна ўваходзіць на тэрыторыю і ў памяшканні дзяржаўных органаў і арганізацый. У выпадку выяўлення фактаў безгаспадарчасці, парушэнняў заканадаўства, вытворча-тэхналагічнай, выканаўчай і працоўнай дысцыпліны памочнікі Прэзідэнта могуць хадайнічаць перад дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці або прымяненні іншых мер уздзеяння ў адносінах да службовай асобы, у рашэннях або дзеяннях (бяздзейнасці) якой бачацца парушэнні.

    Акрамя таго, на памочнікаў Прэзідэнта - інспектараў па абласцях і Мінску ўскладаюцца дадатковыя функцыі: па выяўленні ў рэгіёнах крыніц і фактараў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, па кантролі, аналізе і прагназаванні грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, унясенні прапаноў па забеспячэнні ўнутрыпалітычнай стабільнасці ў рэгіёне, у тым ліку аб умацаванні правапарадку, і іншыя.