Парад войскаў Мінскага гарнізона ў азнаменаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

  • 3
  • 3:49

Сістэма нацыянальнай бяспекі Беларусі заўсёды гатова надзейна абараніць канстытуцыйныя ўстоі і суверэнітэт дзяржавы. Аб гэтым заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 3 ліпеня на парадзе войскаў Мінскага гарнізона ў азнаменаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

"Наша Беларусь урачыста адзначае галоўнае дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці. У гэтым свяце разам зліліся вялікія і святыя для ўсіх паняцці - вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і незалежнасць беларускай дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што сёння мы з вялікай удзячнасцю ўспамінаем усіх, хто не схіліў галаву перад ворагам, прынёс жыццё на алтар Перамогі і абяссмерціў сваё імя. "Подзвіг гэтых герояў не памеркне ў стагоддзях! Іх запаветы - любіць, берагчы, абараняць Радзіму - мы з гонарам і годнасцю, з гордасцю ўвасобім у жыццё", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Беларускі лідар заявіў, што народ ганарыцца сваёй арміяй, наследніцай Перамогі - надзейнай апорай і духоўнай сілай краіны. Армія - верны абаронца стваральнай працы, школа мужнасці для тысяч і тысяч маладых беларусаў, многія з якіх прымаюць удзел у сённяшнім парадзе.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Цяпер ваеннай пагрозы для нашай краіны няма. Але гісторыя, у тым ліку і навейшая, заклікае: порах заўсёды трэба трымаць сухім. Мірная і стваральная праца павінна быць надзейна і безумоўна забяспечана. Нам ёсць што абараняць: родную зямлю, слаўную гісторыю, адзінства нацыі, сацыяльную справядлівасць і духоўныя каштоўнасці народа".

Прэзідэнт Беларусі заявіў: "Мы нікому не пагражаем, ні на кога не нападаем і не збіраемся гэтага рабіць у далейшым. Мы не распрацоўваем і не выкарыстоўваем зброю масавага паражэння. Не фінансуем міжнародную злачыннасць і тэрарызм. Не рыхтуем баевікоў для арганізацыі рэвалюцый у суседзяў. Не гандлюем жанчынамі і дзецьмі".

На думку Кіраўніка дзяржавы, памяць аб шматмільённых ахвярах сусветнай вайны павінна б прымусіць чалавецтва адмовіцца ад прымянення сілы,знаходзіць мірныя і пазітыўныя метады вырашэння канфліктаў.

"Аднак сённяшняе імкненне пэўных колаў выкарыстоўваць у палітыцы сілавыя метады, націск і эканамічныя санкцыі для прасоўвання сваіх інтарэсаў застаецца рэальнай крыніцай напружанасці, заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Ідзе эскалацыя інфармацыйнай інтэрвенцыі. Без усялякага сораму ўзмацняецца маніпуляцыя грамадскай думкай. Нормай становіцца агульнае шальмаванне, у тым ліку ананімнае, з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі. Уладныя людзі прымяняюць супраць непажаданых краін зброю масавага інфармацыйнага паражэння".

На думку беларускага лідара, мэта ўсяго гэтага - дыктат, навязванне палітычнай волі, уніфікацыя свету, прымушэнне народаў да новага светаўладкавання. "Гэты "новы парадак" (сумна вядомы нам тэрмін) прадугледжвае падзел свету на "залаты мільярд" і ўсіх астатніх - сіратлівых і ўбогіх, якія не маюць нават права голасу", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

"Нам узмоцнена і мэтанакіравана навязваюць бессаромныя сцэнарыі "каляровых рэвалюцый", напісаныя пад капірку ў сталіцах асобных краін. Мы разумеем, што мэта гэтых атак - пасеяць няўпэўненасць і трывогу, разбурыць грамадскую згоду. У канчатковым выніку - паставіць нас на калені і звесці да нуля ўсе заваёвы Незалежнасці. Гэтага не будзе!" - заявіў беларускі лідар.

"Мы выстаялі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сваімі рукамі пераадолелі разруху, стварылі на сваёй цудоўнай зямлі прыгожую і гордую дзяржаву! Мы даказалі сваё права "людзьмі звацца" і, як марылі нашы класікі-прарокі, занялі "свой пачэсны пасад між народамі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Мы выстаім і сёння! Пераадолеем любыя цяжкасці і дастойна вытрымаем навязаныя нам выпрабаванні. Паколькі бяром сілы з невычэрпнай крыніцы традыцый нашага народа - смелага воіна і сумленнага працаўніка".

Паводле слоў беларускага лідара, наша шматвектарная знешняя палітыка, заснаваная на прынцыпах узаемапавагі, роўнасці і партнёрства, прадугледжвае як усебаковае супрацоўніцтва з нашай Расіяй, дзяржавамі былога Савецкага Саюза, так і развіццё ўзаемавыгадных адносін з іншымі саюзамі і краінамі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сярод нашых пастаянных прыярытэтаў - умацаванне абараназдольнасці краіны шляхам развіцця ўласных Узброеных Сіл, падтрыманне на належным узроўні боегатоўнасці рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі, паслядоўнае ўзмацненне Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

"Кожны беларус можа быць упэўнены - сістэма нацыянальнай бяспекі заўсёды гатова надзейна абараніць канстытуцыйныя ўстоі, суверэнітэт дзяржавы, чыстае неба над нашай краінай і забяспечыць душэўны спакой людзей", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў: "Слава беларускай арміі - нашай гордасці і надзейнаму гаранту мірнай працы! Слава ветэранам і працаўнікам тылу Вялікай Айчыннай вайны! Вечная слава героям, якія аддалі сваі жыцці за свабоду і шчасце будучых пакаленняў! Будзем жа дастойны іх вялікага подзвігу! Няхай жыве і мацнее любімая Радзіма!"