Пагранзаставе "Новая Гута" прысвоена імя пагранічніка Міхаіла Нікалаева

    Пагранічнай заставе "Новая Гута" 19-й пагранічнай групы органаў пагранічнай службы Беларусі прысвоена імя старшыны Міхаіла Нікалаева, поўнага кавалера ордэна Славы. Адпаведны Указ № 397 падпісаў 13 лістапада Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    Пагранічнік Міхаіл Нікалаеў у гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у вызваленні Гомеля. За праяўленыя мужнасць і гераізм у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі пры вызваленні Беларусі быў узнагароджаны ордэнамі Славы трох ступеней.

    Гэта рашэнне Кіраўніка дзяржавы прынята ў мэтах актывізацыі патрыятычнага выхавання моладзі, папулярызацыі гісторыі, баявых традыцый і воінскай службы ў органах пагранічнай службы.