Падпісаны законы аб сферах аквакультуры, меліярацыі і рэгістрацыі сельгасжывёл

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў шэраг законаў.

    Закон "Аб аквакультуры (рыбаводстве)" прыняты ў мэтах фарміравання нарматыўнай прававой базы, якая рэгулюе адносіны ў гэтай сферы, а таксама работу існуючых і ствараемых вытворчасцей.

    Законам, у прыватнасці, замацоўваецца новы паняційны апарат, які раней адсутнічаў у прававым полі: "аквакультура", "аб'екты аквакультуры", "пашавая аквакультура", "садкі", "устаноўкі замкнёнага водазабеспячэння" і іншыя.

    Сярод асноўных мэт і задач Закона - фарміраванне прававых, эканамічных і арганізацыйных асноў для гэтай сферы; устанаўленне правоў і абавязкаў рыбаводных арганізацый; абарона правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асоб, якія працуюць у гэтай сферы; стварэнне спрыяльных умоў для развіцця новых вытворчасцей і з'яўлення аб'ектаў аквакультуры. Гэта ў сваю чаргу павінна садзейнічаць насычэнню ўнутранага рынку якаснай рыбнай прадукцыяй айчыннай вытворчасці.

    Кіраўнік дзяржавы таксама падпісаў законы "Аб змяненні законаў па пытаннях меліярацыі зямель" і "Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, прасочвальнасці сельскагаспадарчых жывёл (статкаў), ідэнтыфікацыі і прасочвальнасці прадуктаў жывёльнага паходжання". Дакументамі прадугледжана ўдасканаленне заканадаўства з улікам практыкі яго прымянення, а таксама прывядзенне яго ў адпаведнасць з дзеючымі нарматыўнымі прававымі актамі.