Падпісаны Указ аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2019 год
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 483 "Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2019 год".
У адпаведнасці з Указам мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2019 год з'яўляецца забеспячэнне эканамічнага росту Беларусі, што перавышае сярэднесусветны ўзровень, і павышэнне на гэтай аснове ўзроўню дабрабыту беларускага народа.
Кіраўніком дзяржавы вызначаны ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы Урада Беларусі на 2019 год, у тым ліку тэмп росту валавога ўнутранага прадукту - 104%, экспарту тавараў і паслуг - 105,4%, рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва - 103,4%.
Ключавым індыкатарам для Нацыянальнага банка з'яўляецца параметр па інфляцыі, якая па выніках 2019 года не павінна перасягнуць 5%.
Пры падпісанні Указа ў мэтах забеспячэння ўстойлівага і доўгатэрміновага росту Кіраўніком дзяржавы ўсёй вертыкалі ўлады пастаўлены дадатковыя задачы па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця. У тым ліку па распрацоўцы і ўнясенні прапаноў для павышэння патэнцыяльнага валавога ўнутранага прадукту і стварэння новых крыніц яго росту; правядзенні сістэмнай рэгіянальнай палітыкі ў мэтах выраўноўвання развіцця тэрыторый, скарачэння міжабласной і міжраённай дыферэнцыяцыі ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, а таксама стварэння новых высокапрадукцыйных рабочых месцаў, перш за ўсё ў рэгіёнах; устараненні макраэканамічных дысбалансаў, недапушчэнні нарастання даўгавых "навесаў"; прыняцці дзейсных мер па паляпшэнні фінансавага стану праблемных прадпрыемстваў; далейшым павышэнні заработных плат на аснове адпаведнага росту прадукцыйнасці працы.
Ураду даручана ўносіць прапановы аб карэкціроўцы прагнозных параметраў з улікам фактычна існуючых знешніх эканамічных умоў.