Падпісана распараджэнне аб арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей з Данецкай вобласці ў беларускім "Зубраняці"

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, у адпаведнасці з якім група дзяцей з Данецкай вобласці будзе адпачываць і аздараўлівацца ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня" з 15 верасня па 5 кастрычніка 2021 года.

    Просьба прыняць на аздараўленне ў Беларусі дзяцей з Данецкай вобласці паступіла на імя Кіраўніка дзяржавы па лініі дабрачынных арганізацый. Аляксандр Лукашэнка гэту ініцыятыву падтрымаў.

    Акрамя адпачынку і аздараўлення для дзяцей з Данецкай вобласці будзе арганізаваны вучэбны працэс і экскурсійна-культурныя мерапрыемствы па знакавых мясцінах нашай краіны.

    Рашэнне Кіраўніка дзяржавы падкрэслівае паслядоўны курс Беларусі, накіраваны на правядзенне міралюбівай знешняй палітыкі, прыхільнасць да ідэй гуманізму і міласэрнасці ў адносінах да дзяцей, якія маюць патрэбу ў клопаце і падтрымцы.