Рабочая паездка па тэрыторыях, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС
- 15
Паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, трэба падцягнуць да ўзроўню самых перадавых у Беларусі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 красавіка ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці, які ён наведаў напярэдадні гадавіны чарнобыльскай трагедыі.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з развіццём рэгіёна, у прыватнасці, пабываў на МТФ "Барысаўка" філіяла "Ніва-Агра" Клімавіцкага камбіната хлебапрадуктаў, у Клімавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, правёў нараду па развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў вобласці. Акрамя таго, Прэзідэнт сустрэўся з мясцовымі жыхарамі і адказаў на іх пытанні.
Адразу пасля прылёту ў раён Кіраўнік дзяржавы падзяліўся ўражаннямі ад убачанага з борта верталёта і раскрытыкаваў аграрыяў за нізкую культуру земляробства. На яго думку, у цэлым Магілёўская вобласць адстае па многіх параметрах. "Клімавічы - частка Магілёўскай вобласці, і тут, паводле маіх даных, таксама ўсё валіцца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ацэньваючы вынікі эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці, Прэзідэнт сказаў: "Вобласць працуе практычна горш за ўсіх у краіне".
Першым пунктам праграмы была малочнатаварная ферма "Барысаўка". Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі аб развіцці жывёлагадоўлі і выкананні яго даручэнняў па тэхнічным перааснашчэнні і рэканструкцыі МТФ і комплексаў, сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці і Клімавіцкага раёна, у тым ліку аб завяршальным этапе і ацэнцы якасці вясенніх палявых работ.
Прэзідэнт азнаёміўся з сучаснай тэхналагічнай вытворчасцю малака на новай ферме і пацікавіўся, як у рэгіёне ідзе працэс рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў. "Гэта лакмусавая паперка ў рабоце губернатараў", - сказаў ён. Аляксандру Лукашэнку расказалі, што ў Магілёўскай вобласці рэканструюецца 170 аб'ектаў. З іх 120 ферм і комплексаў пабудаваны ўжо. Прэзідэнта запэўнілі, што рэканструкцыя на фермах Магілёўскай вобласці будзе завершана да 1 кастрычніка бягучага года.
Як высветлілася, сярод праблемных пытанняў не толькі своечасовая здача рэканструяваных аб'ектаў, але і навучанне спецыялістаў рабоце ў сучасных умовах. "Мы дамаўляліся, што перш за ўсё трэба накіраваць спецыялістаў на лепшыя фермы і навучыць іх працаваць. Чаму не навучылі?" - задаў слушнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт запатрабаваў неадкладна вырашыць гэту праблему.
На сустрэчы ўзнімалася і тэма павышэння эфектыўнасці работы жывёлагадоўлі - не толькі малочнай галіны, але і свінагадоўчай.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў да канца года аднавіць вытворчасць свініны да самых высокіх вынікаў, растлумачыўшы гэта кан'юнктурай рынку і відавочнай выгадай, паколькі цэны на свініну пачалі расці.
Была закранута праблема стварэння буйных холдынгаў па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі і развіцця садоўніцтва.
Прэзідэнт раскрытыкаваў кіраўніцтва Магілёўскай вобласці за нізкія паказчыкі ў рабоце АПК, прамысловасці і запатрабаваў ад кіраўніцтва прыняцця мер па паляпшэнні сітуацыі.
Потым тэма падрыхтоўкі і замацавання на месцах спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны была прадоўжана ў Клімавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з падрыхтоўкай спецыялістаў для АПК, яго праінфармавалі аб забяспечанасці кадрамі ў краіне і Магілёўскай вобласці ў прыватнасці. Як запэўнілі Кіраўніка дзяржавы, сістэма адукацыі кадраў для аграрнай галіны выбудавана належным чынам і ніякіх змяненняў не патрабуецца. Многія навучэнцы, у тым ліку мясцовая моладзь, вучацца па мэтавым наборы.
Аляксандр Лукашэнка наведаў навучальныя класы і паразмаўляў з навучэнцамі. Ён цікавіўся іх меркаваннем, што трэба зрабіць, каб больш моладзі заставалася працаваць у вёсцы. Кіраўнік дзяржавы параіў моладзі не спяшацца ў горад, а заставацца працаваць у сябе на радзіме.
Аб комплексным падыходзе да развіцця ўсіх сфер жыццядзейнасці ў паўднёва-ўсходніх раёнах Магілёўскай вобласці, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ішла размова на нарадзе, якую потым Прэзідэнт правёў у Клімавічах.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што традыцыйна напярэдадні трагічнай даты аварыі на Чарнобыльскай АЭС наведвае рэгіёны, якія падпалі пад радыяцыйнае забруджванне. "Ваш рэгіён быў выбраны для правядзення нарады і наведвання Прэзідэнтам некалькі нечакана. Але я думаю, да гэтага кадрам трэба прывыкаць", - адзначыў ён.
Прэзідэнт растлумачыў, што такі выбар быў зроблены яшчэ і таму, што ў 2012 годзе Магілёўскаму аблвыканкаму было дадзена даручэнне распрацаваць комплексную праграму развіцця паўднёва-ўсходніх раёнаў вобласці.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, бываючы тут і часта пралятаючы над гэтай часткай Магілёўшчыны, ён прыйшоў да высновы, што рэгіёну ўдзяляецца недастаткова ўвагі. "Я папрасіў аблвыканкам, памочнікаў і ўрад падумаць аб тым, што трэба зрабіць, каб жыццё тут нічым не адрознівалася ад таго, што ў Горках, Шклове, на поўначы Магілёўскай вобласці", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы прадоўжыў: "Мы доўга нічога не рабілі, усё цярпелі і чакалі, што нам хтосьці дапаможа, штосьці з неба можа ўпасці. Праз пэўны час мы паставілі пытанне аб рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый, стварэнні ўмоў па бяспечным пражыванні людзей і абавязкова - актыўнага інтэнсіўнага развіцця гэтых тэрыторый у сацыяльна-эканамічным плане".
Прэзідэнт заўважыў, што змянілася і стаўленне людзей. "Яны ўжо не хочуць куды-небудзь уязджаць. Тут жывуць, будуюць жыллё, нараджаюць, гадуюць дзяцей, але самае галоўнае - хочуць выразнай перспектывы і канкрэтыкі. Не так, як гэта было 10-20 гадоў таму: будзем тут жыць ці не будзем. Людзі ведаюць, што будуць жыць, але патрэбна больш канкрэтная перспектыва - як будуць жыць, дзе будуць працаваць. У людзей патрэбнасць да канкрэтыкі, і мы павінны адказаць на пытанне, чым канкрэтна яны будуць займацца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Менавіта таму патрэбны комплексны падыход да развіцця ўсіх сфер жыццядзейнасці. І ў першую чаргу да нарошчвання патэнцыялу, каб забяспечыць чалавеку работу і дастойную аплату працы".
Прэзідэнт нагадаў, што ў аблвыканкаме з такім падыходам згаджаліся, ківалі галовамі, маўляў, распрацуем праграмы і будзем выконваць. "Аднак, здаецца, за словамі эфектыўных крокаў не было зроблена, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Рэгіён як быў у адстаючых, так і прадаўжае быць у хвасце. Хоць фінансавых сродкаў і іншых рэсурсаў за гэтыя гады было патрачана нямала - і на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, і на дэзактывацыю зямель, і на іншыя мерапрыемствы. Мы пайшлі на тое, што пачынаючы з 2010 года грошы на фінансаванне чарнобыльскіх праграм перадаваліся з рэспубліканскага бюджэту ў вобласці. На месцах, маўляў, лепш відаць, як больш эфектыўна іх выкарыстоўваць. Прынамсі, вы на гэтым настойвалі, і я пагадзіўся". Толькі ў 2013 годзе ў рамках Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011-2015 гады і на перыяд да 2020 года ў гэты рэгіён у выглядзе субвенцый з рэспубліканскага бюджэту было накіравана амаль Br400 млрд, але, як адзначыў Прэзідэнт, праблемы не здымаюцца з парадку дня.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хацеў бы пачуць ад дакладчыка і ўдзельнікаў нарады адказы на шэраг пытанняў. Першы іх блок датычыцца рацыянальнага выкарыстання выдзяляемых бюджэтных сродкаў па чарнобыльскай тэматыцы, рэалізацыі рэгіянальнай праграмы рэабілітацыі забруджаных зямель і ўводу іх у гаспадарчы абарот.
Другі блок пытанняў - эканамічнае развіццё рэгіёна. "Як паказвае статыстыка, тут далёка не ўсё добра, - падкрэсліў Прэзідэнт. - У мінулым годзе дапушчана зніжэнне тэмпаў вытворчасці прамысловай прадукцыі. Вялікія надзеі ўскладаліся на ААТ "Крычаўцэментнашыфер" і Беларускі цэментны завод. Аднак яны, як і шэраг іншых прадпрыемстваў, якія не толькі не выканалі ўстаноўленыя заданні па выпуску прадукцыі, але і дапусцілі значныя страты. Ёсць сур'ёзныя праблемы і з будаўніцтвам жылля".
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў павысіць эфектыўнасць работы агракомплексу. Паводле яго слоў, у мінулым годзе зафіксаваны недабор асноўных відаў прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Гаспадаркі нясуць страты. Гэта сведчанне таго, што многія кіраўнікі працуюць вельмі дрэнна. "І самыя вялікія прэтэнзіі ў мяне да старшынь райвыканкамаў", - сказаў Прэзідэнт.
На яго думку, становішча ўскладняецца тым, што мясцовыя органы не праяўляюць у дастатковай ступені ініцыятывы ў рамках прадастаўленых iм правоў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за сацыяльна-эканамічнае развіццё адказваюць персанальна кіраўнікі мясцовай вертыкалі. "На месцах усім трэба працаваць на поўную сілу, самастойна шукаць рэсурсы, якіх не хапае, праяўляць ініцыятыву, а не сядзець і чакаць ад дзяржавы бюджэтных уліванняў", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што на нарадзе хоча пачуць, як рэалізуецца канцэпцыя комплекснага развіцця паўднёва-ўсходніх раёнаў вобласці, наколькі эфектыўна выкарыстоўваюцца ўнутраныя матэрыяльныя, фінансавыя і працоўныя рэсурсы.
Трэці блок пытанняў - кадравае забеспячэнне рэгіёна. "У гэтых пытаннях у вас таксама нямала праблем: недахоп спецыялістаў, цякучасць кадраў, стыль работы кіраўнікоў, - сказаў Прэзідэнт. - Нельга забываць, што ад узроўню падрыхтоўкі і кваліфікацыі кадраў залежаць поспехі або правалы ў рабоце арганізацый".
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, што робіцца для вырашэння гэтых праблем, наколькі прадумана і мэтанакіравана вядзецца работа па падрыхтоўцы і замацаванні спецыялістаў сельскай гаспадаркі і сацыяльнай сферы, як арганізавана размеркаванне, падтрымліваюць маладых спецыялістаў.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў падцягнуць да ўзроўню самых перадавых у Беларусі пацярпелыя ад аварыі паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці. Прычым па ўсіх напрамках - адукацыя, аховы здароўя, культура, спорт і перш за ўсё эканоміка.
Прэзідэнт нагадаў, што нямала сродкаў было ўкладзена ў мадэрнізацыю двух цэментных заводаў, а працуюць яны няважна. "Калі ў нас сёння лішкі цэменту, яго няму куды дзяваць, давайце будзем бетанаваць, а не асфальтаваць дарогі", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама акцэнтаваў увагу на тым, што мясцовая ўлада павінна праяўляць большую актыўнасць пры вырашэнні надзённых праблем. "Чаго вы чакаеце? Вы чакаеце, каб я сёння прыехаў, вызначыў гэтыя раёны, вы невыразна даложыце, што ў гэтых раёнах павінна быць для таго, каб людзі нармальна жылі, і я вам заўтра адрэжу кавалак пірага і накірую сюды грашовыя сродкі? - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Няправільна думаеце. Чымсьці дзяржава, зразумела, дапаможа вам, але пакуль вы не дастанеце і не выкладзеце на паверхню тут усе рэзервы, ад дзяржавы дапамогі не чакайце. Я, магчыма, памыляюся ў сваіх высновах, але тады губернатар няхай раскажа, што ёсць на самай справе і раскрытыкуе нашы падыходы".
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік адзначыў, што з васьмі раёнаў паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці 6 адносяцца да найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Плошча, якую яны займаюць, складае больш як 1 млн га, або 36,1 працэнта Магілёўскай вобласці, з якіх 434 тыс. га - землі сельгаспрызначэння і 490 тыс. га - лясных угоддзяў. Колькасць насельніцтва тут складае амаль 165 тыс. чалавек, або 15,4 працэнта пражываючых у вобласці. У зоне радыеактыўнага забруджвання паўднёвага ўсходу вобласці размешчаны 497 населеных пунктаў з колькасцю насельніцтва больш як 78 тыс. чалавек.
Пётр Руднік адзначыў, што ў аснове канцэпцыі па развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў павінна ляжаць развітая і канкурэнтаздольная эканоміка.
У сувязі з гэтым ён лічыць неабходным максімальна загрузіць магутнасці ўсіх валаўтваральных для паўднёва-ўсходняга рэгіёна прадпрыемстваў, забяспечыць эфектыўны продаж прадукцыі.
У прыватнасці, Пётр Руднік спыніўся на рабоце двух цэментных заводаў, якія вырабляюць 6,2 млн т цэменту ў год, што складае практычна дзве трэці рэспубліканскага аб'ёму. Прадпрыемствы працуюць на мясцовай сыравіне. У той жа час, з'яўляючыся валаўтваральнымі як для сваіх рэгіёнаў, так і для вобласці ў цэлым, цэментныя заводы пакуль не даюць належнай аддачы. Губернатар Магілёўскай вобласці прапанаваў разгледзець пілотны праект, які, на яго думку, значна палепшыць работу гэтых прадпрыемстваў. Плануецца стварыць на базе чатырох пляцовак: дзвюх у Крычаве, у Клімавічах і Касцюковічах - дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне "Беларускі цэментны завод", што дапаможа аптымізаваць колькасць кіраўнікоў, павысіць кіруемасць і агульную эфектыўнасць работы цэментнай галіны ў Магілёўскай вобласці, значна знізіць выдаткі вытворчасці, наладзіць каардынацыю продажаў цэменту.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта прапанова будзе разгледжана, аднак рашэнне будзе прымацца з улікам работы іншых такіх заводаў краіны. "Галоўнае - атрымаць эканамічны эфект ад гэтага рашэння, таму трэба глядзець на прапанову з пазіцыі, што гэта дасць у маштабах рэспублікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пётр Руднік лічыць, што яшчэ адным рэзервам росту ў прамысловай сферы з'яўляецца стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Ён далажыў, што за 2013 год на паўднёвым усходзе вобласці створана 119 арганізацый, у тым ліку ў вытворчай сферы 84, і гэта дало магчымасць дадаткова атрымаць прыкладна 900 новых рабочых месц.
Паводле слоў губернатара, значныя рэзервы для далейшага развіцця паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў мае сельская гаспадарка. Паводле яго слоў, за 2011-2013 гады тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гэтых раёнах складае 103,3 працэнта, хоць вобласць у цэлым мае паказчык 111,4 працэнта ва ўсіх катэгорыях. Што датычыцца сельгасарганізацый, то тут прырост склаў 3,9 працэнта пры абласным паказчыку 13,5 працэнта. Пётр Руднік падкрэсліў, што галоўная задача - вывесці ўсе сельгасарганізацыі на самаакупнасць. У вобласці працуюць над развіццём малочнай жывёлагадоўлі, завяршаецца рэканструкцыя малочнатаварных ферм. У паўднёва-ўсходніх раёнах рэканструюецца 50 ферм з 170 у Магілёўскай вобласці. Па стане на 1 сакавіка ўжо ўведзена ў строй 35 ферм, да 1 мая трэба ўвесці яшчэ 7 і да 1 кастрычніка астатнія.
Перспектыўным губернатар лічыць развіццё мясной жывёлагадоўлі і, у прыватнасці, вытворчасць мармуровага мяса. Паводле яго слоў практычна ў кожным раёне ёсць чыстапародная жывёла ў агульнай колькасці амаль 1 тыс. галоў. На базе Быхаўскага, Касцюковіцкага, Слаўгарадскага і Чэрыкаўскага раёнаў плануецца выпрацаваць сістэму для рэзкага павышэння пагалоўя жывёлы. У Чэрыкаўскім раёне намечана стварыць цэх па разбіранні, шокавым замарожванні і ўпакоўцы мармуровага мяса.
Яшчэ адным перспектыўным напрамкам павышэння эфектыўнасці сельгасгаліны, на думку Пятра Рудніка, з'яўляецца развіццё вытворчасці каштоўных парод рыб, у першую чаргу фарэлі. Прадугледжваецца будаўніцтва комплексаў па развядзенні такой рыбы ў Быхаўскім, Касцюковіцкім, Краснапольскім і Чэрыкаўскім раёнах. У снежні 2013 года ў Быхаўскім раёне быў уведзены ў эксплуатацыю першы комплекс па развядзенні 300 т фарэлі ў год, куды пастаўляецца рыбаматэрыял з рыбагадавальніка ў Горках. Аналагічны комплекс будуецца ў Касцюковіцкім раёне. У гэтым годзе плануецца пачаць работы па будаўніцтве ў Слаўгарадзе комплексу па вытворчасці 100 т афрыканскага сома ў год, а ў 2015 годзе - будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю комплексаў па вытворчасці фарэлі ў Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах, а таксама па вытворчасці 100 т асятра ў Чавускім раёне. Ужо да канца гэтага года ў вобласці разлічваюць атрымаць амаль 700 т фарэлі. Будзе наладжана перапрацоўка прадукцыі на мадэрнізаваных плошчах ААТ "Магілёўрыба", прадпрыемства плануецца аснасціць сучасным абсталяванне па шокавым замарожванні і тэрмічнай ўпакоўцы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пры такіх планах па развядзенні рыбы неабходна бачыць рынак, ці будзе карыстацца попытам гэта прадукцыя па добрай цане.
Кіраўнік дзяржавы даручыў прадставіць яму праграму па развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці, адкарэкціраваную з улікам праведзенага абмеркавання.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што планы ў губернатара ў цэлым нядрэнныя. "Але галоўнае - ці тое ты ствараеш? Каб мы, не дай бог, не стварылі тое, што заўтра будзе незапатрабавана, і тое, што ў канкурэнцыі не пройдзе на рынку, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба сур'ёзна прадумаць, ці будуць людзі купляць, па якой цане, ці акупіцца? Патрэбна канкрэтная адкарэкціраваная праграма на стале, каб мы бачылі галоўнае - што мы яшчэ пабудуем, што трэба дабудаваць і крыніцы фінансавання".
"Калі вы гэта ўсё, як вы сказалі, або яшчэ штосьці дабавіце, асіліце - калі ласка, я не супраць. Толькі будуць устаноўлены жорсткія тэрміны. Усё гэта павінна быць рэалізавана ў бліжэйшыя гады", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў далажыў аб перспектыўных напрамках развіцця Магілёўскай вобласці.
Паводле слоў міністра, уклад рэгіёна ў агульны валавы ўнутраны прадукт складае 7,1 працэнта, у аб'ём прамысловай вытворчасці - 9,4 працэнта, экспарту - амаль 7 працэнтаў. Маючы больш як 15 працэнтаў прадукцыйных зямель, вобласць вырабляе каля 13 працэнтаў прадукцыі сельскай гаспадаркі, у тым ліку мяса і малака амаль 12 працэнтаў.
У структуры эканомікі за апошнія 5 гадоў знізілася доля сельскай гаспадаркі і будаўніцтва, павялічылася доля гандлю і транспарту, доля прамысловасці істотна не змянілася і складае амаль 42 працэнты.
Міністр канстатаваў, што, зыходзячы з развіцця за апошнія 5 гадоў, можна зрабіць вывад, што вобласць не да канца выкарыстоўвае існуючы патэнцыял развіцця.
У той жа час за перыяд з 2008 па 2013 гады ўзровень датацыйнасці ў Магілёўскай вобласці павялічыўся на 23 працэнтныя пункты, удзельная вага датацый у кансалідаваным бюджэце ў 2008 годзе складала 33 працэнты, па выніках мінулага года - амаль 41 працэнт, паўднёва-ўсходнія раёны датацыйныя ад 45 працэнтаў да 77 працэнтаў.
У васьмі паўднёва-ўсходніх раёнах Магілёўскай вобласці сканцэнтравана 14 працэнтаў рабочай сілы рэгіёна, уклад пры гэтым у агульны аб'ём прамысловай вытворчасці складае толькі 10 працэнтаў, у экспарт - 4 працэнты ад абласнога ўзроўню. Як адзначыў міністр, сукупная дынаміка гэтых раёнаў паказвае яшчэ большае адставанне ў развіцці ў параўнанні з вобласцю. Такі ўзровень развіцця фарміруе дэмаграфічную яму: за 8 гадоў колькасць жыхароў вобласці ў цэлым скарацілася на 51 тыс., што раўнацэнна страце трох сярэдніх раёнаў вобласці, пры гэтым палавіна ад насельніцтва, якое выбыла, прыпадае менавіта на паўднёва-ўсходнія раёны, і прычына не толькі ў натуральным змяншэнні. Ужо сёння 4 з 8 раёнаў - Чэрыкаўскі, Хоцімскі, Слаўгарадскі і Краснапольскі - маюць колькасць насельніцітва жыхароў ніжэйшую за мінімальны парог устойлівага развіцця, гэта значыць 15 тыс. У гэтых раёнах ужо не фарміруецца нават мінімальны ўзровень падаткаў для ўтрымання адміністрацыйнага апарату райвыканкамаў і іншых раённых структур і выключаецца магчымасць самастойнага развіцця раёнаў. Прагноз да 2030 года паказвае, што да іх дабавяцца яшчэ 4 раёны: Глускі, Дрыбінскі, Клічаўскі, Круглянскі. "Да гэтага часу вобласць можа страціць яшчэ 64 тыс. чалавек, гэта 1/3 ад прагназуемай страты па Беларусі. Колькасць у сельскай мясцовасці скараціцца амаль на 22 працэнты", - канстатаваў міністр.
На думку Мікалая Снапкова, фундаментальнымі прычынамі з'яўляюцца недастатковы ўзровень інвестыцый, асабліва ў стагнуючых раёнах, і наяўнасць монапрадпрыемстваў, якія не могуць у адзіночным ліку вырашаць праблемы рэгіёнаў. Для доўгатэрміновага і ўстойлівага развіцця ў рэгіёне патрабуецца стварэнне і функцыянаванне вялікай колькасці дробных прадпрыемстваў. Міністр лічыць, што ў гэтых адносінах прыкладам могуць служыць Круглянскі і Горацкі раёны.
"Зыходзячы з гэтага і павінна выбудоўвацца канцэпцыя развіцця васьмі раёнаў вобласці і аналагічных раёнаў у іншых абласцях", - адзначыў міністр.
Міністр прапанаваў у якасці сістэмнага стратэгічнага рашэння па развіцці вобласці яшчэ да фарміравання канчатковага выгляду праграмы разгледзець у рамках Саюзнай дзяржавы магчымасць рэалізацыі сумеснага праекта па стварэнні другой лініі транспартнага калідора Гродна-Мінск-Магілёў з выхадам праз Крычаў у Расію і на Заходні Казахстан. Пры будаўніцтве дарог павінны быць задзейнічаны магутнасці цэментных заводаў для стварэння бетонных пакрыццяў. На думку міністра, гэты праект дасць магчымасць часткова разгрузіць аўтадарогу М1-Е30, палепшыць транспартныя зносіны паміж гарадамі Слуцк-Бабруйск-Крычаў і паскорыць развіццё прылеглых тэрыторый, у тым ліку і ў паўднёва-ўсходняй частцы Магілёўскай вобласці.
Мікалай Снапкоў лічыць неабходным развіваць вытворчасці на базе цэменту з размяшчэннем іх на тэрыторыі прылеглых раёнаў.
Акрамя таго, перспектыўным напрамкам, які павінен культывавацца ў паўднёва-ўсходніх раёнах, з'яўляецца развіццё пашавай жывёлагадоўлі і прадпрыемстваў глыбой перапрацоўкі мяса.
Міністр таксама ўпэўнены, што падыходу да развіцця раёнаў, якія адстаюць, павінна папярэднічаць адміністрацыйная рэформа, у прыватнасці - аб'яднанне Крычаўскага з Чэрыкаўскім раёнамі, Касцюковіцкага з Краснапольскім, Клімавіцкага з Хоцімскім, што дасць дадатковы імпульс развіццю на аснове канцэнтрацыі вытворчых, інвестыцыйных і працоўных рэсурсаў.
Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што неабходна ствараць гібкія прадпрыемствы, якія прыцягнуць у паўднёва-ўсходнія раёны людзей. Пры гэтым разам з вытворчасцю прадукцыі павінна быць наладжана яе перапрацоўка, каб грошы зарабляліся і заставаліся ў гэтым рэгіёне.
Прэзідэнт закрануў пытанне адказнасці кіраўнікоў розных узроўняў.
"Выйдзе дэкрэт: без дазволу старшыні райвыканкама ніхто не мае права перамясціцца з пасады на пасаду. А ў ціскі ўсіх будзем заціскаць па поўнай! - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Вядома, кіраўнікам правы будуць прадастаўлены драконаўскія: прыйшоў на работу - адпрацуй, як належыць, выканай, як належыць, не зрабіў - будзеш плаціць за гэта. Хопіць ужо дурасці з гэтымі рыначнымі адносінамі! Вунь яно, паглядзі, дзе дэмакратыя і рынак, што адбываецца".
"Таму калі мы тут заціскаем, значыць, трэба і самім быць на ўзроўні, - дадаў Прэзідэнт. - Трэба варушыцца! У нас некаторыя кіраўнікі далей за кабінет нікуды не выходзяць". "Больш траскатні па замацаванні кадраў, чым сапраўднай работы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама папярэдзіў аб недапушчальнасці з'яўлення фактаў карупцыі.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон далажыў аб праблемных пытаннях развіцця паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці. На яго думку, тут ёсць моцны прамысловы і сельскагаспадарчы патэнцыял, а таксама выгаднае геаграфічнае становішча, што павінна садзейнічаць дасягненню поспеху і важкіх вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці.
У той жа час ён канстатаваў, што гэтыя раёны не выкарыстоўваюць свой патэнцыял у поўным аб'ёме і па многіх паказчыках з'яўляюцца самымі адсталымі ў краіне.
Аляксандр Якабсон прывёў факты безгаспадарчасці ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, звярнуў увагу на тое, што не ўсе даручэнні Кіраўніка дзяржавы, якія датычацца пацярпелых раёнаў, выконваюцца ў поўным аб'ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны.
Паводле яго слоў, недастаткова ўвагі ўдзяляецца пытанням сацыяльнай абароны насельніцтва: Магілёўская вобласць мае затрымкі з выплатай заработнай платы, запазычанасць па плацяжах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
"Патэнцыял развіцця паўднёва-ўсходніх раёнаў даволі высокі. Трэба сканцэнтраваць у адным праграмным дакуменце мерапрыемствы па паскарэнні развіцця гэтых раёнаў. Такі прыклад ёсць - дзяржпраграма па развіцці Прыпяцкага Палесся", - адзначыў Аляксандр Якабсон.
Памочнік Прэзідэнта - галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў лічыць, што ў вобласці неабходна карэнная рэвалюцыя ў сельскай гаспадарцы. На яго думку, не знаходзіць развіцця мясная жывёлагадоўля, многія гаспадаркі з'яўляюцца неплацежаздольнымі.
Міністр працы і сацабароны Мар'яна Шчоткіна адзначыла, што ў рэгіёне няма праблем з працаўладкаваннем, колькасць вакансій перавышае попыт, аднак нізкі ўзровень заработнай платы не садзейнічае прыцягненню работнікаў. Яна лічыць, што неабходна весці размову аб адказнасці наймальнікаў па выплаце заработнай платы. У якасці прапаноў міністр лічыць неабходным правесці правільную работу па рассяленні прыбываючых замежных грамадзян, што дапаможа вырашаць праблемы паўднёва-ўсходніх раёнаў.
Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з гэтым: "Патрэбны разумныя прапановы людзям, якія прыехалі сюды з гора ў асноўным, і гатовы сёння працаваць за $200-300, што нашых людзей, вядома, не задавальняе. Усё зразумела: бяды мы не зведалі, нашы людзі гэта не адчулі на сабе, дзякуй богу".
Гаворачы ў цэлым пра работу Магілёўскага аблвыканкама па развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў, Прэзідэнт не змог даць ёй здавальняючую ацэнку.
"Я бачу, аблвыканкам вельмі недастаткова працуе ў гэтым напрамку, нядбайнае стаўленне ў тым ліку па даручэннях, за якія трэба хапацца рукамі і нагамі. Не яны мне прапануюць, а я ім: давайце праграму, паглядзім, як вам дапамагчы для таго, каб выратаваць вобласць. Цішыня!" - адзначыў Прэзідэнт.
"Размова павінна ісці пра перспектывы, таму што сумны стан. Дрэнная сітуацыя, нават горшая, чым я мог сабе гэта ўявіць", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка даручыў прадставіць яму ў бліжэйшы час прапановы, мерапрыемствы, якія неабходна ажыццявіць у рэгіёне, каб утрымаць людзей, і тых, якія тут нарадзіліся, стварыўшы ім добрыя ўмовы, і тых, якія едуць у Беларусь з Украіны, Расіі.
"Зразумела, што гэту жорсткую палітыку трэба і ў абласных цэнтрах праводзіць, і ў Мінску. Не трэба там замацоўваць людзей. Добра, у Мінску мы абмежавалі будаўніцтва жылля і прынялі іншыя рашэнні. Людзі пачнуць цяпер матацца па вобласці і шукаць работу, так, як ва ўсім свеце. Прыедуць сюды - што вы ім прапануеце? Прапанаваць няма чаго, адны размовы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Падкрэсліваю: калі вы хочаце працаваць, калі ласка, напружвайце і напружвайце сваіх падначаленых. Працуйце па максімуму. А ніякага максімуму няма! - сказаў Прэзідэнт. - Бойка навучыліся дакладваць!"
"Культура земляробства вельмі дрэнная! Нідзе горш у Беларусі няма, чым тут. Але гэта для мяне роздум, як далей будзем жыць і працаваць і з кім у гэтай вобласці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Падкрэсліваю: у вас не засталося часу для таго, каб пакласці на стол комплекс мерапрыемстваў, каб выцягнуць вобласць і ў тым ліку гэты ўвесь рэгіён з таго балота, у якім ён знаходзіцца. Гэта цудоўныя землі, цудоўная тэрыторыя, цудоўная прырода, тут заўсёды жылі людзі і выраблялі вялікую колькасць прадукцыі", - сказаў Прэзідэнт.
"Уражанні ў мяне ад таго, што я ўбачыў, засмучальныя! Гэтак справа не пойдзе! Таму пачынайце дзейнічаць! Пакуль удумлівай мэтанакіраванай работы няма! Хутчэй трэба разгортвацца. Пакуль я не магу быць задаволены тым, што тут адбываецца. Абсалютна!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Затым адбылася размова Прэзідэнта з мясцовымі жыхарамі. Ён растлумачыў, чаму прыехаў у Клімавіцкі раён і як плануецца развіваць паўднёвы ўсход Магілёўшчыны - пачынаючы ад Хоцімска і завяршаючы Краснаполлем, калі па дыяганалі прайсці, уключаючы Крычаў, Клімавічы. Ён сказаў, што пакуль не бачыць аддачы ад укладзеных у развіццё рэгіёна сродкаў. "Нам трэба падцягваць гэту прыгожую частку Беларусі да самага высокага ўзроўню", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
У Кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, якой ён бачыць дапамогу беларусаў для жыхароў суседняй Украіны.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што літаральна ў гэтыя месяцы ў Беларусь прыехалі 4,5 тыс. чалавек, з іх амаль 2 тыс. з Украіны. "Гэта самае страшнае, калі людзі кідаюць наседжанае месца і разам з дзецьмі вымушаны бегчы. Добра, мы іх прымаем. А куды дзявацца людзям?" - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што, выступаючы з Пасланнем у парламенце, гаварыў, што "Украіну сёння характарызуе не тое, што там людзі адурэлі, яны ашалелыя, яны не ведаюць, што адбываецца". "Ім інтэграцыю прапануе Еўрасаюз, федэралізацыю Расія, яны не разумеюць, у чым сутнасць. Там ідзе барацьба паміж дзвюма сіламі з аднаго і другога боку, а людзі трапілі ў гэту валакіту, у гэты кацёл. Простыя, вось такія людзі, як вы, і не ведаюць, што рабіць", - адзначыў Прэзідэнт.
"Адны клічуць на барыкады, другім даюць зброю: ідзі страляй. У каго страляй? Вакол свае людзі, свае браты!" - сказаў беларускі лідар.
"І вось адурэлыя ад усіх гэтых нас, палітыкаў, людзі пачынаюць бегчы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што не можа забараніць уезд у краіну, аднак у Беларусі глядзяць, што за людзі едуць. "Калі сем'ямі, то зразумела. Але можа ж хлынуць і крымінал сюды. У нас і так яго хапае, ледзь спраўляемся з гэтым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сітуацыя ва Украіне вельмі сур'езная, дайшло да стральбы. Ён адзначыў, што напярэдадні размаўляў з Аляксандрам Турчынавым. "Заклапочанасць вельмі вялікая. І яны, вядома, крыўдзяцца на націск звонку, кажуць, што ўнутры справіліся б, але ідзе адпаведны націск, ведаеце, ад каго", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі вельмі заклапочаны сітуацыяй ва Украіне. "І самае страшнае ж наперадзе", - лічыць кіраўнік дзяржавы. "Я сваруся на сваіх падначаленых, вашых начальнікаў, але яны ж варушацца, сеюць, таму што заўтра хлеб патрэбны, малако, мяса, а без таго, каб пасеяць, ты ж нічога не ўбярэш. Там сёння няма гэтага працэсу фактычна. Сям-там толькі пачалі пасяўную кампанію і ўжо яе ўпусцілі. А недзе наогул гэта немагчыма. І людзі не бачаць перспектывы: навошта сеяць? А заўтра есці што? А дзяцей чым карміць? Таму гэта галоўная праблема, і я Прэзідэнту (Украіны Аляксандру Турчынаву) учора сказаў: калі табе штосьці трэба, то ты кажы, таму што заўтра будзе позна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Ім дай бог перажыць прэзідэнцкія выбары 25 мая, якія яны плануюць правесці, хоць гэта наўрад ці стабілізуе там абстаноўку", - сказаў беларускі лідар.
"Вельмі цяжкая абстаноўка. Людзі нікому не вераць, яны не ведаюць, за кім ісці. Прэзідэнт збег, народ абабралі да ніткі жулікі і прайдзісветы, і сёння расцягваюць у сваіх інтарэсах, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму патрэбны чалавек, патрэбна група людзей, якія адкрыта, выразна сказалі б людзям: вось буду гэта рабіць, вось у гэтым напрамку пойдзем, дапамажыце, ідзіце. Людзі нікому не вераць, і правільна робяць, таму што не аднойчы іх падманвалі".
"Мы, вядома, не хочам лезці залішне ў гэтыя ўкраінскія праблемы, але гэта каля нашага парога. Таму я гэтак жа, як і вы, з болем гэта ўспрымаю, і ўчора Прэзідэнту сказаў: скажы сам, калі штосьці трэба ад Беларусі і чым я магу дапамагчы ў гэтым плане. Трэба будзе - здымі трубку, скажы, мы прыйдзем і дапаможам", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Але мы не хацелі б братазабойчай вайны ва Украіне і мы не хацелі б, каб ва Украіне гіблі людзі. Таму што гэта нашы людзі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Сітуацыя вельмі сур'ёзная, там трэба стабілізаваць абстаноўку. І Захаду, і Расіі трэба ўціхамірыцца і зразумець адно: мы ў вялікай адказнасці за гэты кавалак зямлі, таму што там жыве ўнікальны народ, нашы людзі, славяне. І мы ў адказнасці за гэты народ, за яго культуру і за яго развіццё. Нельга дзейнічаць на знішчэнне дзяржавы і гэтага народа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час размовы з людзьмі закраналіся пытанні далейшага развіцця Клімавіцкага раёна, Магілёўскай вобласці, у тым ліку ў сферах аховы здароўя і адукацыі. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што дзяржава прадоўжыць удзяляць першарадную ўвагу развіццю аховы здароўя - яна будзе выведзена на самы высокі ўзровень не толькі ў чарнобыльскім рэгіёне, але і ва ўсіх кутках краіны. Прэзідэнт канстатаваў, што дзяржава самыя вялікія сродкі ў гэту сферу ўклала менавіта ў чарнобыльскім рэгіёне. "Што датычыцца чарнобыльскага рэгіёна, не бачу асаблівых праблем. Калі трэба - дапаможам або ж на месцы будуць прыняты неабходныя рашэнні", - запэўніў Прэзідэнт.
Ён таксама расказаў, што ў Беларусі мадэрнізавана ўся сістэма аховы здароўя, пры гэтым найменшая ўвага была ўдзелена Мінску, але гэта праблема ў бліжэйшы перыяд будзе вырашана, і ўсё будзе прыведзена ў парадак.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ахове здароўя дзяржава і ў далейшым будзе ўдзяляць самую пільную ўвагу. "Мы аднавілі і адрэгулявалі сістэму ад раёнаў і абласцей да рэспубліканскіх клінік у Мінску. Калі трэба штосьці яшчэ, мы вывучым. Але нічога лішняга рабіць не будзем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што адукацыя і ахова здароўя - гэта адказнасць дзяржавы і гэтым напрамкам надаецца першараднае значэнне".
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які прысутнічаў на сустрэчы, падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ўвагу дзяржавы да ветэранаў. Закранаючы тэму Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Прэзідэнт адзначыў: "Мы можам горда, узняўшы галаву, глядзець любому прыстойнаму чалавеку ў вочы. У нас не лінчавалі, не калацілі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Мы іх бераглі, падтрымлівалі і цяпер падтрымліваем, іх нямнога засталося. Мы не знішчылі ніводны помнік - наадварот, стваралі і ствараем: да Дня Незалежнасці адкрыем новы музей Вялікай Айчыннай вайны. Ужо ў свеце ніхто гэтым не займаецца. Але моладзь павінна ведаць, што гэта наша перамога, і моладзь павінна ганарыцца, што менавіта нашы бацькі выратавалі Еўропу, якая сёння фанабэрыцца сваімі багаццямі. Не было б нашага подзвігу - не было б іх. Гэта вялікі наш здабытак, мы яго не павінны страціць".
На заканчэнне сустрэчы юныя жыхары Клімавіч падарылі Прэзідэнту арыгінальны падарунак і запрасілі яго наведаць Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка".