Адкрыццё гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна"

  • 3
  • 1:50

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні Дня незалежнасці прыняў удзел у адкрыцці гісторыка-культурнага комплексу Мінскага ўмацаванага раёна "Лінія Сталіна".

Беларусь, якая першая з рэспублік былога Савецкага Саюза прыняла на сябе ўдар гітлераўскіх войскаў і страціла ў Вялікай Айчыннай вайне кожнага трэцяга жыхара, свята ўшаноўвае памяць герояў.

Рашэнне аб утварэнні Мінскага умацаванага раёна было прынята ў 1932 годзе. Камандуючы войскамі Беларускай ваеннай акругі Еранім Убарэвіч прадставіў аператыўна-тактычны план умацаванага раёна. Ён быў зацверджаны народным камісарам абароны СССР у наступным выглядзе: абвод па лініі Акалова, Плешчаніцы, Жукаўка, Заслаўе, Койданава, Станькава ў складзе шасці батарэйных раёнаў па 19 збудаванняў, чатырох батальённых раёнаў па 15 збудаванняў і сямі асобных ротных раёнаў па 5 збудаванняў - усяго 209 збудаванняў.

Мінскі ўмацаваны раён да пачатку вайны ў чэрвені 1941 года знаходзіўся на кансервацыі, у ім дыслацыраваўся толькі адзін кулямётны батальён. Работы ва ўмацаваным раёне не былі завершаны, аднак у першыя дні вайны ён уяўляў сабой сур'ёзную перашкоду на шляху гітлераўцаў. Нягледзячы на недастачу узбраення і асабовага складу, Мінскі ўмацаваны раён аказаў ворагу жорсткае супраціўленне.

Гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна" створаны менш як за паўгода ў мэтах выканання ўказання Прэзідэнта аб захаванні гістарычнай спадчыны беларускага народа, звязанай з абаронай Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

У рамках цырымоніі адкрыцця Аляксандр Лукашэнка ўсклаў карзіну кветак да мемарыяльнай дошкі комплексу, агледзеў экспанаты музея пад адкрытым небам - узоры ваеннай тэхнікі і бронекаўпакі. Кіраўнік дзяржавы агледзеў доты, цёпла паразмаўляў з ветэранамі і ўдзельнікамі ўрачыстага мерапрыемства.

Чакалася, што ў гэты дзень у комплексе збяруцца каля 3 тыс. гледачоў, аднак рэальная лічба ў параўнанні з прагнозамі вырасла амаль утрая.

Наведвальнікам мемарыяла была паказана рэканструкцыя фрагментаў баявых дзеянняў Мінскага ўмацаванага раёна ў чэрвені 1941 года, вераломнага нападу фашыстаў на Савецкі Саюз, налёту варожай авіяцыі, адбіцця атакі ворага савецкімі салдатамі, дзеянняў беларускіх партызан, вызвалення Беларусі.

Цікава, што сярод удзельнікаў гэтай рэканструкцыі гістарычных падзей былі мясцовыя жыхары, ваеннаслужачыя, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што комплекс павінен развівацца і ў далейшым, каб стаць не толькі помнікам подзвігу савецкага народа, але і папулярным турыстычным цэнтрам. Неабходна, каб ён быў самаакупным, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.