Афіцыйны візіт у Рэспубліку Туркменістан

  • 4
  • 2:23

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27-29 красавіка зрабіў афіцыйны візіт у Рэспубліку Туркменістан, дзе правёў перагаворы з Прэзідэнтам гэтай краіны Гурбангулы Бердымухамедавым.

Беларусь гатова пашырыць спектр супрацоўніцтва з Туркменістанам. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Ашхабадзе з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў свайму калегу за канкрэтыку адносін і за цвёрдасць і мужчынскую салідарнасць. "Усё, аб чым мы дамаўляемся, выконваецца", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Мы гатовы шырэй супрацоўнічаць з Туркменістанам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вы пачынаеце развіваць рэальны сектар эканомікі. Вы разлічваеце, што Беларусь да гэтага працэсу падключыцца, і мы гатовы гэта зрабіць. Гэта нам выгадна".

Ён адзначыў, што ў складзе афіцыйнай дэлегацыі ў Туркменістане знаходзіцца шэраг міністраў, кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў. "Мы выкладзем усе нашы прапановы і гатовы даць на ўсе вашы пытанні адказы", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў Вы сказалі: Туркменістан - дружалюбная краіна і свой першы візіт пасля выбараў Вы павінны зрабіць у Туркменістан. Тады пажартавалі, а потым і пацвердзілі гэта. Я ехаў сюды, як да свайго сябра", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Туркменістана падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за тое, што ён прыняў запрашэнне наведаць Туркменістан. "У нас склалася вельмі добрая традыцыя, што мы актыўна ўзаемадзейнічаем на вышэйшым узроўні", - адзначыў ён. Гурбангулы Бердымухамедаў выказаў упэўненасць, што цяперашні візіт беларускага Прэзідэнта яшчэ больш актывізуе ўзаемаадносіны паміж краінамі. Ён таксама звярнуў увагу на плённую працу міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве.