Афіцыйны візіт у Рэспубліку Казахстан

  • 3
  • 3:57

Шэраг важных дамоўленасцей дасягнуты 18 мая ў Астане па выніках перагавораў прэзідэнтаў Беларусі і Казахстана Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева. Праведзеная сустрэча, паводле ацэнкі беларускага лідара, павінна стаць сігналам для актывізацыі ўсебаковага ўзаемадзеяння дзвюх краін.

У аэрапорце Астаны, адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка акрэсліў пералік тэм, на якіх прэзідэнты планавалі засяродзіць увагу. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, гэта пытанні пачынаючы з узаемных паставак прадукцыі, супрацоўніцтва ў нафтагазаввай сферы да інтэграцыі ў рамках ЕўрАзЭС, АЭП і зверкі пазіцый на міжнароднай арэне.

Сустрэча з Нурсултанам Назарбаевым у фармаце сам-насам адкрыла праграму знаходжання Аляксандра Лукашэнкі на казахстанскай зямлі. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі ўвесь комплекс двухбаковага супрацоўніцтва і вызначылі найбольш перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння.

Беларускі лідар канстатаваў, што ў апошнія гады ўзаемны тавараабарот стабільна расце. Разам з тым, паводле яго слоў, цяперашняе эканамічнае супрацоўніцтва на адпавядае існуючаму высокаму ўзроўню палітычнага дыялогу паміж Беларуссю і Казахстанам. Гэту думку падзяляе і Нурсултан Назарбаеў.

У 2004 годзе рост аб'ёму беларуска-казахстанскага тавараабароту ў параўнанні з 2003 годам склаў амаль 79%. За гэты ж перыяд у 2,6 раза павялічыліся пастаўкі беларускіх трактароў, у 4 разы - іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, у 1,5 раза - аўтамабіляў.

Паралельна з сустрэчай прэзідэнтаў члены дзяржаўнай дэлегацыі правялі перагаворы з кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў Казахстана. Па выніках прыняты шэраг дамоўленасцей у галіне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Адкрываючы сустрэчу ў пашыраным складзе, Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў пазітыўна ацанілі першы раўнд перагавораў.

"Мы паабяцалі, што будзем падтрымліваць адзін аднаго, чаго б гэта ні каштавала. Беларусь свае абавязацельствы выканае", - сказаў беларускі лідар.

Паводле ўзаемнай думкі прэзідэнтаў, нарошчванню двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва будзе ў многім садзейнічаць урэгуляванне з Расіяй пытанняў транзіту. Часта расходы на транспарціроўку складаюць палову кошту тавараў. Лідары Беларусі і Казахстана дамовіліся весці перагаворы па гэтай праблеме з Расійскай Федэрацыяй.

Падрабязна абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння ў сферы перапрацоўкі сыравіны, перш за ўсё нафты. Як было адзначана, Беларусь, якая мае магутныя мадэрнізаваныя нафтаперапрацоўчыя заводы, гатова прапанаваць паслугі казахстанскім нафтавым кампаніям, якія сёння пастаўляюць сырую нафту праз Беларусь у краіны Еўропы. "У мінулым годзе гэты паказчык склаў амаль 4 мільёны тон", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Выпушчаны сумесны прадукт можна затым выгадна рэалізаваць на еўрапейскім рынку.

Казахстан, які мае вялікія запасы нафты, у сваю чаргу, гатовы пастаўляць у нашу рэспубліку столькі гэтай сыравіны, колькі Беларусь можа прыняць.

Прэзідэнт Беларусі заявіў аб магчымасці акцыянавання некаторых прадпрыемстваў у нафтахімічнай сферы з удзелам казахстанскага боку.

Былі таксама адзначаны некаторыя складанасці ў пастаўцы казахстанскай нафты ў сувязі з транзітам праз тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, аднак Прэзідэнт Беларусі перакананы, што іх можна вырашыць.

Кіраўнік дзяржавы не выключыў, што ў бліжэйшы час гэта пытанне будзе абмяркоўвацца на сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана і Расіі.

"Мы вельмі зацікаўлены ў пастаўках у Беларусь энергарэсурсаў. Гэта датычыцца не толькі нафты, але і электраэнергіі, вугалю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь, хоць пакуль і ў невялікім аб'ёме, удзельнічае ў рэалізацыі казахстанскіх дзяржаўных праграм па будаўніцтве жылля і развіцці аграпрамысловага комплексу.

Нурсултан Назарбаеў запрасіў беларускіх партнёраў больш актыўна супрацоўнічаць у будаўнічай сферы. Казахстанскі рынак вельмі прывабны для беларускіх вытворцаў бетону, керамічнай пліткі, розных будматэрыялаў. Вялікую патрэбнасць Казахстан мае ў якаснай мэблі, і ў сувязі з гэтым адкрываюцца вялікія перспектывы для мэблевых фабрык Беларусі.

Казахстан сёння мае вострую патрэбу ў абнаўленні парку сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама велікагрузных аўтамабіляў, уключаючы кар'ерныя самазвалы. Паводле слоў Нурсултана Назарбаева, Казахстан зацікаўлены ў набыцці аўтамабільнай і трактарнай прадукцыі з Беларусі для сельскай гаспадаркі і горназдабыўной прамысловасці. У мінулым годзе наша рэспубліка паставіла ў Казахстан больш як 1350 трактароў. На гэтых перагаворах размова ішла аб магчымасці павелічэння экспарту да 5 тысяч адзінак у год.

Прэзідэнт Казахстана асабліва падкрэсліў намер стварыць у краіне зборачныя вытворчасці беларускай тэхнікі, а галоўнае, сеткі па яе сэрвіснаму абслугоўванні. Бакі маюць намер сканцэнтраваць намаганні на гэтым напрамку ў бягучым і будучым годзе. Таксама Нурсултан Назарбаеў адзначыў, што беларускім кампаніям у Казахстане могуць быць прадастаўлены значныя прэферэнцыі для вядзення бізнесу. Гэта перш за ўсё закране тыя суб'екты гаспадарання, якія прымуць удзел у рэалізацыі дзяржаўных праграм, у прыватнасці індустрыяльна-інвестыцыйнай.

Абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сферы і банкаўскім сектары. Казахстан зацікаўлены ва ўкладанні капіталаў у беларускую эканоміку.

Пазней у прысутнасці кіраўнікоў дзвюх дзяржаў былі падпісаны тры важныя двухбаковыя дакументы: два міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне развіцця паліўна-энергетычных комплексаў і сферы абароны інфармацыі, а таксама міжведамаснае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне фізкультуры і спорту.

Падводзячы вынікі шматгадзінных перагавораў, на сумеснай прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што па ўсіх існуючых праблемах бакі дасягнулі пэўных рашэнняў.

Кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі адзінства пазіцый у рамках рэгіянальных інтэграцыйных структур і міжнародных арганізацый.

Нурсултан Назарбаеў падкрэсліў, што абедзве дзяржавы прытрымліваюцца пазіцыі галоўнай ролі ААН у пытаннях вайны і міру на планеце.

"Мы вельмі цесна супрацоўнічаем з Казахстанам ва ўсіх рэгіянальных і міжнародных структурах. У нас няма нейкіх рознагалоссяў, закрытых тэм для супрацоўніцтва", - перакананы беларускі лідар.

Беларусь і Казахстан, якія ўдзельнічаюць у Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, намецілі шляхі  ўзаемадзеяння ў ваенна-тэхнічнай сферы. Як растлумачыў Аляксандр Лукашэнка, размова ідзе не проста аб "куплі-продажы", а аб развіцці ў дзвюх краінах вытворчасці канкурэнтаздольнай ваеннай тэхнікі, у тым ліку і для экспарту.

"Мы супрацоўнічаем як саюзнікі, як дружалюбныя дзяржавы. Перашкод гэтаму няма і быць не можа. Нашы грамадствы, палітыка стабільныя, і мы поўныя рашучасці развіваць супрацоўніцтва больш інтэнсіўна і энергічна", - падкрэсліў ён.

Адказваючы на пытанні журналістаў аб будучыні АЭП ва ўмовах, калі Украіна фактычна тарпедавала працэс фарміравання Адзінай эканамічнай прасторы, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці Беларусі прытрымлівацца дасягнутых дамоўленасцей і сумесна з Расіяй і Казахстанам прадоўжыць рэалізацыю гэтых ідэй. "Мы будзем дзейнічаць нават утраіх, калі гэта будзе ў інтарэсах нашых эканомік. Мы павінны на прыкладзе паказаць, што гэта выгадна, і тады да нас далучыцца не толькі Украіна, але і іншыя дзяржавы, якія разумеюць, што страціць агульны рынак - значыць страціць уласную эканоміку", сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Украіна пакуль выказала згоду толькі па 14 з 29 дакументаў па АЭП, якія плануецца прыняць у першачарговым парадку. "Але, як мяне праінфармаваў віцэ-прэм'ер, які курыруе Групу высокага ўзроўню, ва Украіне ёсць разуменне, што ад супрацоўніцтва ў АЭП будзе вельмі вялікая карысць. Магчыма, што ўкраінцы падтрымаюць і 29 пагадненняў. Калі не, тады што гаварыць пра АЭП у складзе "чатырох"?" - дадаў Прэзідэнт.

Нурсултан Назарбаеў падкрэсліў, што калі няўдзел Украіны будзе тармазіць працэс стварэння АЭП, то бакі маюць намер рухацца далей без яе.

Вечарам у гонар Аляксандра Лукашэнкі быў дадзены афіцыйны прыём ад імя Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.

19 мая кіраўнікі дзяржаў прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця новага будынка пасольства Беларусі ў Казахстане.