Афіцыйны візіт у Дзяржаву Катар
- 3
- 3:18
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15-16 жніўня зрабіў афіцыйны візіт у Дзяржаву Катар.
Беларусь мае намер надаць супрацоўніцтву з Катарам характар стратэгічнага партнёрства як у палітычнай, так і ў эканамічнай сферы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 жніўня ў ходзе сустрэчы з Эмірам Дзяржавы Катар шэйхам Хамадам бен Халіфой аль-Тані.
"Мы зноў пераканаліся ў гатоўнасці катарскіх партнёраў ісці нам насустрач, шукаць шляхі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У нас ужо ёсць пэўныя ўстаноўкі, але галоўнае - напрацоўкі, галоўнае - добрая воля, моцная дружба і ўзаемапавага, якія звязваюць нашы народы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час, на яго думку, "на жаль, эканамічнае ўзаемадзеянне пакуль адстае ад палітычнага, і мы зацікаўлены ў выраўноўванні гэтага дысбалансу".
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Беларусь і Катар могуць эфектыўна ўзаемадзейнічаць у сферах энергетыкі, нафтахіміі, транспарту, сувязі і тэлекамунікацый, будаўніцтва, вытворчасці прадуктаў харчавання і будматэрыялаў. На думку Прэзідэнта, прыцягненне інвестыцый і ведаў у гэтыя сектары эканомікі дасць магчымасць атрымаць найбольшы эфект.
Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў моцныя змяненні. Ён сказаў, што ўражаны тым прагрэсам, якога дабілася Дзяржава Катар з часу яго папярэдняга візіту ў гэту краіну. Аляксандр Лукашэнка таксама з задавальненнем адзначыў, што Катар застаецца апорай стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне.
У ходзе афіцыйнага візіту ў Дзяржаву Катар Прэзідэнт 16 жніўня наведаў Музей ісламскага мастацтва ў г.Доха.
Аляксандр Лукашэнка пакінуў тэкст запісу ў кнізе пачэсных гасцей музея. "Па-свойму ўнікальны Музей ісламскага мастацтва ўвасабляе спалучэнне лепшых элементаў гістарычнага мінулага і сучаснага, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. - Культурная спадчына мусульманскага свету, якая аказала вялікі ўплыў на фарміраванне арабскіх нацый, уражвае сваім багаццем і пышнасцю. Прыемна бачыць, што традыцыі і мастацтва папярэдніх пакаленняў так беражліва захоўваюцца і шануюцца ў сучаснай Дзяржаве Катар".
Прэзідэнт Беларусі таксама падарыў музею кнігу "Беларускі ісламскі свет" на беларускай, арабскай і англійскай мовах.