Зварот з нагоды Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

    Паважаныя суайчыннікі!

    Сёння ўся Беларусь успамінае трагічныя падзеі 22 чэрвеня 1941 года. На досвітку вайна вераломна ўварвалася ў наш дом, бязлітасна разбурыўшы лёсы, сем'і, гарады і вёскі.

    Больш як тры гады беларуская зямля літаральна стагнала ад зверстваў нацыстаў. У разбуральным пажары вайны загінуў кожны трэці жыхар краіны.

    Нечалавечая бязлітаснасць не зламала волю нашага народа. Абарона роднай зямлі з'яднала ўсё грамадзянскае насельніцтва рэспублікі ва ўсеагульным супраціўленні фашызму. Нашы дзяды і прадзеды зведалі катаванні і тэрор, але захавалі свае гонар і годнасць.

    Праз дзесяцігоддзі шчаслівага жыцця на планеце зноў склалася сітуацыя, калі тканіна мірнага часу вось-вось разарвецца. Чарговы няправільны крок цынічных заходніх палітыкаў можа стаць апошнім для большай часткі чалавецтва.

    Ведаючы не па чутках пра жахі вайны і цану перамогі, беларускі народ захоўвае гістарычную праўду, умацоўвае дзяржаўны суверэнітэт і адзінства нацыі ў імя міру на роднай зямлі.

    У гэты журботны дзень у гонар воінаў-вызваліцеляў і ўсіх загінулых, але няскораных схілім галовы ў мінуту маўчання.

    Аляксандр Лукашэнка