Наведванне Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску

  • 10

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 студзеня ў свята Раства Хрыстовага наведаў Свята-Духаў кафедральны сабор, дзе запаліў калядную свечку ля Мінскага абраза Божай Маці.

Кіраўніка дзяржавы сустрэў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У саборы таксама прысутнічалі прыхаджане, прадстаўнікі праваслаўных брацтваў і сястрыцтваў, навучэнцы нядзельнай школы.

"Я хачу, каб гэта свята прынесла вам мір, узаемаразуменне, дабрабыт. І самае галоўнае - здзяйсненне калі не ўсіх вашых жаданняў, то галоўных, связаных з вашымі роднымі, блізкімі, і асабліва дзецьмі, - пажадаў Аляксандр Лукашэнка. - Не прэтэндуючы на нейкую глабальнасць, хацеў бы звярнуцца да расіян, украінцаў, нашых беларусаў, грамадзян Беларусі, да нашых гасцей, ды і да ўсіх хрысціян з віншаваннямі ў гэты светлы і ўрачысты дзень".

Прэзідэнт перадаў у дар Беларускай праваслаўнай царкве абраз Божай Маці "Замілаванне", напісаны паводле ўзору маларыцкага абраза "Замілаванне" XV стагоддзя. Абраз выкананы ва ўнікальнай старажытнай тэхніцы васковай тэмперы.

У сваю чаргу мітрапаліт Павел падарыў Аляксандру Лукашэнку выяву Іверскага абраза Божай Маці, асвячоную на гары Афон.

"Хочацца пажадаць, каб Маці Божая ахоўвала наш народ, ахоўвала Вас - кіраўніка цудоўнай айчыны, дзяржавы, умацоўвала Вашы духоўныя і цялесныя сілы. Няхай Маці Божая ахоўвае Белую русь, увесь наш набожны народ. Каб ужо надышоўшы каляндарны год быў для ўсіх нас благаславенным, мірным і паспяховым. І, вядома, як Вы заўсёды падкрэсліваеце, шмат у чым гэта будзе залежаць ад нас. Будзем маліцца, працаваць - благаславенне Божае будзе з усімі намі", - пажадаў мітрапаліт Павел.

У час наведвання храма Аляксандр Лукашэнка заклікаў да адзінства паміж народамі і ўнутры царквы. "Ёсць нейкія пераборы ў плане таго, што трэба аддзяліцца, выдзеліцца, яшчэ нешта там. Ведаеце, жыццё ўсё расставіць на свае месцы. Ніколі не трэба бегчы наперадзе паравоза. Ніколі не трэба ставіць для вырашэння тыя пытанні, якіх сёння не існуе. Нам абсалютна не перашкаджае сёння тое, што мы з брацкімі народамі - расіянамі, украінцамі, іншымі народамі і народнасцямі, якія пражываюць у нашых дзяржавах, у лоне праваслаўя знаходзімся разам", - заявіў беларускі лідар.

"А тое, што сёння наспела, і тое, што трэба вырашаць у царкве, у дзяржаве, я гэта гаварыў на Сінодзе. Гэта нічога агульнага не мае з тым, што мы павінны сёння абавязкова парэзаць усё па жывым і раз'яднацца. Не трэба гэта рабіць. Трэба быць спакойнымі, вырашаць тыя задачы, якія сёння ёсць, і крыху глядзець наперад, - адзначыў Прэзідэнт. - Не трэба глядзець вельмі далёка. У адваротным выпадку мы можам дапусціць памылкі. У наш няпросты час гэта недапушчальна. І трэба быць вельмі акуратнымі для таго, каб сарыентавацца ў гэтым бурным і няпэўным свеце".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свята Раства Хрыстовага людзі звяртаюцца да вечных аб'яднальных каштоўнасцей. "Мы заўсёды гаворым аб дабрачыннасці, крыніцах духоўнай сілы. У гэтым храме я хацеў бы сказаць і аб такой каштоўнасці, як наша царква, аб нашых галоўных хрысціянскіх цэрквах. Менавіта яны заўсёды былі і, я спадзяюся, будуць у цэнтры гэтага яднання. Яны будуць галоўнай сілай, якая аб'ядноўвае народы, нацыю. У гэтым выпадку нас з вамі", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, беларуская ўлада ў асобе Праваслаўнай царквы мае вельмі добрага партнёра, саратніка ўсіх добрых ідэй у дзяржаве, як аднаўленне святынь, падтрымка сям'і, маральнасці, культурных каштоўнасцей. "Царква заўсёды падстаўляла сваё плячо нашаму народу. Больш таго, была ў эпіцэнтры ўсіх падзей, якія адносяцца да гэтых вялікіх каштоўнасцей", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным пастырскае слова ва ўмовах неразбярыхі ў сучасным свеце, дзе чалавеку часам вельмі складана сарыентавацца і зразумець працэсы, што адбываюцца вакол. "І наша царква, не пабаюся гэта без лішняй сціпласці заявіць, - гэта самая адказная царква ў свеце. Самая сумленная, самая шчырая, - адзначыў Прэзідэнт. - Наша царква ніколі не хлусіла свайму народу. Але трэба сказаць, што і мы не давалі падставы для таго, каб царква паводзіла сябе непрыгожа".

Царква і сітуацыя ў ёй заўсёды будуць залежаць ад саміх людзей. "Які наш народ, такая будзе і царква. Гэтак жа і ўлада. Гэта трэба заўсёды помніць. І Вы вельмі правільна сказалі, што год быў няпросты. Але будучы год, як і мінулы, будзе залежаць толькі ад нас", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дабрабыт і эканамічнае развіццё ў дзяржаве залежаць ад укладу кожнага жыхара краіны. "Спадзявайцеся на дзяржаву, але толькі ў тых пытаннях, якія дзяржава павінна вырашаць: бяспека, асноўныя напрамкі нашага развіцця. Словам, пастарайцеся зрабіць для сябе самі тое, што вы можаце зрабіць. Калі кожны звернецца да сябе і зробіць тое, што ён павінен зрабіць, дзяржава і ўлада ў даўгу не застануцца. Гэта я вам абяцаю", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што будзе рабіцца ўсё неабходнае, каб беларуская дзяржава з кожным годам станавілася мацнейшай, а значыць, заставалася ў будучым незалежнай.

"Я аб гэтым ужо гаварыў у навагоднім звароце. Адзінае, што мы павінны бачыць, і тое, чым мы павінны займацца, - гэта эканоміка. Калі толькі мы зробім хоць маленькі крок наперад у гэтай бурнай сусветнай крызіснай з'яве, гэта абавязкова паўплывае на дабрабыт нашага народа. Калі мы зробім гэты крок, гэта надасць нам упэўненасці. Таму я так настойліва патрабую ад урада, ад усіх узроўняў улады, каб мы прадметна займаліся гэтымі пытаннямі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што мінулы год быў няпростым, асабліва ва ўзаемаадносінах з бліжэйшымі суседзямі і партнёрамі. "Гэта не дазволіла нам (хоць крыху, праўда) выйсці на тыя запланаваныя рубяжы, на якія мы спадзяваліся. Але я думаю, гэта праблема ўлад. Яна вырашаемая", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы павінны разумець галоўную формулу нашых дзеянняў: мы нікому не дазволім зневажаць наш народ і дзяржаву. Гэта ляжыць у аснове. Калі нехта гэтага не разумее, тады нам няпроста будзе з імі не тое што будаваць адносіны, але і размаўляць, - заявіў Прэзідэнт. - Мы нікому не можам аддаць гэту зямлю і гэту дзяржаву. Яна нам дасталася ў няпростай гістарычнай рэчаіснасці. Адкрыта скажам, у барацьбе і войнах. Мы страцілі велізарную колькасць людзей, абараняючы нашу зямлю. Таму мы з такім хваляваннем, і я ў тым ліку, ставімся да гэтых праблем".

"Галоўнае для нас - забяспечыць стабільнасць. Усё астатняе мы знойдзем. Галоўнае - мір і спакой. Як толькі мы страсянём нашу Беларусь, нам мала не падасца. Тут ужо далёка за вопытам хадзіць не трэба (не трэба ісці на Блізкі Усход, у Афрыку, у Азію) - ля нашага парога яркі таго прыклад", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Мы ніколі не пойдзем па шляху канфрантацыі, стварэння цяжкасцей, нейкіх праблемных дадатковых пытанняў. Праблем і так хапае ў свеце. Мы заўсёды будзем стабільныя, адказныя, сумленныя, справядлівыя", - заявіў Прэзідэнт.

"Але вы павінны разумець, як кожны паасобку, так і я, узначальваючы беларускую дзяржаву, ніколі не дазволім кідаць камяні ў наш агарод і ў наш бок. У нас ёсць дзяржава - суверэнная, незалежная (падабаецца гэта камусьці, не падабаецца). Дарэчы, якая ідзе сваімі каранямі далёка ў гісторыю. І мы гэта цудоўна ведаем. І гэту дзяржаву трэба шанаваць, паважаць. Да нас трэба ставіцца так, як мы ставімся да сваіх суседзяў, да ўсіх дзяржаў свету", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт назваў галоўнай сваёй задачай берагчы зямлю, на якой жыве беларускі народ, абараняць дзяржаўнасць. "І я вельмі рады, што нага ў нагу, побач са мной, з усім народам ідзе наша царква", - дадаў ён.