Наведванне сярэдняй школы № 56 горада Мінска

  • 16
Беларуская сістэма адукацыі мае высокі рэйтынг у свеце, яна канкурэнтаздольная. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 31 жніўня, наведваючы сярэднюю школу № 56 горада Мінска.

Як адзначыў Прэзідэнт, сведчаннем высокага ўзроўню беларускай адукацыі служаць перамогі навучэнцаў і студэнтаў у міжнародных алімпіядах і конкурсах. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што з'явяцца дараванні, якімі будзе ганарыцца Беларусь.

"Не можа не радаваць і той факт, што ў гэтым годзе ў нашы школы пойдзе больш за 106 тыс. першакласнікаў - на 1,6 тыс. дзяцей больш, чым у мінулым годзе. Такое папаўненне невыпадкова. Гэта вынік пастаяннага клопату нашай дзяржавы і грамадства аб сем'ях, дзецях, іх здароўі, навучанні і выхаванні", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Першакласнікаў ён павіншаваў асабліва, паколькі для іх "гэты дзень - адна з самых памятных падзей, пачатак вялікага шляху да ведаў і першы этап сталення". Ён заклікаў педагогаў зрабіць усё неабходнае, каб дзеці былі акружаны клопатам і ўвагай. "Няхай першы навучальны год прынясе шмат цікавых адкрыццяў і новых ведаў", - пажадаў Прэзідэнт.

У Беларусі пастараліся зрабіць усё, каб 1 верасня стала сапраўдным святам для кожнага школьніка, педагога і бацькоў. Дзяржава накіравала на гэта вялікія бюджэтныя сродкі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "І мы лічым іх важнымі інвестыцыямі, фінансавымі ўкладаннямі ў будучае краіны, у новае пакаленне грамадзян, у тых, хто будзе як зрэнку вока берагчы і захоўваць нашу Айчыну, нашу краіну, нашу Беларусь. Наша галоўнае дасягненне і здабытак – чалавечы капітал. І на гэта грошай шкадаваць ні ў якім разе нельга", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Не абышоў увагай Прэзідэнт і праблемы беларускай адукацыі, вырашэннем якіх займаецца цяпер дзяржава. Размова, у прыватнасці, зайшла аб залішняй загружанасці школьнікаў дамашнімі заданнямі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння ўрад займаецца аптымізацыяй працэсу навучання. На думку Кіраўніка дзяржавы, неабходна зрабіць так, каб асноўныя веды дзеці атрымлівалі ў школе. "Не павінен вучань, адвучыўшыся 6-7 гадзін у школе, прыходзіць дадому і яшчэ 5-6 гадзін рыхтаваць дамашняе заданне. Паглядзіце, у каго мы ператвараем нашых дзяцей", - абурыўся Прэзідэнт. Дома вучань малодшых класаў павінен працаваць паўтары - максімум дзве гадзіны, старшакласнік - тры - тры з палавінай гадзіны, дзякуючы гэтаму дзеці стануць намнога здаравейшыя, упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў незадавальненне тым, як працуюць школы ў суботу. Гэты дзень не павінен быць выхадным, школьнікі павінны прысвячаць яго фізкультуры, урокам працоўнага навучання.  "Субота - ніяк не выхадны дзень, асабліва для калектыву школы. Гэта працоўнае навучанне і фізічная падрыхтоўка, фізкультура", - адзначыў Прэзідэнт. Ён прапанаваў выключыць лішнія гадзіны працоўнага навучання і фізкультуры з сеткі вучэбных заняткаў і перанесці іх на суботу. На такіх занятках школьнікі будуць атрымліваць жыццёва неабходныя веды.

"Пра спорт я ўжо не гавару, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Мы сёння згорбіўшыся амаль усе ходзім да дзясятага класа. Гэта хіба нармальна?!"

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, трэба яшчэ шмат зрабіць у плане ўдасканалення працэсу навучання не толькі ў школе, але і ў ВНУ. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка крытычна выказаўся аб якасці цяперашніх падручнікаў. Да канца наступнага года яны будуць прыстасаваны да сучасных патрабаванняў, без усялякіх празмернасцей. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі павінны зрабіць рашучы крок для ўдасканалення айчыннай сістэмы адукацыі. "У нас для гэтага ёсць усё: воля, жаданне і самае галоўнае ёсць спецыялісты, якія могуць вырашыць гэту задачу".

Школа № 56 павінна стаць своеасаблівым маяком і прыкладам у плане ўдасканалення работы з вучнямі. Неабходная матэрыяльна-тэхнічная база тут створана. Азнаёміўшыся з ёй, Прэзідэнт застаўся задаволены створанымі ўмовамі для навучання і выхавання. Кіраўнік дзяржавы наведаў клас, дзе будуць вучыцца першакласнікі, кабінет для навучання ігры на музычных інструментах. Ён праслухаў ігру на кларнеце аднаго са школьнікаў і пахваліў яго за добрае выступленне, пажадаўшы новых поспехаў. Прэзідэнт пабываў у спартыўных залах, басейне і сталовай, дзе пацікавіўся асартыментам страў і іх якасцю. Кіраўнік дзяржавы пакінуў таксама запіс у кнізе ганаровых гасцей.

Выходзячы са школы, Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з бацькамі і педагогамі. Ён сказаў, што ў школе ўсё арганізавана належным чынам для вучобы і развіцця дзяцей. Дзяржава будзе старацца і ў далейшым рабіць усё неабходнае для таго, каб школьнікі атрымлівалі добрую адукацыю, запэўніў Прэзідэнт. "Такіх школ павінна быць больш. У добры шлях!" - пажадаў Кіраўнік дзяржавы.