Наведванне Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

  • 4

Верхняя палата беларускага парламента займае важнейшае месца ў палітычнай сістэме краіны, выконваючы ролю своеасаблівага палітыка-прававога фільтра, калектыўнага эксперта прынятых дэпутатамі законапраектаў. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 кастрычніка на пасяджэнні першай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

Як адзначыў Прэзідэнт, у цяперашнім складзе верхняй палаты парламента прадстаўлены губернатары, старшыні выканкамаў, кіраўнікі і спецыялісты прамысловых, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, устаноў вышэйшай адукацыі, навуковыя работнікі, медыкі, вядомыя ў Беларусі прадпрымальнікі, палітыкі, грамадскія дзеячы. "У кожнага з вас за плячамі вопыт кіравання працоўнымі калектывамі, грамадскімі арганізацыямі і рэгіёнамі. І гэты вопыт будзе, безумоўна, карысны ў вашай заканатворчай дзейнасці", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да сенатараў.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Савеце Рэспублікі традыцыйна працуюць нямала жанчын, больш як 30 працэнтаў у цяперашнім складзе. На думку Прэзідэнта, гэта важны і добры знак таго, што жанчыны адыгрываюць актыўную ролю ў палітычным жыцці краіны.

Аляксандр Лукашэнка назваў сімвалічным, што новае скліканне Савета Рэспублікі пачынае сваю работу ў новым адрэстаўрыраваным будынку, у якім раней размяшчалася Нацыянальная бібліятэка. Да пачатку пасяджэння кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні яго даручэння па рэканструкцыі будынка. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з умовамі работы сенатараў, работнікаў сакратарыята Савета Рэспублікі, інфармацыйна-тэхнічным аснашчэннем.

"Гэта ўнікальнае збудаванне з'яўляецца помнікам архітэктуры і нашай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Пры яго рэканструкцыі выкарыстаны самыя сучасныя і ў асноўным айчынныя матэрыялы і тэхналогіі. Выкарыстоўваючы нестандартныя рашэнні, праекціроўшчыкі змаглі кардынальна змяніць унутраную планіроўку будынка, захаваўшы пры гэтым яго архітэктурна-мастацкі выгляд", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад сенатарамі.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў, што Савет Рэспублікі цяпер выдатна аснашчаны тэхнічна: "Сучасныя камп'ютарныя і тэлекамунікацыйныя сістэмы забяспечваюць добрыя ўмовы для вашай работы".

Прэзідэнт таксама прапанаваў зрабіць новы будынак Савета Рэспублікі даступным для ўсіх беларусаў і замежных гасцей: "Гэта нармальная сусветная практыка, калі любы чалавек можа прыйсці на экскурсію і паглядзець, як працуе вышэйшы заканадаўчы орган краіны".

"Савет Рэспублікі займае важнейшае месца ў палітычнай сістэме нашай дзяржавы. Не сакрэт, што некаторыя нашы нядобразычліўцы называюць Савет Рэспублікі быццам бы лішнім элементам або штучнай надбудовай у сістэме беларускай улады, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Аднак само жыццё паказала, што, толькі дзейнічаючы разам, абедзве нашы палаты стварылі эфектыўны парламент, які служыць народу і ахоўвае стабільнасць, мір і спакой у грамадстве".

"Больш таго, Савет Рэспублікі разам з Прэзідэнтам у самыя крытычныя моманты прымае самыя важныя рашэнні. Вы аб гэтым павінны памятаць. Гэтым усё сказана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў Прэзідэнт, Савет Рэспублікі выконвае ролю своеасаблівага палітыка-прававога фільтра, калектыўнага эксперта прынятых дэпутатамі законапраектаў. "Гэта выключна важная, можна сказаць, прынцыповая рэч", - адзначыў Прэзідэнт.

"Вы павінны, ідучы ад жыцця, ад практыкі, адказаць на пытанне - ці прынясе той або іншы закон рэальную карысць людзям і краіне, ці выканальны ён і ці не ператворыцца гэты закон проста ў добрыя пажаданні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Законы - вельмі сур'ёзная рэч. Кожны закон, калі ён не пусты, не выпусташаны, істотным чынам змяняе правілы ў той ці іншай сферы, а часам і ў грамадстве ў цэлым. Гэта заўсёды буйное, сістэмнае рашэнне, якое пасля, у выпадку памылкі, складана, а часам і немагчыма выправіць. Цана тут вельмі высокая", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Прыкласці закон да практыкі, прадугледзець глыбінныя, аддаленыя вынікі яго дзеяння - у гэтым якраз і заключаецца задача верняй палаты, у якую ўваходзяць людзі, якія адчуваюць пульс рэальнага, а не папяровага жыцця", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што цяпер у Палаце прадстаўнікоў рыхтуецца да разгляду амаль 50 праектаў законаў. "Таму ў работу давядзецца ўключацца з першага дня", - заўважыў Прэзідэнт

Сярод прыярытэтных напрамкаў заканатворчай дзейнасці Кіраўнік дзяржавы назваў эфектыўную эканоміку і сацыяльную палітыку. Новаму складу парламента таксама трэба будзе прадоўжыць работу па ратыфікацыі міжнародных дагавораў, заключаных у рамках Мытнага саюза і АЭП. 

Яшчэ адно важнейшае прызначэнне Савета Рэспублікі - сувязь з рэгіёнамі.

"Вы выбраны дэпутатамі мясцовых Саветаў і менавіта таму асабліва востра павінны адчуваць тое, як жывуць і развіваюцца вобласці, раёны, аграгарадкі, пасёлкі і вёскі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У сувязі з гэтым не магу не сказаць аб ключавой тэме - мясцовым, або тэрытарыяльным, самакіраванні. Думаю, нам пара тут рушыць наперад".

"Сітуацыя ў краіне ўжо даўно стабільная і кіруемая. Наша грамадства дастаткова пасталела для таго, каб развівацца далей, у тым ліку і ў плане стымулявання, падтрымкі мясцовай ініцыятывы грамадзян. Па сутнасці мясцовае самакіраванне - гэта і ёсць аснова дэмакратыі", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

"Вы, людзі, якія адказваюць за развіццё мясцовага самакіравання, кантралююць яго функцыянаванне, павінны ўнесці прапановы для таго, каб мы зрабілі пэўныя крокі ў напрамку ўдасканалення мясцовага самакіравання", - дадаў Прэзідэнт.

Таксама важная работа сенатараў у напрамку развіцця міжнародных сувязей і міжпарламенцкіх кантактаў. "Энергічныя і прадуманыя міжнародныя кантакты па парламенцкай лініі могуць і павінны даваць вялікую практычную аддачу і па папулярызацыі нашых тавараў, і па інвестыцыях, і па ўмацаванню іміджу Беларусі. Працуйце з тымі, хто паважае наш народ, прызнае наш суверэнітэт і гатовы выбудоўваць з намі адносіны на роўных, - сказаў Прэзідэнт. - А гэта большасць краін свету - і брацкая Расія, і вялікі Кітай, Індыя, высокаразвітыя ўсходнеазіяцкія дзяржавы, багатыя арабскія краіны, Венесуэла, уся Лацінская Амерыка і Афрыка".

Прэзідэнт адзначыў, што Савет Рэспублікі разам з абласнымі Саветамі мог бы ўнесці і вельмі істотны ўклад ва ўстанаўленне прамых сувязей паміж беларускімі абласцямі і суб'ектамі Расійскай Федэрацыі.

"Для актыўнага і плённага парламенцкага ўзаемадзеяння вельмі важныя вашы асабістыя кантакты з замежнымі калегамі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Адзін з важнейшых напрамкаў вашай работы - узаемадзеянне з насельніцтвам. Парламентарыям трэба весці размову непасрэдна з людзьмі, прыслухоўвацца да меркавання грамадзян, улічваць іх жыццёвыя патрэбнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Работа сенатараў павінна быць бачна ў рэгіёнах. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі прадастаўляюць масу магчымасцей для яе асвятлення. Разам з дзяржаўнымі СМІ неабходна шырэй выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурсы".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на тое, што Савет Рэспублікі выконвае і самую шырокую кадравую ролю. "Хацеў бы, каб прысутныя тут губернатары памяталі, што гэта добрая падмога ў іх рабоце. Акрамя таго, што яны губернатары, яны надзелены вышэйшай дзяржаўнай заканадаўчай уладай".

"Самае галоўнае - кожны з прысутных тут павінен адчуваць сябе адказным за краіну і дабрабыт беларускага народа", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.