Наведванне РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава

  • 13

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 7 кастрычніка прыняў удзел у адкрыцці Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі і Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенезу. Яны створаны на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб перспектывах развіцця РНПЦ анкалогіі, а таксама дыягностыкі, прафілактыкі і тэрапіі анказахворванняў, дасягненнях сістэмы аховы здароўя ў цэлым, вытворчасці айчынных проціпухлінных прэпаратаў.

Прэзідэнт наведаў малекулярна-генетычную лабараторыю, якая адкрывае зусім новыя ўнікальныя магчымасці для дыягностыкі анказахворванняў. У лабараторыі шэсць дыягнастычных аддзяленняў для правядзення даследаванняў у галіне малекулярнай анкалогіі, тут вырабляюцца проціпухлінныя вакцыны, распрацоўваюцца новыя метады лячэння анкапацыентаў на аснове прымянення клетачных прадуктаў.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з аснашчэннем ПЭТ-цэнтра, пабываў у яго лабараторыях. Устаноўленае тут абсталяванне дае магчымасць праводзіць раннюю дыягностыку анкалагічных, неўралагічных і кардыялагічных захворванняў, назначаць дакладную схему лячэння, выбіраючы для кожнага пацыента лякарства, якое падыходзіць яму найлепш. Такім чынам Беларусь у ліку першых уступае ў век індывідуальнай, персаніфікаванай медыцыны.

Акрамя таго, Прэзідэнт сустрэўся з удзельнікамі рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Новыя тэхналогіі ў медыцыне", якая адбылася ў РНПЦ анкалогіі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў важнасць такіх мерапрыемстваў, на якіх спецыялісты адкрыта выказваюцца аб існуючых праблемах галіны. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што, сустракаючыся з удзельнікамі канферэнцыі, ставіў сабе за мэту пачуць іх ацэнкі стану сістэмы аховы здароўя, яе перспектыў. Ён лічыць, што гэтай сферы, як і адукацыі, дзяржава будзе ўдзяляць першачарговую ўвагу.

На думку Прэзідэнта, у краіне трэба прадоўжыць укараненне прынцыпова новых падыходаў да дыягностыкі і лячэння захворванняў. "Задача адна - не спыняцца на дасягнутым", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён высока ацаніў укаранёныя ў РНПЦ анкалогіі сучасныя тэхналогіі, ПЭТ-цэнтр і малекулярна-генетычную лабараторыю канцэрагенезу, што адкрыліся тут. Аналагаў ім няма ў многіх суседніх краін. Але, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, пабудаваць і аснасціць цэнтр - гэта паўсправы, галоўнае - людзі. "Для мяне важна было паглядзець на тых, хто тут працуе. Не важна, хто гэта - спецыялісты саліднага ўзросту або моладзь, галоўнае, каб мазгі мелі і маглі працаваць. Я тут убачыў моладзь, у якой блішчаць вочы і якая ўжо ўмее працаваць. Гэта наша будучыня, і гэта значыць, што грошы ўкладзены не дарэмна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі за апошнюю пяцігодку ў ахову здароўя ўкладзены вялікія сродкі, таму павінна быць эфектыўная іх аддача. Ён нагадаў, што на дзяржаўным узроўні былі прыняты сур'ёзныя меры для паляпшэння якасці работы медыцынскіх устаноў, пачынаючы ад сельскіх ФАПаў, участковых, раённых бальніц да рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Створаны самыя сучасныя аперацыйныя і рэанімацыйныя аддзяленні ў бальніцах, усе неабходныя ўмовы для дзейнасці рэспубліканскіх НПЦ. Здароўе і жыццё людзей - гэта самае каштоўнае. 

Прэзідэнт таксама сказаў, што плануецца сур'ёзна праінспектаваць работу медыцынскіх устаноў, каб у цэлым праверыць узровень медыцынскай дапамогі, што аказваецца.

Ахова здароўя - тая галіна, якой у Беларусі ўдзяляецца прыярытэтная ўвага, таму ёсць і добрыя вынікі. У верасні Аляксандр Лукашэнка з трыбуны Генасамблеі ААН гаварыў аб дасягненнях беларускіх медыкаў, у тым ліку адносна скарачэння дзіцячай і мацярынскай смяротнасці. Па многіх паказчыках беларуская ахова здароўя знаходзіцца на перадавых пазіцыях. Можна сказаць, што ахова здароўя мае і палітычны складнік, паколькі замежныя бізнесмены, бачачы дасягненні Беларусі, пачынаюць ісці сюды са сваімі інвестыцыямі і бізнесам.

У час канферэнцыі яе ўдзельнікі паставілі перад дзяржавай пытанне перспектыў развіцця аховы здароўя, у прыватнасці стварэння ў Беларусі цэнтра па клетачных тэхналогіях. Прэзідэнт даручыў прапрацаваць магчымасць стварэння такога цэнтра. На яго думку, выбар правільнага шляху далейшага развіцця медыцыны вельмі важны і трэба максімальна канцэнтраваць веды і вопыт, у тым ліку замежны, каб рухацца наперад.

Напрамую з паспяховым развіццём аховы здароўя звязана кадравае пытанне, і асабліва прыцягненне маладых таленавітых спецыялістаў. А яны вельмі патрэбны ў асваенні новых тэхналогій. Таму цалкам лагічна, што медыкі паставілі пытанне будаўніцтва інтэрната для маладых спецыялістаў. Аляксандр Лукашэка паабяцаў разгледзець магчымасць такога будаўніцтва ў Бараўлянах, дзе і размешчаны РНПЦ, а таксама іншыя медыцынскія ўстановы.