Наведванне "Прэзідэнт-атэля" РУП "Атэль "Мінск"

  • 6

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 3 мая наведаў "Прэзідэнт-атэль" РУП "Атэль "Мінск".

Прэзідэнт, перарэзаўшы сімвалічную стужку, адкрыў гасцініцу.

Кіраўніка дзяржавы азнаёмілі з функцыянальнымі магчымасцямі "Прэзідэнт-атэля", арганізацыяй яго работы.

Аляксандр Лукашэнка агледзеў некалькі нумароў гасцініцы, кангрэс-хол "Мінск", залу пасяджэнняў, басейн, рэстараны, іншыя памяшканні. Прэзідэнт падрабязна пацікавіўся якасцю работ па рэканструкцыі гасцініцы, тэрмінам акупнасці.

Адзінаццаціпавярховы будынак "Прэзідэнт-атэля" быў узведзены на месцы гасцінічнага корпуса "Кастрычніцкая". Работы былі пачаты ў студзені 2011 года, заказчыкам рэканструкцыі выступіла рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Атэль "Мінск", генеральнай падраднай арганізацыяй - турэцкая кампанія. Фінансаванне ажыццёўлена за кошт крэдытных сродкаў, прадастаўленых экспартным крэдытным банкам Турцыі "Цюрк Эксімбанк" (85 працэнтаў ад агульнай сумы затрат) і ААТ "Ашчадны банк "Беларусбанк" (15 працэнтаў).

Як далажылі Прэзідэнту, цяпер гасцініца можа размясціць у два разы больш пастаяльцаў, чым ранейшая. Тут створаны ўсе ўмовы як для адпачынку, так і для правядзення розных афіцыйных, дзелавых мерапрыемстваў. "Прэзідэнт-атэль" дае магчымасць праводзіць у ім на высокім дзяржаўным узроўні мерапрыемствы па прыёму і абслугоўванню афіцыйных дэлегацый замежных краін, міжнародных арганізацый і дзелавых колаў, якія наведваюць Беларусь. У гасцініцы ёсць кангрэс-хол на 600 месц, пяць канферэнц-залаў на 136 месц і дзве vip-залы на 105 месц, аснашчаных мультымедыйнымі стэрэа- і канферэнц-сістэмамі, абсталяваннем для сінхроннага перакладу і правядзення відэаканферэнцый. У гасцініцы ёсць таксама тры рэстараны на 460 пасадачных месц, пяць бараў і чатыры банкетныя залы. Акрамя таго, у дадатковых карпусах размешчаны SPA і фітнес-цэнтры з плавальнымі басейнамі і саўнамі, начны клуб, падземны паркінг.

"Добрая, прыстойная гасцініца", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць больш хуткага ўстаранення некаторых будаўнічых недапрацовак.

Кіраўнік дзяржавы таксама пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. "У самым сэрцы Мінска вырас унікальны пяцізоркавы гасцінічны комплекс, які спалучае еўрапейскі камфорт з традыцыямі беларускай гасціннасці і ўтульнасці. Тут створаны ўсе ўмовы для зручнага пражывання гасцей нашай краіны, правядзення важных дзелавых сустрэч і перагавораў", - гаворыцца ў запісе. "Упэўнены, што калектыў вашай гасцініцы зробіць усё для таго, каб "Прэзідэнт-атэль" адпавядаў сваёй назве, стаў адной з адметных мясцін сталіцы, заваяваў міжнародны аўтарытэт і прызнанне. Няхай кожны, хто паселіцца ў новай гасцініцы, адчувае сябе ў гэтых цудоўных сценах, як дома, і з задавальненнем прыязджае сюды зноў і зноў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.