Наведванне Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі
- 12
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка чакае ад беларускіх спартсменаў выступлення на Алімпіядзе-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра на ўзроўні, адэкватным укладзеным сілам і сродкам. Аб гэтым ён заявіў 22 верасня ў час наведвання Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.
"Не так, як на апошніх чэмпіянатах свету па веславанні акадэмічным, лёгкай атлетыцы або ж плаванні. Гэта наогул катастрофа, самыя медальныя віды спорту - мы там проста боўтаемся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што маючыя адбыцца летнія Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра будуць сур'ёзным экзаменам для кожнага атлета і трэнера, для ўсёй спартыўнай галіны.
"Цяпер у нас у гэтай сферы робіцца фактычна ўсё, што патрабуецца. Нам вельмі не проста даецца кожны рубель, які мы туды накіроўваем. Таму беларускі народ мае права разлічваць на належную аддачу", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што чакае ад спартсменаў заваяванняў хаця б такой колькасці медалёў, якая была на папярэдніх буйных стартах. "І вы гэта зрабіць можаце. Таму рыхтуйцеся вельмі сур'ёзна, - сказаў беларускі лідар. - Мы за вас за ўсіх перажываем. Таму не аддавайце сваё!"
"Інакш што гэта за барацьба, калі вы выходзіце на дыван, загадзя прайграўшы паядынак?" - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў бліжэйшы час на яго ўзроўні будзе праведзены шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных абмеркаванню праблем у спартыўнай галіне.
"Вашы абавязацельствы - добра выступіць на Алімпіядзе. Калі нешта трэба - гаварыце загадзя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы пабудавалі шмат спартыўных аб'ектаў, і яны павінны быць задзейнічаны для таго, каб ад гэтага была карысць".
Звяртаючыся да спартсменаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што іх перамогі - прадмет асаблівага гонару беларускага народа. "Пра беларусаў цяпер гавораць як пра маладую, спартыўную нацыю, якая дынамічна развіваецца. Гэта пытанне не толькі іміджу дзяржавы, але і яе будучыні", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, беларускі спорт уносіць істотны ўклад у пашырэнне нацыянальных інтарэсаў у знешняй палітыцы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што поспехі ў спартыўнай сферы прыметна садзейнічаюць пазнавальнасці Беларусі, пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва. "Сёння гавораць: спорт па-за палітыкай. Спорт - гэта самая вялікая палітыка", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, то некаторыя вялікія спартсмены, выступаючы ў сродках масавай інфармацыі, скардзяцца, што на іх аказваецца залішні націск грамадскасці. Кіраўнік дзяржавы заклікаў спартсменаў адэкватна ўспрымаць гэта. "На любога спартсмена заўсёды аказваўся націск, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вы вялікія, вы выступаеце сярод роўных".
"Калі вы, дасягнуўшы такой вышыні, трапляеце пад крытыку ў сродках масавай інфармацыі, ну што ж, цярпіце і пераадольвайце гэты націск. На вас націскаюць не таму, што вы дрэнныя, а таму, што вашы перамогі - гэта больш, чым палітыка", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што спартсмены такога ўзроўню моцна "ўманціраваны ў палітыку", "з гэтага пачынаецца ўвесь дыялог на самым высокім узроўні". Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ніколі не шкадавалі грошай на развіццё спорту, таму і патрабаванне да спартсменаў адпаведнае. "Трэба прывыкнуць да крытыкі. Калі не будзе крытыкі, альтэрнатывы, гэтага націску, то не будзе рэзультату", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што аўтарытэт беларускага спорту ў сусветнай алімпійскай сям'і выключна высокі. Ён адзначыў, што менавіта таму ў свой час прынята рашэнне, што НАК Беларусі павінен атрымаць штаб-кватэру, якая адпавядае свайму статусу. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што будынак аснашчаны па апошнім слове тэхнікі і гатовы прымаць афіцыйныя мерапрыемствы самага высокага ўзроўню.
"Але мы будавалі штаб-кватэру не толькі і не столькі для гасцей. Гэта ваш дом, дзверы якога павінны быць адкрыты для ўсіх спартсменаў, і не толькі спартсменаў. Гэта не павінна быць месца, куды будуць прыходзіць людзі, каб паахкаць і павохкаць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, комплекс можа прымаць мерапрыемствы, што праводзяцца з удзелам дзяцей і для дзяцей. У гэтым выпадку яны павінны праходзіць бясплатна. "Што датычыцца федэрацый, то яны не павінны блукаць па горадзе ў пошуках месца для мерапрыемстваў за вялікія грошы. Тут месца для іх правядзення за сімвалічную цану", - дадаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы з задавальненнем заўважыў, што здаровы лад жыцця і рэгулярныя заняткі спортам усё больш становяцца прывычнымі для жыхароў краіны.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў заяўку Нацыянальнага алімпійскага камітэта на ўдзел у XXXI летніх Алімпійскіх гульнях.
Старт Алімпіядзе будзе дадзены менш як праз год, і тут выступяць лепшыя беларускія прадстаўнікі ў летніх відах спорту, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Гэта будзе вельмі сур'ёзны экзамен для кожнага атлета і трэнера, для ўсёй спартыўнай галіны, - сказаў Прэзідэнт. - Кожны спартсмен і трэнер павінен разумець, што заваяванне медаля - гэта не толькі яго асабістыя памкненні. Уся краіна з асаблівым хваляваннем, з заміраннем сэрца будзе сачыць за выступленнем нашай каманды".
"Нельга забываць, што спорт - гэта дух нацыі, а паспяховае выступленне на міжнародных спаборніцтвах - гэта велізарны прэстыж дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
![]()
Кіраўнік дзяржавы пажадаў алімпійцам яркіх перамог і дастойна прадставіць Беларусь на сусветнай арэне, прымножыўшы яе славу. "Мы верым у вас, мы шчыра спадзяёмся, што майстэрства, мэтанакіраванасць дадуць магчымасць пакарыць алімпійскія вяршыні", - адзначыў Прэзідэнт.
Акрамя таго, сёння Прэзідэнт пакінуў запіс у Кнізе пачэсных гасцей штаб-кватэры НАК Беларусі і разам са славутымі спартсменамі высадзіў алімпійскую алею. У мерапрыемстве прынялі ўдзел чэмпіёны і прызёры гульняў. Кіраўнік дзяржавы нефармальна паразмаўляў са спартсменамі і трэнерамі.