Наведванне гарадскога дома-інтэрната для ветэранаў вайны і працы "Cвітанак"

  • 9
  • 3:27
У Беларусі на працягу трох гадоў павінна быць канчаткова сфарміравана сістэма абароны і падтрымкі пажылых людзей. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 5 студзеня ў час наведвання гарадскога дома-інтэрната для ветэранаў вайны і працы "Світанак" у пасёлку Траскоўшчына Мінскага раёна.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб выкананні яго даручэнняў па развіцці сістэмы сацыяльнага абслугоўвання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Абарона інтарэсаў гэтай катэгорыі насельніцтва з'яўляецца адным з асноўных прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў Беларусі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што жыццёвыя сітуацыі ў людзей бываюць розныя, але дзяржава ў любым выпадку павінна абараняць інтарэсы старых і інвалідаў. "Ёсць старыя, якіх ніхто не даглядае, незалежна ад наяўнасці дзяцей. Ёсць дзеці, няма дзяцей - іх ніхто не даглядае. Наша задача - гэтых старых забяспечыць. Бо чалавек павінен правесці сваю старасць як мае быць, дастойна. Трэба, каб старыя жылі ў нармальных умовах, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У некаторых ёсць дзеці, але старыя ідуць да нас, мы іх бяром на абслугоўванне. У некаторых засталася ўласнасць, у асноўным кватэры. Напрыклад, чалавек аддае кватэру дзецям або камусьці іншаму, калі няма дзяцей".

Пры гэтым Прэзідэнт закрануў тэму рэнты, калі дзяржава бярэ на сябе поўны клопат аб адзінокіх старых. "Мы павінны клапаціцца аб старых, з іх згоды забіраем уласнасць і перадаём у распараджэнне дзяржавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў меркаванне, што трэба правесці адпаведную рэвізію. "Але зрабіць гэта трэба нефармальна, разам з мясцовымі органамі ўлады, - удакладніў Кіраўнік дзяржавы. - Спытаць трэба і ў людзей, якія тут жывуць, яны раскажуць".

Бо ёсць сітуацыі, калі старыя знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах, а сваю кватэру камусьці аддалі. Сустракаюцца выпадкі з так званымі чорнымі рыэлтарамі. "Гэтых чорных рыэлтараў трэба адправіць куды належыць, на дзяржзабеспячэнне, толькі з іншымі формамі ўтрымання", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў навесці належны парадак у гэтым пытанні, а таксама выявіць выпадкі, калі кватэры ў пажылых людзей фактычна адабралі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна дакладна вызначыць схему - як утрымліваць старых, якія ў гэтым маюць патрэбу, у вёсцы і ў горадзе, і хто будзе гэтым займацца.

"Правядзіце рэвізію і паглядзіце, ці ёсць у нас такія людзі, у якіх адабралі жыллё, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Калі чалавеку нармальна растлумачыць, ён, вядома ж, дзяржаве аддасць кватэру, і безумоўна, павінен быць адпаведны дзяржаўны клопат аб пажылых людзях. Ніякія ўласнікі гэту праблему не вырашаць так, як вырашыць яе дзяржава".

Міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна таксама выказала меркаванне, што клопат аб старых павінен заставацца ў руках дзяржавы. Паводле яе слоў, калі, напрыклад, здзелка аб адчужэнні ўласнасці праведзена на працягу трох гадоў, то размова можа ісці толькі аб платным утрыманні пажылых людзей. Яна таксама прапанавала павялічыць гэты тэрмін да пяці гадоў як мінімум.

Прэзідэнту расказалі аб тым, што дом-інтэрнат "Світанак" быў адкрыты на базе рэканструяванага ў 2004-2010 гадах санаторыя. Тут жывуць 92 чалавекі, у тым ліку - 3 інваліды-калясачнікі, 18 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, 52 ветэраны працы. Іх сярэдні ўзрост - 81 год. На поўным дзяржзабеспячэнні знаходзяцца 47 чалавек, на платных умовах - 35 чалавек (маюць працаздольных членаў сям'і), 10 чалавек пражываюць на ўмовах пажыццёвага ўтрымання (рэнты). Усім ім прадастаўляюцца адна- або двухмесны пакоі з асобнымі санвузламі, ваннай, створана безбар'ернае асяроддзе.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з умовамі пражывання і быту ветэранаў, а таксама вельмі цёпла і душэўна пагутарыў з імі. Жанчыны атрымалі ў падарунак ад Прэзідэнта беларускія пуховыя хусткі, мужчыны - зімовыя шалі.

У час чаяпіцця Аляксандр Лукашэнка выслухаў кожнага з прысутных ветэранаў, пацікавіўся праблемамі. Як расказалі ветэраны, тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для камфортнага жыцця і правядзення вольнага часу. У гутарцы Кіраўнік дзяржавы цікавіўся ў ветэранаў іх меркаваннем па розных пытаннях. Як аказалася, пажылыя людзі ў курсе ўсіх падзей, што адбываюцца ў краіне і свеце, яны сочаць за палітыкай.

Ветэраны падзякавалі Кіраўніку краіны за падтрымку, што аказваецца на дзяржаўным узроўні. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што дзяржава і ў далейшым будзе ўдзяляць першарадную ўвагу пажылым людзям і інвалідам.