Наведванне Дзяржаўнага мытнага камітэта

  • 7
Мытная служба Беларусі прызначана стаць адным з ключавых элементаў эканамічнай бяспекі дзяржавы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 3 красавіка Дзяржаўны мытны камітэт.

Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклады аб дзейнасці мытных органаў, шляхах выканання пастаўленых перад імі задач. У 2014 годзе ДМК выканаў планавае заданне па зборы мытных плацяжоў у бюджэт на больш як 103%, што склала каля Br45 трлн.

Прэзідэнт азнаёміўся з работай інфармацыйна-вылічальнага цэнтра мытных органаў, мытнай лабараторыі, а таксама з выстаўкай сродкаў мытнага кантролю пры надглядзе тавараў. Як праінфармавалі Аляксандра Лукашэнку, дзякуючы ўкараненню сучасных тэхналогій наладжана ўзаемадзеянне з мытнымі органамі краін ЕАЭС з выкарыстаннем інтэграванай сеткі перадачы інфармацыі.

Асаблівая ўвага была ўдзелена тэме падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў мытных органаў. Прэзідэнт запатрабаваў выпрацаваць дакладную сістэму падбору кандыдатаў - будучых спецыялістаў мытнага ведамства для навучання іх у ВНУ і наступнага замацавання ў мытных органах.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы заявіў аб недапушчальнасці льготнага мытнага рэжыму для ўвозімых да нас з-за мяжы тавараў, якія таксама выпускаюцца ў нашай краіне.

Затым Аляксандр Лукашэнка выступіў перад кіруючым складам Дзяржаўнага мытнага камітэта. Прэзідэнт растлумачыў, што пры назначэнні новага старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта ў 2014 годзе была дамоўленасць правесці такую сустрэчу і абмеркаваць асноўныя напрамкі работы з улікам таго, што ў сучасных умовах ад мытнай службы патрабуецца больш, чым стандартнае выкананне сваіх задач і функцый.

"Адкрытая і арыентаваная на экспарт беларуская эканоміка знаходзіцца сёння пад уздзеяннем рэзкага негатыўнага змянення знешняга эканамічнага асяроддзя, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - У гэтай вельмі няпростай сітуацыі мытная служба прызначана стаць адным з ключавых элементаў эканамічнай бяспекі дзяржавы, гарантуючы пры гэтым высокую ступень кантролю і актыўна процідзейнічаючы трансгранічнай злачыннасці. Выконваючы такую адказную функцыю, мытнікі павінны паказаць прыклад непадкупнасці, вернасці службоваму абавязку і берагчы гонар мундзіра".

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб выяўленай карупцыйнай схеме ў дзейнасці Ашмянскай мытні, лічачы такія факты недапушчальнымі.

"Часта карупцыйная ржа раз'ядае і вашы рады. Зусім нядаўна быў раскрыты абуральны выпадак. Камітэт дзяржбяспекі разам з іншымі праваахоўнымі органамі выявіў, што ў Ашмянскай мытні ў злачынную дзейнасць быў уцягнуты ледзь не ўвесь асабовы склад мытнага паста "Каменны Лог", - сказаў Прэзідэнт. - Крымінальная схема дзейнічала доўгі тэрмін. Фігурантамі з'яўляюцца амаль 20 службовых асоб, агульны злачынны прыбытак вылічаецца мільёнамі долараў".   

Кіраўнік дзяржавы задаў пытанне: "Чаму пры наяўнасці вопытнага цэнтральнага апарату, сістэмы падбору, падрыхтоўкі, расстаноўкі кадраў, усіх службаў унутрыведамаснага кантролю, уласнай бяспекі ў вас пад бокам сфарміравалася такая банда? Я запатрабаваў прынцыпова разабрацца ў рамках крымінальнай справы, хто гэта ўсё арганізаваў і хто да гэтага мае дачыненне".

Прэзідэнт запатрабаваў, каб нанесены краіне ўрон быў кампенсаваны не проста ў поўным, а ў 3-5-разовым памеры.

Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка Дзяржаўнага мытнага камітэта, падкрэсліў, што самае галоўнае - стварыць атмасферу нецярпімасці да такіх праяў. "Трэба сфарміраваць усвядомленае разуменне кожным супрацоўнікам - факт хабарніцтва, няхай нават адзінкавы, дыскрэдытуе ўсю мытную службу ў вачах грамадскасці, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І маральны ўрон ад карупцыі нельга змераць ніякімі грашамі. Выпальваць гэта зло будзем гарачым жалезам. Мы ні з чым не лічымся, змагаючыся з гэтай заразай".

Прэзідэнт асобна закрануў тэму работы з кадрамі. "Сёння ў дзяржаве прымаюцца рашучыя меры па ўмацаванні выканальніцкай дысцыпліны. Самым сур'ёзным чынам павышаецца патрабаванне з кіраўнікоў за вынікі працы, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба прадоўжыць бязлітасную барацьбу з карупцыйнымі праявамі ва ўласных радах. Сітуацыя ў Ашмянскай мытні паказала, што намечаная ў апошнія гады станоўчая тэндэнцыя да скарачэння колькасці злачынстваў, якія ўчыняюцца супрацоўнікамі мытных органаў, відаць, расслабіла кіраўніцтва мытняў і камітэта". "Пільнасць у гэтых пытаннях павінна быць неаслабнай і пастаяннай", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што міжнародная абстаноўка патрабуе прыняцця дадатковых сістэмных мер па актывізацыі знешняга гандлю. Як лічыць Прэзідэнт, гэтаму павінна служыць удасканаленне мытнага кантролю, спагнання плацяжоў, прымянення забарон і абмежаванняў адносна тавараў, што перамяшчаюцца праз граніцу.

"Дзейнасць мытных органаў павінна быць накіравана на павышэнне эфектыўнасці функцыянавання тавараправодных сетак, абарону ўнутранага спажывецкага рынку, аптымізацыю ўмоў для нарошчвання экспарту і прытоку капіталу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што патэнцыял мытнай службы выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў: "У цяперашніх умовах вашу работу трэба ўзнімаць на якасна новы ўзровень. Трэба больш эфектыўна задзейнічаць мытныя органы для развіцця нашай эканомікі, адстойвання нацыянальных інтарэсаў, падтрымкі айчынных таваравытворцаў".
 
"Адной з найважнейшых задач сёння з'яўляецца павелічэнне экспарту за кошт яго дыверсіфікацыі. Неабходна сарыентаваць таварныя патокі на новыя перспектыўныя рынкі без страты ўжо існуючых, эфектыўна выкарыстоўваць перавагі ад удзелу ў працэсах рэгіянальнай і глабальнай інтэграцыі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, нягледзячы на тое, што больш цесныя эканамічныя сувязі ў Беларусі традыцыйна існуюць з Расіяй, тавараабарот паміж дзвюма краінамі знізіўся.

"Нам неабходна развіваць усходні напрамак, у прыватнасці актывізаваць удзел у праекце нашага стратэгічнага партнёра Кітая "Эканамічны пояс "Шаўковы шлях". Пашырэнню экспарту павінны паслужыць дамоўленасці аб фарміраванні зон свабоднага гандлю з дзяржавамі Асацыяцыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перакананы, што ў мытнай службы ёсць рэзервы для паляпшэння работы па напаўняльнасці бюджэту. Адзін з іх - аптымізацыя льгот па мытных плацяжах, якія непасрэдна ўплываюць на напаўненне даходнай часткі дзяржаўнага бюджэту.

"У мінулым годзе вы правялі дэталёвы аналіз прадастаўлення суб'ектам гаспадарання льгот па мытных плацяжах, - адзначыў Прэзідэнт. - Нягледзячы на тое, што ў цэлым аб'ём прадастаўлення льгот знізіўся на Br3 трлн, памер ільгатавання розных эканамічных суб'ектаў па падатку на дабаўленую вартасць вырас і склаў да 80 працэнтаў ад усіх сум мытных ільгот. Прычым, за рэдкім выключэннем, ніхто прадметна не адсочвае работу гэтых суб'ектаў".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мытнаму ведамству неабходна больш настойліва адстойваць ва ўрадзе сваё меркаванне і мінімізаваць прэваліраванне льгот над рэальнымі эканамічнымі эфектамі. Адпаведнае даручэнне дадзена Савету Міністраў.

Прэзідэнт Беларусі ставіць задачу павышэння інвестыцыйнай і транзітнай прывабнасці дзяржавы. "Для паспяховага вырашэння гэтай найважнейшай задачы асаблівую значнасць мае заканадаўства, якое рэалізуе прынцып свабоды транзіту, выгаднае геаграфічнае становішча, развітая сетка аўтамабільных дарог і чыгунак, пагранічная і лагістычная інфраструктура, канкурэнтныя тарыфы, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - І яшчэ важны бяспека і хуткасць апрацоўкі грузаў. Вось у гэтым ваша галоўнае поле дзейнасці. Транзіт пачынаецца з граніцы".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што пакуль, на жаль, выкарыстаны не ўсе магчымасці ў рамках міжнароднай інтэграцыі. У першую чаргу размова ідзе аб рэалізацыі транзітнага патэнцыялу краіны. У мінулым годзе ўпершыню з 2009 года адбылося зніжэнне аб'ёму транзіту праз Беларусь. Як лічыць Прэзідэнт, у многім гэта абумоўлена вядомымі негатыўнымі з'явамі ў сусветнай эканоміцы і парушэннем балансу бяспекі ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне. "Аднак нават нязначнае зніжэнне павінна быць успрынята як трывожны сігнал, які патрабуе неадкладных і сістэмных мер", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у цяперашняй сітуацыі для атрымання выгады ад геаграфічнага становішча найбольш актуальным становіцца стварэнне якасна новых умоў для паляпшэння беларускага транзіту. З гэтай мэтай трэба прыцягваць інвестыцыі для рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў па стварэнні сучасных лагістычных цэнтраў. Адкрыццё аднаго з іх Аляксандр Лукашэнка наведаў у лістападзе 2013 года і тады паставіў задачу ў поўным аб'ёме выканаць Праграму па развіцці лагістычнай сістэмы Беларусі на перыяд да 2015 года. "Гэты перспектыўны напрамак трэба ўсяляк падтрымліваць", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, дасягнуты ў Беларусі ўзровень прадастаўлення мытных паслуг дае магчымасць выходзіць на стварэнне для тавараў "віртуальных граніц". Кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэта стане магчыма за кошт атрымання інфармацыі аб тавары да яго прыбыцця, выбыцця ў асобных выпадках - і да загрузкі на транспартны сродак.

"Але ў любым выпадку садзейнічанне знешнеэканамічнай дзейнасці нашых прадпрыемстваў і транзіту з боку мытнай службы ў першую чаргу звязваецца са спрашчэннем адміністравання, змяншэннем колькасці мытных дакументаў, поўнамаштабным укараненнем электроннага дакументаабароту, скарачэннем часу афармлення і вартасных выдаткаў. Тым больш з улікам прадэманстраванага вамі ўзроўню развіцця інфармацыйна-тэлекамунікацыйных тэхналогій", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт асобна спыніўся на пытаннях развіцця мытнай інфраструктуры. Ён падкрэсліў, што ў час наведвання ім ДМК у 1994 годзе гэта ведамства размяшчалася ў пад'ездзе жылога дома па Партызанскім праспекце. Большасць пунктаў пропуску на граніцы ўяўлялі сабой жалезныя вагончыкі ў чыстым полі. Зарплата мытніка ледзь перавышала $15. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, цяпер мытныя органы працуюць у дастойных умовах, і для таго, каб сітуацыя змянілася карэнным чынам, укладзены немалыя сродкі.

"Сфарміравана цэласная архітэктура аўтадарожных пунктаў пропуску, якая дае магчымасць забяспечваць інтэнсіўнае перамяшчэнне транспарту. Іх прапускная здольнасць нарошчваецца на праграмнай аснове, у тым ліку за кошт прыцягнення сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Тым не менш чэргі на граніцы перыядычна выстройваюцца. І інфармацыя аб гэтым паступае перыядычна да Прэзідэнта. Аператыўна вырашаць такія пытанні неабходна як праз эфектыўнае ўзаемадзеянне з сумежным бокам, так і шляхам удасканалення ўсіх этапаў дзейнасці мытных органаў. Пара ўводзіць сістэму электроннай чаргі. Калі гэта вырашае праблему, то гэта трэба неадкладна зрабіць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

З мэтай канцэнтрацыі намаганняў на галоўных задачах і вызвалення мытных органаў ад выканання неўласцівых ім функцый у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта ўрадам спланавана паэтапная перадача аўтадарожных пунктаў пропуску мясцовым выканаўчым органам упраўлення. "Гэту работу трэба правесці аператыўна", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, акрамя добраўпарадкавання інфраструктуры пунктаў пропуску неабходна прымаць і іншыя меры для паскарэння таварапатокаў праз граніцу.

У Беларусі нямала зроблена па ўдасканаленні мытнага кантролю на граніцы, лічыць Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння. Укараненне ў практыку сістэмы кіравання рызыкамі, электроннага дэкларавання, папярэдняга інфармавання вядзе да скарачэння часу на правядзенне мытных аперацый непасрэдна на граніцы. Разам з выкарыстаннем бескантактнага метаду кантролю за перамяшчаемымі таварамі з дапамогай мабільных сканіруючых установак усё гэта дазваляе забяспечваць высокую ступень кантролю і павялічваць прапускную здольнасць пунктаў пропуску.

Паводле слоў Прэзідэнта, набыты за год вопыт па правядзенні аўтамабільнага і дакументарнага санітарна-каранціннага кантролю паказвае, што мытныя органы здольны эфектыўна выконваць прынятыя на сябе новыя кантрольныя функцыі.

"Паводле вашых дакладаў, у мытнай службы ёсць жаданне рэалізаваць такія праекты, як "каардынацыя кіравання на граніцы", "адно акно". У цэлым я падтрымліваю вашы ініцыятывы. Але гэта трэба зрабіць хутка, наколькі магчыма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Закранаючы тэму барацьбы са злачыннасцю на граніцы, Кіраўнік дзяржавы заўважыў: на працягу апошніх гадоў адзначаецца ўстойлівы рост выяўленых злачынстваў і іншых правапарушэнняў у мытнай сферы. "Але колькасць тут не галоўнае, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - У першую чаргу неабходна выяўляць кантрабандныя і іншыя пагрозы, якія могуць нанесці сур'ёзны ўрон галінам эканомікі нашай краіны".

Зыходзячы з асаблівай значнасці гэтай праблемы, мытным органам неабходна сканцэнтравацца на выяўленні каналаў паступлення ў Беларусь наркатычных сродкаў і псіхатропных прэпаратаў, у тым ліку так званых спайсаў. Дзейнічаць трэба ў супрацоўніцтве з органамі ўнутраных спраў і дзяржбяспекі, лічыць Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, ва ўмовах інтэнсіўнага таваратранспартнага патоку трэба задзейнічаць увесь існуючы патэнцыял тэхнічных сродкаў, актыўней прымяняць кіналагічную службу.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Дзяржаўным мытным камітэце сфарміраваўся прафесіянальны, зладжаны калектыў. Важна не толькі не страціць, але і далей развіваць гэты рэсурс. Асноўнымі крытэрыямі пры назначэнні павінны быць высокія прафесійныя якасці, крыштальная сумленнасць, кампетэнтнасць і адказнасць службовых асоб, запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.