Аляксандр Лукашэнка наведаў дрэваапрацоўчае прадпрыемства ААТ “Івацэвічдрэў”

    Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада ў час рабочай паездкі ў Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці раскрытыкаваў тэмпы работ па мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі.

    "Я праверу ўсе прадпрыемствы. Тое, што вы правалілі гэту работу па розных прычынах, больш суб'ектыўных, і мы тры-чатыры разы пераносілі тэрміны, – гэта факт. Бо беспарадак у ведамстве (канцэрне "Беллеспаперапрам"). Так не працуюць. Таму я яшчэ буду думаць, як з вамі ў гэтым плане разбірацца", – падкрэсліў Прэзідэнт.

    "Тое, што будаўнікі вельмі дрэнна працуюць, гэта вы ўжо самі разбярыцеся ва Урадзе разам з усёй будаўнічай галіной, – запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. – Мне гэтыя вашы казкі і пераконванні абсалютна не патрэбны. Пачынайце працаваць. І тут будаўнікі правалілі".

    "Майце на ўвазе, у мяне на кантролі ўсе пытанні і даручэнні, і я іх за будучы год асабіста пракантралюю. Гэта першая строгая размова. Далей я вас угаворваць не буду. Прыйшоў, убачыў, што не так, значыць, збірайцеся і адразу куды-небудзь ідзіце. Майце на ўвазе, ні на якую камерцыйную фірму вы не паступіце: будаўнік – пойдзе замешваць цэмент, паперу ўмееш рабіць – будзеш стаяць каля станка", – падкрэсліў Прэзідэнт.

    "Таму я вам раю ўзяцца за справу і вырваць усе гэтыя аб'ёмы", – запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

    Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ёсць факты неналежнага захоўвання дарагога абсталявання, якое набывалася да ўводу ў строй вытворчых памяшканняў: "Не дай бог, я ўбачу, што вы купілі абсталяванне, а яно ляжыць пад адкрытым небам".

    У Івацэвічах Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ "Івацэвічдрэў", дзе рэалізаваны інвестыцыйны праект па стварэнню сучаснай вытворчасці драўнянастружкавых і ламініраваных пліт магутнасцю 250 тыс.куб.м за год. Гэта дасць магчымасць нарасціць пастаўкі на экспарт і павысіць выручку ад рэалізацыі прадукцыі. Вытворчы працэс поўнасцю аўтаматызаваны, а сама лінія адпавядае самым высокім сусветным стандартам. На стварэнне новай вытворчасці пайшло амаль 158 млн. еўра, у тым ліку крэдыты банкаў, уласныя сродкі прадпрыемства, бюджэтныя рэсурсы.

    Аляксандр Лукашэнка актыўна цікавіўся тэхналагічным працэсам вытворчасці, агледзеў тэрыторыю прадпрыемства. Размова таксама ішла аб магчымасці арганізацыі на ААТ "Івацэвічдрэў" мэблевай вытворчасці, на якой будзе выкарыстоўвацца вырабленая прадукцыя. Да гэтага праекта плануецца падключыць і фабрыку ў Ружанах, на якой пасля мадэрнізацыі будуць вырабляцца некаторыя камплектуючыя для мэблі. Новая мэблевая вытворчасць можа пачаць працаваць праз два гады.

    Попыт на прадукцыю дрэваапрацоўкі на знешніх рынках вялікі, аднак канкурэнцыя з кожным годам толькі ўзрастае. Аналагічныя вытворчасці ствараюцца і ў іншых краінах, у тым ліку ў Расіі. Таму важна першымі заняць рынкі збыту і выкарыстаць канкурэнтныя перавагі.

    Інвестыцыйныя праекты і мадэрнізацыя ажыццяўляюцца яшчэ на васьмі прадпрыемствах канцэрна "Беллеспаперапрам". Гэта ААТ "Барысаўдрэў", ААТ "Віцебскдрэў", ААТ "Гомельдрэў", ААТ "Мастоўдрэў", ААТ "Рэчыцадрэў", ААТ "Магілёўдрэў", ААТ "ФанДАК" і РУП "Мазырскі ДАК". Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, прычыны зацягвання тэрмінаў рэалізацыі інвестпраектаў у асноўным адны і тыя ж. Спачатку амаль 1,5-2 гады выбіралі, у каго купляць абсталяванне, якія выкарыстоўваць тэхналогіі. Потым узнікла пытанне фінансавання, у тым ліку прыцягненне замежных крэдытных ліній, атрыманне гарантый Урада. З-за розных прычын зацягваліся тэрміны будаўніцтва. "Як можа кіраўнік прадпрыемства, міністр працаваць і не ведаць, які завод лепшы ў свеце. Як можна так працаваць?! – выказаў абурэнне Прэзідэнт. – Вы павінны ведаць усё самае лепшае і перадавое. Гэта проста адгаворкі, казкі. Якія паўтара-два гады. Гэта расхлябанасць і бязладнасць".

    Прэзідэнту былі прадстаўлены ўзоры прадукцыі, якая вырабляецца на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах. Аляксандр Лукашэнка дэталёва цікавіўся праблемамі і перспектывамі іх развіцця, а кожны з дырэктараў трымаў своеасаблівы экзамен перад Кіраўніком дзяржавы.

    Ёсць і іншыя ключавыя для развіцця галіны праекты, якія павінны быць рэалізаваны ў бліжэйшыя гады. Гэта будаўніцтва завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы магутнасцю 400 тыс.т за год на базе ААТ "Светлагорскі ЦКК", арганізацыя выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардону на Добрушскай папяровай фабрыцы "Герой працы", а таксама праект па стварэнню вытворчасці паперы-асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў на РУП "Завод газетнай паперы".

    "Нам трэба дыверсіфікаваць эканоміку. Мы сёння працуем на сыравіне дзядзькі з-за мяжы, а трэба на сваёй сыравіне працаваць. Лес – гэта наша багацце. Таму мы мадэрнізуем гэтыя прадпрыемствы", – падкрэсліў Прэзідэнт.

    "Я вельмі незадаволены работай Урада па мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў і раю навесці на старых прадпрыемствах парадак", – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Яшчэ па дарозе на прадпрыемства Кіраўнік дзяржавы агледзеў з верталёта тэрыторыю старога завода ААТ "Івацэвічдрэў", які размешчаны непадалёк. Нават з паветра Прэзідэнт разгледзеў там шматлікія прыклады безгаспадарчасці. Таму пасля наведвання новага цэха ён адышоў ад запланаванай праграмы і накіраваўся на стары завод, дзе знайшоў крайнюю ступень беспарадку ў многіх вытворчых і бытавых памяшканнях. Усюды былі раскіданы вытворчыя адходы, смецце, у некаторых памяшканнях было выбіта шкло, не выконваліся элементарныя правілы бяспекі працы.

    Размаўляючы з работнікамі гэтага прадпрыемства, якія спыталі, што будзе ў далейшым з іх заводам, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Магу дакладна сказаць, такога завода, як цяпер, які месцамі ў сметнік ператварыўся, у вас не будзе. І гэта зробіце вы, магчыма, з новым дырэктарам. Трэба заўтра ва Урадзе разгледзець пытанне – Уладзіміра Шульгу накіраваць сюды дырэктарам завода, пакуль не навядзе парадак. А старога (Барыса Міхнюка) мы звольнім з заўтрашняга дня, бо так ніхто не працуе".

    "Прынцып такі: калі да мяне не ўбачылі падначаленыя, значыць, ім тут рабіць няма чаго. Пачнём з вашага дырэктара і міністра (старшыні канцэрна "Беллеспаперапрам")", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ў існуючым беспарадку ёсць і віна саміх работнікаў прадпрыемства: "І вы вінаваты, і вы тут наведзяце парадак. У адваротным выпадку я гэты завод закрыю. Не хачу, каб, як у Пінску, узарваўся цэх і загінулі тры-чатыры дзясяткі чалавек. А пасля я буду вінаваты. Я гэтага больш не дапушчу. А ў вас перадвыбуховая сітуацыя – стаіць салярка з маслам уперамешку, насыпана куча апілак – яны як порах гараць. А што робіцца ў вашых бытоўках..."

    "Таму гэта вы вінаваты, перш за ўсё. А следам за вамі вінаваты дырэктар, які кожны дзень, не ён, дык яго намеснікі, галоўны інжынер, разам павінны хадзіць і глядзець. Гэта ўсё работа кіраўніка. Я быў дырэктарам і ведаю: пакуль дырэктар не прыйдзе, не паглядзіць або не пашле каго-небудзь, там парадку не будзе", – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

    Адзін з маладых работнікаў прадпрыемства спытаў у Прэзідэнта аб магчымасцях дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што высокія працэнтныя стаўкі па крэдытах абумоўлены тым, што банкі таксама пад высокі працэнт прыцягваюць грошы насельніцтва і прадпрыемстваў. Існуе таксама льготная чарга на жыллё, дзе працэнтныя стаўкі па крэдытах значна ніжэйшыя, але гэта таксама кладзецца дадатковай нагрузкай на бюджэт. "Гэта значыць, трэба падаткі ў некага ўзяць. Вось у чым праблема. Так, раней было шмат шалёных, танных крэдытаў. Мы дакрэдытаваліся да таго, што давялося дэвальваваць нацыянальную валюту. Я не хачу, каб гэта паўтарылася", – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што дзяржава і ў далейшым будзе падтрымліваць асобныя катэгорыі грамадзян у пытаннях набыцця жылля, і асабліва гэта датычыцца шматдзетных сем'яў.

    "Будзе больш грошай – мы больш прафінансуем тых, хто нараджае траіх ці больш дзяцей. Гэта перш за ўсё", – заявіў Кіраўнік дзяржавы.

    Як далажыла мясцовае кіраўніцтва, у прыватнасці, па Івацэвіцкім раёне, тэрмін чакання па льготнай чарзе складае не больш як 2-3 гады.

    Гаворачы ў цэлым аб шляхах павышэння дабрабыту жыхароў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на развіцці экспартаарыентаваных прадпрыемстваў, завязаных на мясцовую сыравіну. "Трэба зарабляць, больш вырабляць і прадаваць на экспарт".

    Адной з тэм рабочай паездкі Аляксандра Лукашэнкі таксама стала сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну. Кіраўнік дзяржавы ўказаў кіраўніцтву вобласці на недапрацоўкі па дасягненню прагнознага росту валавога рэгіянальнага прадукту.

    Разам з тым, ёсць і станоўчыя тэндэнцыі. Як далажыў Канстанцін Сумар, па выніках года ў Брэсцкай вобласці будзе дадатнае сальда знешняга гандлю. Брэстчына экспартуе сельскагаспадарчай прадукцыі на $1 млрд. Рэгіён таксама адзін з першых па мадэрнізацыі малочнатаварных ферм. Са 188 ужо ўведзены ў эксплуатацыю 97, астатнія знаходзяцца ў стадыі завяршэння.