Рабочая паездка ў Брэсцкую вобласць
- 1
Міністэрству энергетыкі неабходна сур'ёзным чынам актывізаваць вырашэнне застарэлых праблем галіны - невыкананне тэрмінаў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па мадэрнізацыі Беларускай энергетычнай сістэмы, нізкі ўзровень кантролю за мэтавым выкарыстаннем грашовых сродкаў. Вырашэнне гэтых праблем - адна з важнейшых умоў забеспячэння энергетычнай бяспекі Беларусі, зніжэння энергаёмістасці яе ВУП, стварэння справядлівай і празрыстай сістэмы фарміравання тарыфаў на электраэнергію для суб'ектаў гаспадарання і насельніцтва. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 жніўня, наведваючы Бярозаўскую ДРЭС.
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб выкананні яго даручэнняў па развіцці Беларускай энергетычнай сістэмы. Паводле слоў міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка, у выніку мадэрнізацыі Беларускай энергетычнай сістэмы эканомія газу склала 2,058 млрд куб.м, што эквівалентна эканоміі $650 млн. Паводле яго слоў, прынятыя меры даюць магчымасць з 2015 года штогод эканоміць 1,130 млрд куб.м газу, што эквівалентна $260 млн.
Уладзімір Патупчык адзначыў, што пры цане на газ у 1,7 раза вышэйшай, чым у Расіі, у Беларусі ёсць аднолькавы сабекошт па выпрацоўцы электрычнай і цеплавой энергіі. У той жа час тарыфы для рэальнага сектара эканомікі ў Беларусі вышэйшыя. Паводле слоў міністра, такая сітуацыя складваецца з-за перакрыжаванага субсідзіравання, у рамках якога тарыфы для насельніцтва ў 5 разоў ніжэйшыя, чым у Расіі. Уладзімір Патупчык звярнуў увагу на той факт, што ў 2014 годзе ў краіне ўпершыню за ўсю гісторыю пайшлі на зніжэнне тарыфаў для рэальнага сектара эканомікі. У бягучым годзе аб'ём перакрыжаванага субсідзіравання зменшыўся на $250 млн.
Прэзідэнт даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю кантраляваць фарміраванне тарыфаў на электраэнергію.
"Трэба ўважліва паглядзець, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да першага намесніка старшыні Камітэта дзяржкантролю Леаніда Анфімава, - у нас прывыклі: вось мы народ забяспечваем, таму ў нас дрэнна, рэальны сектар куляецца".
"Трэба сур'ёзна паглядзець і па іншых пытаннях", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Бярозаўская ДРЭС - адна з буйнейшых электрастанцый Беларусі, ажыццяўляе цеплазабеспячэнне прамысловых прадпрыемстваў і жыллёва-камунальнага сектара Белаазёрска. У склад станцыі ўваходзіць сем энергаблокаў. Першы энергаблок уведзены ў эксплуатацыю ў снежні 1961 года, сёмы - у сакавіку 2014. Для павышэння эфектыўнасці работы абсталявання ДРЭС на аснове парагазавых тэхналогій у 2003 годзе быў рэканструяваны блок нумар 4, у 2005-м - блок нумар 3.
Цяпер на Бярозаўскай ДРЭС прадаўжаецца рэканструкцыя энергаблока нумар 5, якая павінна была завяршыцца ў 2010 годзе. Праектам прадугледжана павелічэнне магутнасці энергаблока са 160 да 240 МВт. Як было даложана Прэзідэнту, не выканана яго даручэнне па ўводзе энергаблока ў прамысловую эксплуатацыю. У той жа час, паводле слоў спецыялістаў, блок працуе ідэальна і ў існуючых умовах выдае максімальную нагрузку 163 МВт.
Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ў самы кароткі тэрмін забяспечыць выхад энергаблока нумар 5 на праектную магутнасць.
"Калі вы блок запусцілі для таго, каб паказаць мне, што ён працуе, круціцца, і ён спыніцца, няважна па якіх прычынах, - крыўдуйце на сябе! Вы мне гэта ўжо нічым не растлумачыце! Таму што я ведаю ўсе хітраспляценні, якія рабіліся напярэдадні. Я ж сюды даўно планаваў прыехаць. Ну, а што ехаць, калі вы нічога не зрабілі? І вы толькі 3-5 дзён таму з нейкага 25-га разу змаглі запусціць гэты блок, гэту турбіну, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму я ў вас пытаюся: вы ўстаранілі ўсе недахопы?" Як запэўнілі Прэзідэнта, турбіна будзе працаваць і выйдзе на намінальную загрузку.
Аляксандр Лукашэнка даручыў актывізаваць расследаванне крымінальнай справы па Бярозаўскай ДРЭС.
"Крымінальную справу, калі яна ўзбуджана, актывізаваць максімальна! Там цяпер трэба саджаць вышэйшых, стрэлачнікі не патрэбны!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Крымінальная справа, якая ўзбуджана і раптам па незразумелых прычынах нехта пачаў яе хаваць або яна пачала затухаць, з сённяшняга дня будзе адноўлена па самых сур'ёзных стандартах, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Спагнанне будзе па поўнай. Гэта для таго, каб лічылі дзяржаўныя грошы. Таму што ўсе затраты кладуцца цяжарам на насельніцтва, у большай ступені на рэальны сектар эканомікі, гэта павелічэнне кошту электраэнергіі". Ён звярнуў увагу на тое, што, калі б работы па мадэрнізацыі энергаблока завяршыліся своечасова, не было б упушчанай выгады. Тут жа з'явіліся лішнія затраты на энергаблок у той час, як ён не дае прадукцыі. "Таму спагнанне будзе жалезабетоннае за гэта і нікому літасці не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Перш за ўсё, кіраўніцтва па вертыкалі, пачынаючы з прадпрыемства, былыя, не былыя - усіх знойдзем, і заканчваючы ўрадам", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Пазней, у час размовы з працоўным калектывам электрастанцыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прыехаў на ДРЭС пракантраляваць, ці запушчаны ў работу энергаблок нумар 5. "Я прыехаў для таго, каб пракантраляваць, як выканана маё даручэнне і чаму тут пачалі саджаць людзей за мадэрнізацыю пятага энергаблока. Што дзіўна: мадэрнізавалі два блокі, але па-рознаму. Пабудавалі кітайцы блок - здалі, рукі паціснулі, пытанняў, кажуць, няма. Расіяне з вамі разам тут мадэрнізавалі - куча праблем", - адзначыў Прэзідэнт.
![]()
"Кажуць, вельмі гарачая вада ў возеры, ахаладзіць не можаце, іншая пара і гэтак далей. Пачакаем, пакуль вада будзе патрэбнай для вас тэмпературы, не 26 градусаў, а 15 або 12, і зробім канчатковыя вывады", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. Што датычыцца неабходнасці далейшай мадэрнізацыі электрастанцыі, то свае заключэнні дадуць спецыялісты.
"Да кітайцаў пытанняў няма, праблем з імі няма - яны прыслалі сваіх спецыялістаў да прыезду Прэзідэнта. А прадстаўнікоў расійскага боку тут няма", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Кітайская машынабудаўнічая інжынірынгавая карпарацыя выступіла генеральным падрадчыкам комплекснага будаўніцтва "пад ключ" парагазавага энергаблока нумар 7. Узвядзенне аб'екта было пачата ў лютым 2011 года, і ўжо 1 лістапада 2013 года адбылося першае ўключэнне энергаблока ў сетку, акт уводу ў эксплуатацыю падпісаны ў сакавіку 2014 года.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кітайскім партнёрам за будаўніцтва аб'екта і выкананне абавязацельстваў і запрасіў іх да ўдзелу ў мадэрнізацыі іншых энергетычных аб'ектаў у Беларусі.
У час размовы з працоўным калектывам Бярозаўскай ДРЭС Прэзідэнт адказаў на пытанні, якія асабліва іх хвалявалі.
У першую чаргу размова зайшла аб павышэнні заработных плат настаўнікам. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што яны будуць паступова павышацца.
"Мы нікуды не дзенемся ад павышэння заработнай платы настаўнікам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што пэўныя меры прымаліся ўжо ў адносінах да работнікаў дзіцячых садоў. "Думаю, што гэтага наўрад ці будзе дастаткова. Але для гэтага патрэбны грошы ў бюджэце. Цяпер ідзе аптымізацыя ўсёй структуры адукацыі. Паглядзім, што ў нас атрымаецца. Плюс дабавім настаўнікам пасля гэтага", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка не стаў называць канкрэтныя лічбы, на якія будзе павышана зарплата, аднак запэўніў: "Па настаўніках будзем разбірацца і рухаць ім зарплату". "У бліжэйшы час, думаю, у верасні, вы пачуеце аб гэтым", - дадаў Прэзідэнт.
Размова ішла таксама аб працаўладкаванні беспрацоўных жанчын Белаазёрска. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу кіраўніцтву горада, каб да канца года гэта праблема была вырашана.
Прэзідэнт спыніўся таксама на пытанні магчымай сустрэчы кіраўнікоў мытнай тройкі з лідарам Украіны.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прэзідэнты Беларусі, Расіі і Казахстана гатовы правесці ў Мінску сустрэчу з Пятром Парашэнкам для абмеркавання актуальных пытанняў.
"Ёсць такая ідэя, паколькі ўзнікае мноства пытанняў", - адзначыў беларускі лідар. Па-першае, у сувязі з падпісаннем Украінай Дагавора аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. "Мы вельмі насцярожаны гэтым і баімся, каб тавары з Еўрасаюза па нулявой пошліне праз Украіну не пайшлі ў Беларусь, Расію і Казахстан і не задушылі нашы эканомікі. Гэта зразумела, гэта апасенні любой дзяржавы. Таму мы за гэта вельмі перажываем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Па-другое, у сувязі з увядзеннем Расіяй эмбарга на пастаўкі некаторых тавараў у Расійскую Федэрацыю стварылася іншая сітуацыя, і нам было б вельмі важна ў Мытным саюзе абмеркаваць гэту, другую праблему", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Я сказаў сваім калегам: давайце прапануем Пятру Парашэнку, няхай далучаецца да абмеркавання гэтых праблем і іншых, якія ёсць ва Украіне, калі ён гэтага жадае, абмяркуем гэтыя пытанні, іх усё роўна не абмінуць. Для Украіны яны вельмі важныя, таму што Расія паціху закрывае пастаўкі з Украіны некаторых тавараў. Вось нядаўна прагучала пытанне ўжо аб алкаголі, яшчэ раней - малако, мясная прадукцыя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён расказаў, што напярэдадні двойчы размаўляў і з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, і з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, якія не супраць сустрэчы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён абмяркоўваў гэту праблему і з Пятром Парашэнкам.
"Усе не адмаўляюць, усе гатовы прыехаць у Мінск. Выказаліся нават за тое, каб нейкі іншы бок, дапусцім, Еўрапейскі саюз, ЗША, калі яны зацікаўлены ў нармалізацыі сітуацыі - эканамічнай, ваеннай і палітычнай, - давайце сядзем у Мінску і пагаворым. Мы нікога не адхіляем. Гэта агульная пазіцыя трох прэзідэнтаў Еўразійскага эканамічнага саюза", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. "Чакаем. Захоча Украіна абмяркоўваць гэтыя пытанні - калі ласка, будзем іх абмяркоўваць у прысутнасці каго хочаце", - дадаў беларускі лідар.
Ён яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што ёсць адзінства трох прэзідэнтаў Еўразійскага эканамічнага саюза, цяпер рашэнне за Украінай. "Прыме яна рашэнне абмяркоўваць гэтыя праблемы - сустрэнемся, абмяркуем, не прыме - гэта яе права", - сказаў беларускі лідар.
![]()